Я, па-мойму, ні разу ні на што не пісаў рэцэнзіяў. Ішоў учора на «ГараШ» і думаў, што напішу рэцэнзію. І адразу — станоўчую. Думаў, што напішу пра тое, як любоў да прафесіі і імпэт перамагаюць бабло і рамесніцтва. Я быў упэўнены, што перамагаюць і я гэта ўсё ўбачу. Тым болей што — «нацыянальны праект», як сказаў сам Андрэй Курэйчык, а іншых нацыянальных праектаў, апрача бібліятэкі, я ў нас не сустракаў.

Сюжэта ў фільме, як такога, няма. Маладога чалавека дэпартуюць з Амерыкі, дзе ён з такімі ж афэлкамі (беларускамоўнымі) бухаў маргарыту і плаваў у басейне. І працаваў аўтаслесарам. У Беларусі ён уладкаваўся працаваць па спецыяльнасці у майстэрню, якая з падтрымкай чыноўніка, які ўмее вырашаць пытанні, адкупляецца ад санэпідэмнагляду і пажарнікаў. У выніку галоўны герой разумеў, што ўсе адзін аднаго падманваюць і ўсіх жа гэта задавальняе.

Пры канцы фільма ён тэлефануе сваім сябрам у ЗША і паведамляе, што ўжыўся ў беларускую рэчаіснасць і нібыта палюбіў яе. На апошніх секундах фільма ён з радасцю прымае прапанову сваёй бабулі дадаць гарэлачкі ў чайны грыб. Карацей, метамарфоза завяршылася. У зале смех.

У астатнім, трэба слухаць вушамі і глядзець вачамі, як галава Кулінковіча перыядычна вывальваецца з буйнога плана і камера, не паспяваючы за акцёрам, паказвае падбароддзе. Як недаігрываюць і пераігрываюць, як гадзінны фільм аказаўся дваццаціхвілінным, расцягнутым у тры разы.

Трэба глядзець, але мушу сказаць, што згаданае не важна. Можна сказаць, што гэта ўсё чарнавік. Можна сказаць, што лепей так, чым ніяк, што лепей рабіць, чым не рабіць. Але, разумееце, фільм быў названы фільмам «пра самаідэнтыфікацыю беларускай нацыі». «Ніхто не здыме фільм пра нас», — сказаў ягоны аўтар. Ні расейцы, ні галівудцы. Толькі мы самі. Ну і знялі.

Натуральна, гледачы выходзілі ў вялікім задавальненні. — Як тонка і іранічна. Сапраўды, гэта пра нас. — А што пра нас? — спытаў я. — Ну, напрыклад, «Два дэманы: пажарны нагляд і санэпідэмстанцыя!» — гэта геніяльна. — А вас сапраўды так турбуюць пажарнікі і санэпідэмстанцыя? — Не. Пажарнікаў я ні разу не бачыла. Але санэпідэмстанцыя дастала. Пакуль усе іх інструкцыі выканаеш… Жах. — Так можна ў прынцыпе выканаць? — Ну можна. — Дык што тады «пра нас»?

А пра нас там нічога. Там набор штампаў, якія выкарыстоўваюцца для стварэння шараговых камедыяў пра Расію. Карумпаваныя чыноўнікі, пастаянныя паборы, усеагульны ў гэтым удзел і цэнтральны прыдурачны персанаж, які хоча, каб усё было як у Амерыцы, чаму і робіцца аб'ектам кпінаў у брутальных чумазых мужыкоў. Карацей, абавязковы Філ Рычардс з «Інтэрнаў». Няўжо наша галоўная праблема — усеагульная карумпаванасць і толькі прааналізаваўшы гэтую загану мы на крок наблізімся да нацыянальнага катарсісу? Наўрад ці.

І нават налепка з «Пагоняй» на ноўтбуку праўдаруба паблякла пасля ягонай фразы «Які я беларус, калі хацеў жыць у Амерыцы».

Карацей, гэты фільм для мяне стаў важным не ў разрэзе сюжэта, у якім задэклараваны нацыянальны самааналіз. Ён важны як сведчанне таго, што аўтар, а можа, і ўсе мы, не ведаем, што сказаць пра сваю краіну, нават з падрыхтоўкай. Нават у камедыі. Нават калі ніхто і не задаваў пытання. Гэта як калі пытаюць: паэт? А ты адказваеш: Пушкін. Калі пытаюць: беларуская бяда? А ты: дуракі і дарогі. І яшчэ гэты «нацыянальны праект» не даваў мне спакою вось чаму.

Аднойчы я на НН убачыў рэкламу «Цесляроў» Змітра Дашкевіча. Там быў слоган такі, гучны: «Мэбля тваёй краіны». Ён мяне, прызнаюся, здзівіў, і доўгі час я ўсё не мог для сябе сфармуляваць — чым. І вось цяпер я, здаецца, разумею.

Ведаеце, пры ўсёй павазе да Змітра, калі іпэшнік збірае з ламінату кухні і называе гэта «мэбляй тваёй краіны» ці калі група задорных маладых людзей здымаюць аматарскі капуснік, чарнавік для сіткама і называюць гэта нацыянальным праектам, гэта паказвае што? Што нацыя ў іх успрыняцці — вось такая. Такая, што яе можна ашчаслівіць усю оптам сіткамам і якаснай кухняй. Яна — узроўню ІП і капуснікаў. Нешта, на што можна паставіць сваё таўро і сказаць: вось мая Беларусь імя мэблі і сіткама.

Таму я б пры канцы хацеў звярнуцца да ўсіх-усіх-усіх і папрасіць не звяртацца да нацыі ад імя нацыі. Калі вы будзеце вартымі, нацыя сама пад вамі падпішацца. І яшчэ, я хацеў бы сказаць, што сапраўдны нацыянальны праект — гэта Байкала-Амурская магістраль, і я спадзяюся, беларусам пашчасціць ніколі не рабіць нацыянальных праектаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?