Ганаровай госцяй сёлетняга фестывалю стала зорка сусветнага экрана, актрыса тэатра і кіно, рэжысёр Фані Ардан. На экране былі паказаныя кадры фільмаў з яе ўдзелам. Актрыса была вельмі кранутая і ўсхваляваная цёплым прыёмам у Мінску. Калі яна выйшла на сцэну, уся зала апладзіравала ёй, стоячы.
Фані Ардан ўпершыню ў Мінску, але прызналася, што чытала пра Беларусь. «Я ведала, што гэта гістарычны горад, у чымсьці яго гісторыя трагічная, але жыццё тут віруе. Я ніколі не любіла падарожжы, але заўсёды любіла кіно і дзякуючы кіно магла падарожнічаць, сустракаць людзей, знаёміцца з імі. Вельмі прыемна быць сёння з вамі на адкрыцці фестывалю «Лістапад» і правесці некалькі дзён у гэтым горадзе», — падзялілася эмоцыямі кіназорка. Актрыса прадстаўляе на кінафестывалі ў Мінску сваю другую рэжысёрскую працу «Дакучлівыя рытмы».
Фестывальны тыдзень прадставіць гледачам 184 карціны з 60 краін. Праз тыдзень, 13 лістапада, у гэтым жа зале кінатэатра «Масква» будуць падведзеныя вынікі конкурсаў фестывалю.