07.11.2015 / 22:16

Плошча-90, альбо Што адбылося 7 лістапада ў Мінску чвэрць веку таму? 21

Піша гісторык Аляксандр Кур’яновіч.

7 лістапада 1990 г. у цэнтры беларускай сталіцы прайшло альтэрнатыўнае шэсце «Памяць ахвяр камуністычнай дыкатуры», зладжанае перадусім Беларускім народным фронтам.

Вынікі шэсця аказаліся настолькі рэзананснымі ў грамадстве і нечаканамі для ўладаў, што і па сённяшні дзень яно лічыцца найбольш удалай акцыяй БНФ і самым моцным ударам па камуністычнай сістэме.

Пачалося ўсё з таго, што 23 кастрычніка 1990 г. у выканаўчы камітэт Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў звярнуўся грамадзянін Сяргей Андросаў па дазвол правесці 7 лістапада 1990 г. альтэрнатыўнае шэсце «Памяці ахвяр камуністычнай дыктатуры». 1 лістапада 1990 г. дазвол быў атрыманы.

Улётка БНФ з заклікам прыйсці на пл. Я. Коласа 7 лістапада 1990 г.

Ідэя шэсця цалкам упісвалася ў праграмныя ўстаноўкі і ідэалогію БНФ: бескампрамісны антыкамунізм, г. зн. варожасць да камуністычнай партыі, непрыманне СССР як нацыянальна-дзяржаўнага ўтварэння, адмова ад марксізму-ленінізму, нарэшце, жорсткая крытыка на адрас заснавальнікаў савецкага ладу, у прыватнасці, Уладзіміра Леніна і Іосіфа Сталіна.

Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне шэсця ўзяла на сябе адна з найбуйнешых недзяржаўных арганізацый — Саюз кааператываў. Дарэчы, сам С. Андросаў працаваў у сталічным кааператыве «Лілія». Кааператары аказалі моцную падтрымку ў справе друку адпаведных улётак. Напрыклад, прадстаўнік Саюзу кааператываў, заснавальнік адной з самых вядомых — «Свабода» — апазіцыйных выданняў Павел Жук 22 кастрычніка 1990 г. звярнуўся да адміністрацыі вытворчага аб’яднання «БелаўтаМАЗ». Аднак у тыя часы не ўсё можна было зрабіць за грошы. Друку на прадпрыемствах такіх улётак і іншай прадукцыі, што ў дзяржаўнай прэсе іменавалася не іначай, як «антикоммунистическая стряпня», актыўна супраціўляліся партыйныя камітэты.

Заява П. Жука аб друку прадукцыі.

Рэканструяваны ход шэсця выглядае наступным чынам.

Спачатку ўдзельнікі акцыі сабраліся на пл. Якуба Коласа, а потым пасля кароткага мітынгу рушылі па праспекце на пл. Леніна. Колькасць удзельнікаў шэсця таксама выклікае дыскусіі. У афіцыйным рашэнні выканаўчага камітэта Мінскага гарадскога Савета ад 14 лістапада 1990 г., якое адназначна асуджала шэсце, фігуравала лічба прыкладна 5000 чалавек. Дарэчы, такое рашэнне падпісаў старшыня выканаўчага камітэта Міхаіл Марыніч. Шэсце стала непрыемным сюрпрызам для Марыніча, які літаральна тыдзень таму — 29 кастрычніка 1990 г. — быў абраны на сваю пасаду. Улічваючы логіку ўладаў — заўсёды прыніжаць колькасць удзельнікаў недзяржаўных шэсцяў — можна ўявіць, што лічба тых, хто ўзяў удзел у шэсці, была вышэй у некалькі разоў. Цікава, што сам лідар БНФ Зянон Пазьняк у артыкуле «Пра Леніна і камуністаў» (Народная газета, 1990. 31 снежня) не рызыкнуў назваць дакладную лічбу, канстатаваўшы толькі «шматысячны» характар «народнай дэманстрацыі».

У сваім выступленні на плошчы Зянон Пазняк назваў Уладзіміра Леніна самай крывавай і злавеснай постаццю, а да помніка Леніну разам са сваімі паплечнікамі дэманстратыўна ўсклаў шыбеніцу, калючы дрот, плакаты антыкамуністычнага зместу, пудзілы, якія сімвалізавалі НКУС і ГУЛАГ.

Пл. Леніна ў Мінску падчас альтэрнатыўнага шэсця 7 лістапада 1990 г.

