Увечары 6 лістапада, каля 18:00, на 29-м км аўтадарогі Р-78 «Алекшыцы — Ваўкавыск — Поразава — Пружаны» адбылося сутыкненне рэйсавага аўтобуса «Мерседэс-Спрынтар», накірунку «Салігорск — Гродна», якім кіраваў вадзіцель, 1960 года нараджэння, і неабазначанага габарытнымі агнямі мотаблока пад кіраваннем жыхара Ваўкавыскага раёна, 1976 года нараджэння. Абодва транспартныя сродкі рухаліся ў адным напрамку.

Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

У выніку дарожна-транспартнага здарэння абодва транспартныя сродкі з'ехалі ў кювет і перакуліліся. Кіроўца мотаблока і дзве пасажыркі рэйсавага аўтобуса, 1986 і 1989 гадоў нараджэння, загінулі на месцы.

З траўмамі рознай ступені цяжкасці шпіталізаваныя шэсць пасажыраў аўтобуса, з якіх адзін пацярпелы знаходзіцца ў цяжкім стане. Астатнім пасажырам неабходная медыцынская дапамога аказана на месцы, пасля чаго іх адпусцілі дадому.

Упраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці распачата крымінальная справа па ч.3 арт.317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь па факце парушэння правілаў дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць трох асоб.

Прызначаны шэраг экспертыз. Усталёўваюцца і апытваюцца сведкі. Прававая ацэнка дзеянням удзельнікаў дарожна-транспартнага здарэння будзе дадзеная па выніках расследавання.

Гэта другая сур'ёзная аварыя, якая адбылася за суткі ў Ваўкавыскім раёне. Увечары 5 лістапада на 86-м кіламетры трасы Гродна—Ружаны—Івацэвічы кіроўца аўтамабіля Mercedes Sprinter з не высветленай пакуль прычыны апынуўся на стрэчнай паласе, дзе сутыкнуўся з VW. У выніку загінулі маці з 2-гадовым сынам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?