Мусіць, добра, што будуць манеты, бо ад паперак кашалёк не зашпільваецца. Праўда, прыдалося б надбаць сабе іншы кашалёк — з аддзелам на манеты. Або каліту асобна на манеты — да папругі ці на рэменя чапляць. Абы яны былі і абы былі моцныя. За свае грошы кожны харошы — кажуць людзі. Калі дзяржава мае свае самабытныя грашовыя адзінкі, падмацаваныя добраю гаспадаркай — гэтай дзяржаве і пашана ад суседзяў і дальніх.

Нейк так у нас павялося, што назвалі мы грошы рублямі, як абвясцілі незалежнасць. Назву «рубель», відаць, яшчэ неяк можна сцярпець, бо рублі — дарма што не было ў нас такіх грашовых адзінак, але слова даўней было. Рубель абазначаў пэўную меру грошай. А вось капейкі — гэта ўжо, відаць, элемент іншай грашовай сістэмы. Я не заракаўся б, што ў нас маскоўскія капейкі не хадзілі. Хадзілі, відаць. Бо, што да грошай, была поўная свабода і воля. Можна было хоць якімі грашыма рахавацца — абы зручна было прадаўцу ды купцу рабіць з гэтым інтэрас. Уявіце сабе, што ў Беларусі адзінкай разліку можа быць усякая валюта, абы зручная — даляр, еўра, рубель, грыўня, франк, злоты… Вось так было ў Вялікім Княстве Літоўскім. Некаторыя эканамісты кажуць, што і цяпер гэта было б вельмі добра для эканомікі.

Беларускія грошы ў перыяд росквіту беларускай дзяржаўнасці і культуры так і называліся — грошы, ад лацінскай назвы denarius grossus — «тоўсты дэнар». Грошы разменьваліся на паўгрошы ды пенязі (слова аднакарэннае з назвамі пенс і пфенінг). Грошы лічыліся копамі — па 60. 1 капа = 60 грошай. Так і казалі: «капа грошай», «дзве капе грошай». Капа — гэта ў беларускай мове шэсцьдзесят адзінак усяго. Дагэтуль можна пачуць: «На Вялікдзень мо з копу яек нафарбавала…» Лічыліся грошы таксама рублямі, як я ўжо напісаў. Вось цытата з нашага Статута 1588 г.:

А навязка [від штрафу на карысць пацярпелага] ім: слузе — шэсць рублёў грошай. Путнаму слузе — тры рублі грошай. Бортніку — два рублі грошай. Цягламу чалавеку — дзве капе грошай. Чалядніку дамоваму айчызнаму і паланёніку — копу грошай. А жонам іх — савіта (у падвойнай меры).

…Маець быці ім давана на страву так многа, яка тут ніжэй напісана: (…) ваўкавыйскім паслом — дваццаць коп грошай, слонімскім паслом — дваццаць коп грошай, віцебскім паслом — шэсцьдзесят коп грошай.

Такім чынам, можна лічыць, што «капа грошай» — адна з нашых грашовых адзінак. Іншыя «наміналы» — тузін грошай (12). 5 тузіноў грошай, адпаведна раўняюцца адной капе грошай.

Трэба ўспомніць таксама, чаму дзве, тры, чатыры — капе. Гэта так званы дуаліс — падвойны лік. У Статуце гэтая архаічная форма граматычнай катэгорыі ліку — рэгулярная. Яна дагэтуль бытуе ў жывой мове, але пачуць яе можна, на жаль, толькі ў сяле:

Коўбавічы — гэто некалі было ве́ліко сяло. (…) У вайну ўсё сяло згарэло, анно дзве хаце засталіся — што Ліда Дэліха жыла (ці помніш?) ды Геніна хата. (Жыхарка в. Колбавічы, Баранавіцкага раёну, запіс 2014 г.)

Чаму тузіны і копы? Проста такая была канвенцыя. Фунт стэрлінгаў гэдак жа сама як і капа грошай разменьваўся даўней паводле дванаццаткавай сістэмы рахавання. Кажуць, што гэтая даўняя сістэма вельмі зручная, бо тузін (12) можна падзяліць аж на 2,3,4,6.

Раўналежна хадзілі дробныя манеты — шэлягі (аднакарэннае да «шылінг»). Гэтае слова перахавала беларуская фразеалогія — шэлягу не варты, гарэлы (зламаны) шэляг.

Ужо і сам парторг Інстытута (…) дзеля выгляду таксама і ў гэтым інстытуце займаў пасаду навуковага работніка, хоць навуковае працы ад яго ніхто і на гарэлы шэляг не бачыў… Глыбінны

Дарагою манетай, яка была вартая некалькі коп грошай, быў талер біты. Талер або таляр таксама захаваўся ў нашай фразеалогіі. Назва, дарэчы, таго самага паходжання, што даляр. 

Былі яшчэ дробныя асьмакі, чацвертакі, залатоўкі… Мноства ўсякіх побытавых назваў грошай. Нават розныя сістэмы рахавання ў нас былі — дванаццаткавая, дзясяткавая, шэсцьдзесяткавая… Адным словам, нам ёсць з чаго выбіраць — многа матэрыялу на фантастычныя, светлыя ды шалёныя ідэі.

Але быць можа і добра, што нашы эканамісты не чапаюць пакуль нашых прыгожых назваў рукамі. Бо хацелася б, мабыць, каб талер з шэлягам не ператвараліся раптам у смецце, як гэта робяць рубель з капейкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?