05.11.2015 / 19:22

Капліцу XIX стагоддзя ў Віцебску знясуць, бо няма грошай на яе рамонт 21

Будынак былой каталіцкай капліцы (№25/4 па вуліцы Урыцкага ў Віцебску), пабудаванай у 1859 годзе, знясуць, бо ВДУ не мае 2 мільярды рублёў на яго рамонт.

Такі адказ на свой зварот у Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт атрымала Таццяна Севярынец. «Будынак, які знаходзіцца на вул. Урыцкага,25, у Батанічным садзе, не ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. < …> Па інфармацыі ўласніка, адбылося абследаванне і ацэнка тэхнічнага стану надземных нясучых канструкцый двухпавярховага будынка. З тэхнічнай справаздачы вынікае, што гэты будынак аднесены да катэгорыі аварыйна-небяспечных, неабходна правесці замену яго надземных нясучых канструкцый. Для ажыццяўлення рамонтна-мантажных работ на дадзеным аб’екце патрабуецца каля 2 млрд рублёў. На падставе гэтага і ў сувязі з адсутнасцю фінансавых сродкаў на рэканструкцыю раней уласнікам было прынята рашэнне аб зносе будынка», — прыводзіцца вытрымка з адказу гарвыканкама на сайце bchd.info.

Пры гэтым, толькі распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі абыдзецца універсітэту ў 22 мільёны рублёў, не кажучы ўжо пра самі працы па зносе будынка. Праўда, тэндэр на стварэнне гэтай дакументацыі, які быў абвешчаны 29 верасня, знаходзіцца ў незразумелай стадыі — на icetrade.by так і не абвешчаныя яго вынікі.

Між тым удалося даведацца пэўныя падрабязнасці пра капліцу. Згодна апісання ў №33 «Tygodnik Powszechny» за 1884 год (ст. 524), капліца была пабудаваная коштам паноў Дуніных-Слепсцяў з дазволу ўлады і асвечаная ў 1860 годзе дэканам Гайжэўскім (Юльян Восіпавіч Гайжэўскі / Julian Gojżewski) ў гонар Найсвяцейшай Маці Божай Балеснай, успамін якой адзначаецца 15 верасня. У той жа крыніцы адзначаецца, што пад час гасцявання ў доме Дуніных-Слепсцяў імшу ў гэтай капліцы адслужыў арцыбіскуп Магілёўскі мітрапаліт Вацлаў Жылінскі.

Досыць цікавым выглядае тое, што Сцяпану Дуніну-Слепсцю ў той час удалося адчыніць у Віцебску новы каталіцкі храм. Як вядома, пасля задушэння паўстання 1830-1831 гадоў на тэрыторыі Беларусі ў 1833 годзе было скасаванае дзеянне Статута ВКЛ, а касцёлы пачалі зачыняцца ці перадавацца іншым канфесіям.

Так, у дзённіку бешанковіцкага памешчыка і полацкага маршалка Ірэнія Васілеўскага, якія Уладыслаў Цеханавецкі прыводзіць у выдадзенай у 1912 годзе кнізе «Z okolic Dźwiny» (ст. 214), у 1848 годзе ў Віцебску быў ледзь не зачынены адзіны дзейны парафіяльны касцёл — з Санкт-Пецярбургу паступіў загад апячатаць касцёл святога Антонія. Там жа згадваецца, што з існаваўшых у 1833 годзе шасці касцёлаў у Віцебску па-дамініканску (святога архангела Міхаіла) стаў руінай, як і святой Барбары, фарны касцёл (марыявітак) быў апячатаны і ператвораны на магазін (з 1858 года ў яго будынку размясцілі Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг), па-езуіцку (святога Язэпа) стаў праваслаўным саборам святога Мікалая, па-піярску стаў кірхай, а трынітарскі – замкнуты (у 1858 годзе будынак аддалі праваслаўнай царкве і к 1865 году ён быў перабудаваны ў Пакроўскую царкву). Толькі ўмяшальніцтва віцебскага генерал-губернатара князя Галіцына перашкодзіла зачыніць і касцёл святога Антонія.

У сваім лісце ў рэдакцыю газеты «Słowo» Арцём Вярыга-Дарэўскі піша, што на 1858 год у Віцебску існуюць тры каталіцкія касцёлы: святога Антонія (пробашч Юлій Васількоўскі), Дамініканскі касцёл на Замкавай вуліцы, касцёл святой Барбары (пробашч Юлій Гайжэўскі). Стан будынкаў не згадваецца.

Што тычыцца Дуніных-Слепсцяў, то яны яшчэ неаднаразова згадваюцца ў памятных кніжках Віцебскай губерні. Адзначым, што прозвішча ў гэтых крыніцах падаецца ў двух напісаннях: Дунін-Слепсць (Дунинъ-Слѣпць), напрыклад, у 1866, 1881 і 1882 гадах і Дунін-Сляпец (Дунинъ-Слѣпецъ), напрыклад, у 1865, 1867 і 1868 гадах. Пры гэтым яно часам губляе прыдомак «Дунін», і, адпаведна, у алфавітных паказальніках знаходзіцца пад літарай «С». У той жа час у польскіх і нямецкіх крыніцах прасочваецца толькі напісанне Dunin-Slepść.

