Нацыянальны банк Беларусі запытае ў вытворцы новых беларускіх грошай раскрыць яго імя. Аб гэтым у інтэрв'ю праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1», паказаным вечарам 8 лістапада, паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Лапко.

«Мы не можам раскрываць імя вытворцы, бо ў нас ёсць кантрактныя абавязацельствы. Але з улікам узніклай цікавасці, мы, канешне ж, запытаем у вытворцы магчымасць раскрыць яго імя, калі гэта так хвалюе інтэрнэт-супольнасць і асабліва журналістаў», — сказаў прадстаўнік кіраўніцтва Нацбанка.

Пры гэтым яму здаецца, што гэтае пытанне «цікавіць выключна інтэрнэт». 

Гаворачы аб пасылах правядзення грашовай рэформы ў краіне, Лапко заявіў: «У якасці ўмоў для правядзення дэнамінацыі неабходна, каб быў нізкі ўзровень інфляцыі. Сёлета ў нас паступальна інфляцыя зніжаецца. З пачатку года яна знізілася з 17,1% да 11,9%. На наступны год Нацыянальны банк прагназуе інфляцыю каля 12%. Значыць, мы мяркуем, што ўмовы складваюцца, і ўжо можна гэта рабіць, тым больш што да 2020 года мы прагназуем інфляцыю ў памеры 5%».

Адказваючы на пытанне аб мэтазгоднасці ў век інтэрнэту, інфармацыйных тэхналогій, электронных плацяжоў пачатку суверэннай беларускай манетнай гісторыі, калі ўпершыню амаль за 25 гадоў у краіне з'явяцца жалезныя грошы, Дзмітрый Лапко адзначыў: «На сёння кошт вытворчасці адной манеты, адной банкноты практычна параўнаваўся. Але пры гэтым тэрмін службы адной манеты складае ад 10 да 15 гадоў, а тэрмін службы адной разменнай банкноты — ад 6 да 12 месяцаў».

Лапко асабліва папярэдзіў, што абмен купюр пачнецца 1 ліпеня 2016 года. «І да гэтай даты ніхто і нідзе не можа абменьваць старыя грошы на новыя. Калі вам прапаноўваюць гэта зрабіць, ведайце, гэта махляры», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?