Аднак альтэрнатыўнае шэсце 7 лістапада 1990 г. адзначылася першым адкрытым сутыкненнем паміж уладамі і апазіцыяй. Пярэднія шэрагі дэманстрантаў, прабіваючыся да помніка Уладзіміру Леніну, каб ускласці пудзілы, што сімвалізуюць НКУС і ГУЛАГ, здолелі зламаць выбудаваныя на іх шляху кардоны міліцыі і даць супрацоўнікам праваахоўных органаў сапраўдны бой. Абстаноўку ўзрушала і тое, што падчас шэсця на пл. Леніна некалькі сялянаў абвесцілі галадоўку і патрабавалі сябе кавалак зямлі (у Вярхоўным Савеце актыўна абмяркоўваўся праект зямельнага кодэкса).

Па афіцыйных звестках, дзесяці міліцыянерам былі нанесены лёгкія цялесныя пашкоджанні.

Тагачасны міністр унутраных спраў Уладзімір Ягораў сцвярджаў, што «одного из сотрудников ударили фотокамерой по голове, с другого сорвали погоны, третьему расцарапали лицо».

Падчас шэсця меў месца такі інцыдэнт. Адзін з ягоных удзельнікаў метрдатэль рэстарана «Папараць-кветка» Рыгор Герашчанка разбіў аб пастамент помніка Леніну бутэльку гарэлкі. Неўзабаве аказался, што Герашчанка — псіхічна хворы чалавек, лечыцца ў Навінках.

З пракурорскіх крыніц можна даведацца, што «в этой связи в отношении Г.А. Геращенко материалы были выделены из расследуемого дела в отдельное производство и направлены в суд, который установил, что общественно опасные деяния Геращенко совершил в невменяемом состоянии и принял решение о применении к нему принудительных мер медицинского характера, как представляющему общественную опасность в силу болезненного состояния».

Фармат альтэрнатыўнага шэсця не быў арыгінальным. Падобныя акцыі ахапілі шмат буйных гарадоў, што з’яўляецца адным са сведчанняў усё большага расчаравання насельніцтва ў камуністычных ідэях. Да таго ж на фоне казённых афіцыйных мерапрыемстваў альтэрнатыўныя шэсці, несучы ў сябе пэўную інтыгу і рызыку, выглядалі больш прывабна.

Нездарма 13 кастрычніка 1990 г. прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў выдаў указ з пампезнай назвай «О пресечении надругательства над памятниками, связанными с историей государства, и его символами».

Гэты нарматыўны прававы акт патрабаваў «принять решительные меры по пресечению вандализма» і ўзмацняў адпаведную крымінальную і адміністратыўную адказнасць.

Альтэрнатыўнае шэсце мела вялікі грамадскі розгалас. У заяве Бюро ЦК КПБ арганізатары і ўдзельнікі шэсця падаваліся экстрэмістамі і антыкамуністамі.

Беларускаму народнаму фронту закідался тое, што ён быццам бы адкрыў «свое истиннное лицо» — прагу да ўлады, хаця краіна ўжо стала на шлях шматпартыйнасці: артыкулы 6 і 7, якія замацоўвалі манапольную ўладу кампартыі і адпаведных грамадскіх арганізацый, былі змененыя.

У сувязі з падзеямі 7 лістапада 1990 г. мелі месца шматлікія заявы, звароты грамадзян і арганізацый, прычым улады імкнуліся фіксаваць звароты, накіраваныя супраць гэтага шэсця. Так, паводле афіцыйных падлікаў, з 11 лістапада па 1 снежня 1990 г. у Вярхоўны Савет БССР паступіла 230 зваротаў, лістоў, рэзалюцый і інш., дзе «высказывается возмущение действиями депутатов Верховного Совета, принявших участие в антиконституционной акции».

Рэзалюцыя афіцэраў і прапаршчыкаў адной з вайсковых частках з асуджэннем шэсця БНФ ад 7 лістапада 1990 г.

Напрыклад, у звароце рабочых і служачых Мінскага аўтамабільнага завода катэгарычна заяўлялася, што ўдзельнікі мітынгу, народныя дэпутаты Зянон Пазьняк і Валянцін Голубеў «не имеют морального права работать над проектом Основно­го Закона — Конституции нашей республики».

Магчыма, пэўныя звароты насілі шчыры характар, але большасць з іх быццам бы пісаныя пад капірку па адным шаблоне, што сведчыць пра іх верагодны штучны характар.

Аднак побач з лістамі, накіраванымі супраць альтэрнатыўнага шэсця, сустракаліся і лісты ў яго падтрымку (іх было менш).

Ліст жыхароў Мінска ў падтрымку альтэрнатыўнага шэсця 7 лістапада 1990 г. і БНФ.

Найбольш праўладныя газеты «Советская Белоруссия» и «Вечерний Минск» цалкам асудзілі альтэрнатыўнае шэсце. Іншыя выданні («Народная газета», «Звязда», «Літаратура і мастацтва») выказаліся больш асцярожна. Апошняе нават надрукавала ліст вядомага на той час філосафа Валянціна Акулава ў падтрымку шэсця.

«Знамя юности» увогуле адважылася на інтэрв’ю з удзельнікам шэсця, народным дэпутатам, прадстаўніком парламенцкай апазіцыі БНФ Валянцінам Голубевым (гл.: Груздилович О. Установка на торможение? // Знамя юности. — 1991. — 5 января. — С. 2). Дэпутат абвінаваціў улады ў свядомай дэзінфармацыі насельніцтва наконт мітынгу, сцвярджаў, што падкантрольнае тэлебачанне з дапамогай шантажу і адпаведных сюжэтаў дыскрэдытуе БНФ.

Голубеў заявіў, што шэсце адбылося ў рамках закону і патрабаваў паказаць відэасюжэты пра шэсце, як кажуць, без купюр. Ці ні гэта стала пачаткам апалы галоўнага рэдактара выдання Аляксандра Класкоўскага?

У красавіку 1991 г. па рашэнні пленума ЦК ЛКСМБ газета фактычна сілком была ўключана ў газетна-часопісны канцэрн камсамола, Класкоўскага не зацвердзілі на пасадзе. Журналісцкая супольнасць расцаніла гэты крок як удар па галоснасці.

Мінскія ўлады імкнуліся як мага хутчэй пераадоліць наступствы вынікаў шэсця і авалодаць грамадскай думкай. Пра некалькі дзён пасля шэсця ля помніка Леніна адбылася цікавая акцыя, якую можна назваць як «цветы Ильичу». Прадстаўнікі маладзёва-камсамольскай брыгады праваднікоў фірменнага цягніка «Мінск-Масква» усклалі кветкі (замест раскіданых 7 лістапада) да помніка Леніну, а прыгожыя дзяўчаты дружна выказаліся «против антисоветского митинга, организованного кучкой экстремистов из БНФ».

22 лістапада 1990 г. сваю пастанову «Аб парушэнні грамадскага парадку пры правядзенні альтэрнатыўнага мітынгу 7 лістапада 1990 г.», у якой асуджаліся арганізатары шэсця, а іх дзеянні кваліфікаваліся як «деструктивные и безответственные», прыняў Прэзідыум Вярхоўнага Савета. Але апошняе слова было за самім парламентам. 

Пытанне аб альтэрнатыўным шэсці абмяркоўвалася ў Вярхоўным Савеце 27 лютага 1991 г. Пракамуністычная парламенцкая большасць дружна атакавала БНФ, патрабуючы для арганізатараў шэсця самага суровага пакарання. Асабліва непрымірыма выказаўся Валерый Ціхіня, будучы першы старшыня Канстытуцыйнага суда краіны.

Кіраўнік групы камуністаў у Вярхоўным Савеце Міхаіл Качан назваў шэсце «антисоветским и антикоммунистическим шабашом» і параўнаў яго з падзеямі 1933 г. у Германіі, «когда готовился фашистский переворот» (між іншым Адольф Гітлер 30 студзеня 1933 г. быў афіцыйна прызначаны рэйхсканцлерам, таму з фармальна-юрыдычнага пункту погляду прыход да ўлады германскіх нацыстаў нельга лічыць пераваротам — Аўт.)

Некаторыя дэпутаты (Віктар Ганчар, Аляксандр Лукашэнка і інш.) заклікалі разглядаць гэтае пытанне толькі пасля заканчэння следства.

Ганчар, напрыклад, заявіў, што яго «поражает позиция прокуратуры, которая докладывает какую-то информацию при неоконченном следствии». Лукашэнка канстатаваў, што пры правядзенні шэсця БНФ «серьёзно оступился» і прапанаваў далей працаваць па павестцы дня.

27 лютага 1991 г. на разгляд дэпутатаў быў вынесены праект пастановы «О нарушении общественного порядка при проведении альтернативного митинга 7 ноября 1990 года в городе Минске». З пачатку праект складаўся з двух пунктаў:

«1. Принять к сведению информацию заместителя Прокурора республики товарища Кондратьева и председателя постоянной Комиссии Верховного Совета Белорусской ССР по вопросам гласности, средств массовой информации и прав человека товарища Коротчени о нарушении общественного порядка, имевшем место 7 ноября 1990 года при проведении альтернативного митинга в городе Минске.

2. Согласиться с оценками и выводами, содержавшимися в Постановлении Президиума Верховного Совета БССР от 22 ноября 1990 года «О нарушении общественного порядка при проведении альтернативного митинга 7 ноября 1990 года в городе Минске».

Праект набраў 156 галасоў пры кворуме ў 173. Тады дэпутатам было прапанаваны наступны варыянт: прыняць пастанову па гэтым пытанні пасля таго, як будзе закончана следства пракуратурай. Аднак гэтую прапанову падтрымалі толькі 153 парламентарыя. За тое, каб з праекта пастановы зацвердзіць толькі першы пункт, прагаласавалі 159 дэпутатаў.