Згодна «Памятной книжке Витебской губернии» 1865 года (ст. 13) калежскі асэсар Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепсць 23 снежня 1864 года (4 студзеня 1865 года згодна новага стылю) стаў дэпутатам дваранства ад Полацкага павета. На гэтай жа пасадзе ён знаходзіўся згодна кніг 1866 (ст. 15) і 1867 (ст. 18) гадоў. Падобна, што да 28 чэрвеня (10 ліпеня) 1868 года, калі яго змяніў прапаршчык Язэп Гаспяровіч Гутоўскі.

Там жа прыводзяцца больш поўныя звесткі пра яго ўзнагароды: ордэна св. Уладзіміра IV ступені і меў знак адзнакі за 15 гадоў бездакорнай службы, ордэн св. Анны III ступені і медаль за 1853-1856 гады, выпушчаны ў гонар сканчэння Крымскай вайны, якім шырока ўзнагароджваліся і цывільныя людзі, што не бралі ўдзелу ў ваенных дзеяннях.

У 1867 годзе Сцяпану Дуніну-Слепсцю было 60 гадоў (значыць, верагодней за ўсё, нарадзіўся ў 1808 годзе), з якіх 37 ён аддаў службе. Таксама адзначаецца, што ён жанаты, а выхаванне атрымаў у Полацкай акадэміі езуітаў. У выданні 1905 ода «Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół od niej zależnych» (ст. 141) знаходзім, што згодна «Miesięcznik Połocki» 1818 года (т. 1 ст. 76) у 1817 годзе ўзнагароды заслужыў вучань 4 класа Сцяпан Слепсць.

Апошні раз, які ўдалося знайсці, у памятных кніжках Сцяпан Восіпавіч Дунін-Слепць згадваецца ў 1878 годзе. Ён пазначаны (ст. 264), як памешчык Віцебскага павету, які меў маёнтка Зарэчня і фальварак Замошша з 1472 дзесяцінамі (каля 1605 гектараў) зямлі. Прыватным землеўладальнікам у Віцебскім павеце тады належала 143 372 дзесяціны, а землеўладальнікаў, якія б мелі больш за 1000 дзесяцін было ўсяго 9.

У «Памятной книжке Витебской губернии» 1881 года (ст. 149) мы ўжо знаходзім, верагодней за ўсё, сына заснавальніка капліцы Сцяпана Сцяпанавіча Дуніна-Слепсця, які пазначаны памешчыкам і глосным Віцебскай гарадской думы па 2-м разрадзе. У 1882 годзе ён згадваецца на гэтай жа пасадзе (ст. 210), а таксама як сябра савета Віцебскага таварыства сельскіх гаспадароў (ст. 232).

У выданні «Kritische Miscellen» 1864 года, можна знайсці, што ў Vitzthumsches Gymnasium у Дрэздэне з 1863 па 1864 год у 5 класе вучыўся Сцяпан Дунін-Слепсць (ст. 79), які нарадзіўся 14 мая (26) 1850 года ў Віцебску. Там жа (ст. 83) згадваецца, што ён пакінуў гімназію, бо з маці вярнуўся на радзіму. Цікава, што Віцебск (Witepsk) адносяць да Літвы (Lithauen).

З «Jahrbuch für das Berg- und Hüttenwesen im Königreiche Sachsen auf das Jahr» за 1873 (ст. 188) і 1874 (ст. 206) гады вядома, што з 1872 па 1875 гады Сцяпан Сцяпанавіч Дунін-Слепсць (Stephan Stephanowitzsch von Dunin-Slepsc, aus Witebsk in Russland) вучыўся ў Горнай акадэміі Фрайберга (там жа, напрыклад, вучыўся Міхайла Ламаносаў).

Як бачым, будынак капліцы Дуніных-Слепсцяў (Дуніных-Сляпцоў) у Віцебску цікавы не толькі, як узор архітэктуры сярэдзіны XIX стагоддзя, але і як звязаны з жыццём грамадскіх дзеячаў горада.

Дарэчы, на здымках Канстанціна Дурыхіна, зробленых у прамежку ад 1956 года (калі быў пабудаваны мост імя Баўмана) да 1959 года (калі Дурыхін з’ехаў з Віцебска) можна ўбачыць яшчэ аднапавярховы будынак былой капліцы амаль у аўтэнтычным выглядзе, толькі без вежачак.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Лабус / Адказаць
05.11.2015 / 19:35
Прапаную абвясьцiць збор грашовых сродкау на рамонт гэтай каплiцы. Нельга страцiць гэту сьвятыню.
0
Ляксей / Адказаць
05.11.2015 / 19:46
Почему этими вопросами никто не занимается? Зачем сносить? Пусть лучше стоит уж, найдутся волонтеры или местные жители которым она не безразлична. Таких чиновников сажать надо за такие решения. Это же полнейший маразм, "снести, потому-что нет денег на ремонт". Это звучит даже не здраво.
0
Мікіта / Адказаць
05.11.2015 / 19:52
Быццам бы праблема сабраць неабходныя сродкі
Паказаць усе каментары/ 21 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру