Камісія Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) рэкамендавала Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый (IAAF) дыскваліфікаваць Усерасійскую федэрацыю лёгкай атлетыкі (УФЛА) за сістэматычныя парушэнні, звязаныя з ужываннем допінгу спартоўцамі.

У тым выпадку, калі дзейнасць нацыянальнай лёгкаатлетычнай федэрацыі будзе прызнаная несапраўднай, спартсмены з Расіі не змогуць прыняць удзел у летніх Алімпійскіх гульнях 2016 года, якія пройдуць у Рыа-дэ-Жанейра.

Як гаворыцца ў незалежнай справаздачы агенцтва, маскоўскую антыдопінгавую лабараторыю неабходна пазбавіць ліцэнзіі, паколькі яна не можа «працаваць незалежна». Пры гэтым члены камісіі абвінавачваюць ФСБ Расіі ў «прамым запалохванні і ўмяшанні» у пабудову сістэмы прыёму допінгу.

Камісія таксама сцвярджае, што маніпуляцыі з допінг-пробамі расійскіх лёгкаатлетаў праводзіліся па загадзе міністра спорту Расіі Віталя Мутко. Сам Мутко на запыт камісіі WADA абверг усе абвінавачванні ў сваёй адрас, уключаючы ціск прадстаўнікоў ФСБ на допінг-афіцэраў.

Даклад WADA заснаваны на выніках уласнага расследавання, пачатага пасля выхаду ў снежні 2014 фільма пра масавае ўжыванне допінгу расійскімі лёгкаатлетамі на нямецкім тэлебачанні. Аўтары фільма абвінавацілі таксама Міжнародную асацыяцыю лёгкаатлетычных федэрацый ва ўкрывальніцтве злоўжыванняў з боку Расіі.

Ва УФЛА называлі гэтыя абвінавачванні хлуснёй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?