Пры галасаванні пытання аб прыняцці праекта пастановы за аснову да яго быў дабаўлены трэці пункт: «Поручить Совету Министров БССР принять дополнительные меры по охране общественного порядка и неукоснительному соблю­дению законодательства о порядке проведения собраний, митингов, уличных шествий и демонстраций на территории республики». Аднак за гэта аддалі свае галасы 162 народных выбранніка.

Ні 27 лютага 1991 г., ні пазней пастановы адносна альтэрнатыўнага мітынгу 7 лістапада 1990 г. Вярхоўным Саветам прынята не было, што можна лічыць маральнай перамогай парламенцкай апазіцыі БНФ.

Але падзеі 7 лістапада 1990 г. мелі далёка ідучыя наступствы для БНФ у палітычным плане.

На іх хвалі і пад іх уздзеяннем ад БНФ адкалолася частка актывістаў на чале з М. Ткачовым, якая пачала ствараць рух «Новая Беларусь».

Новы рух, які паставіў мэтай наладжванне супрацоўніцтва з афіцыйнымі прафсаюзамі, павінен быў стаць, па думкі яго стваральнікаў, больш гнуткім, чым БНФ. М. Ткачоў, акрамя таго, пачаў працу па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады і фарміраванні адпаведнай дэпутацкай групы ў парламенце. 

11 лістапада 1990 г. ў сувязі с альтэрнатыўным шэсцем пракуратура Мінска ўзбудзіла крымініальную справу № 257090 паводле часткі 3 артыкула 186 Крымінальнага кодэкса БССР: «Организация или активное участие в групповых действиях, нарушающих общественный порядок». Санкцыі за парушэнні гэтай часткі артыкула прадугледжвалі штраф, пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў, альбо папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў.

Аднак з прадстаўлення пракурора БССР Г. Тарнаўскага ад 18 чэрвеня 1991 г. на адрас Старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея можна прачытаць наступнае: «…В процессе предварительного следствия проверена роль Позняка в происшедших на площади Ленина групповых беспорядках. На основании анализа текста выступления Позняка, его поведения во время и после митинга, показаний более 800 свидетелей и других доказательств следствие пришло к выводу об отсутствии у Позняка умысла на организацию групповых беспорядков, а также отсутствии причинной связи между призывом Позняка «цивилизованным путем» возложить символические «дары» к памятнику В. И. Ленина и последовавшими после этого преступными действиями ряда участников митинга. В связи с отсутствием в действиях Позняка состава преступления, в возбуждении уголовного дела против него 17 июня с. г. прокуратурой республики отказано». Замест гэтага Тарнаўскі прасіў Вярхоўны Савет даць згоду на прыцягненне Пазьняка да адміністрацыйнай адказнасці.

Прадстаўленне пракуратуры афіцыйна было агучана Старшынёй ВС БССР Мікалаем Дземянцеем 26 чэрвеня 1991 г.145. На самім прадстаўленні маецца рэзалюцыя М. Дземянцея: «Ознакомить народных депутатов Белорусской ССР с представлением Прокурора БССР».

Аднак пытанне аб дачы згоды на прыцягненне Зянона Пазняка да адміністратыўнай адказнасці не было нават уключана ў парадак дня.

За ўключэнне прагаласавалі 104 дэпутаты пры кворуме ў 173 чалавекі. У лісце ад 12 жніўня 1991 г. Г. Тарнаўскі пісаў М. Дземянцею: «Внесенное Прокурором республики в Верховный Совет БССР представление о даче согласия на применение к народному депутату БССР Позняку З. С. мер административного взыскания осталось в результате невключения этого вопроса в повестку дня сессии без рассмотрения». Далей Г. Тарнаўскі паведамляў: «В процессе предварительного следствия проверена роль и участие народных депутатов БССР в происшедших на площади Ленина групповых беспорядках…Исследование роли народных депутатов Голубева В. Ф., Антончика С. А., Семдяновой Г. Г. и других в возникновении групповых беспорядков показало, что депутаты не являлись организаторами этих правонарушений. Руководство митингующей толпой они не осуществляли… Таких действий со стороны депутатов не зафиксировано и на видеозаписях митинга».

Аляксандр Кур’яновіч, кандыдат гістарычных навук, дацэнт

0
serg / Адказаць
08.11.2015 / 11:49
Видео с этого возложения символов советского режима к памятнику Ленина помню много крутили по ТВ. Где его можно сейчас увидеть?
0
Міша / Адказаць
08.11.2015 / 11:53
Дзякуй вялікі за такі грунтоўны артыкул. Пішыце болей
0
Александр Курьянович / Адказаць
08.11.2015 / 12:08
serg, архив кинофотофонодокументов в Дзержинске
Паказаць усе каментары/ 21 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру