Бенедыкт Андэрсан зазначыў, што нацыя будуецца праз тры інструменты: перапіс, мапу, музей. Кожны раз, калі нам распавядаюць пра гісторыю, калі пытаюцца ад імя дзяржавы, хто мы, калі прапануюць абрыс нашай зямлі на мапе, мы ўяўляем сябе беларусамі.

Я б дадаў да спісу грошы. Тое, як выглядае нацвалюта, каго яна прапануе лічыць важным, на якой мове паведамляе свой намінал — вельмі прынцыповая для нацыяўтварэння рэч.

Па сутнасці, грошы — гэта той кавалачак дзяржавы, які кожны з нас увесь час носіць у кішэні.

Сутыкненне з беларусамі як з народам для іншаземцаў пачынаецца не з ускладання кветак на пл. Перамогі, не з наведвання Гістарычнага музея, а менавіта з разглядання нашых грашовых адзінак. І з пытанняў: а што гэта намалявана?

Дык вось, пра Беларусь як дзяржаву, як сістэму, як культуру можна сказаць вельмі шмат па тых малюначках, што распаўсюдзіў Нацбанк. Ну вось, напрыклад, калі ўглядаешся ў манету «2 рублі», атрымліваеш канцэнтраванае ўражанне пра нашую ідэнтычнасць (дакладней, пра тую ідэнтычнасць, што прапанавалі лічыць «нашай» людзі, якія вызначаюць, што «нашае», што – не). Аверс тут дакладна як у еўраманет, такая ж жоўценькая абводачка, а вось рэверс – чыстыя савецкія капейкі. І так, дарэчы, з усімі новымі манеткамі: спераду – еўра (ці, дарэчы, грыўні), ззаду – СССР. Калі нехта яшчэ не зразумеў: нам зараз з гэтым СССРам жыць, ім плаціць за квіткі ў метро, яго ашчаджаць на каву. Яны напоўняць гэтымі звонкімі гербамі нашыя жыцці, і той факт, што адказныя за друк дагэтуль не навучыліся пісаць слова «пяцьдзясят» па-беларуску без памылак, толькі падкрэслівае драматызм сітуацыі.

У бок новых купюр прагучала ўжо шмат дрэннага і шмат добрага. Пра тое, што яны стракатыя, бы сон шызафрэніка.

Пра тое, што «оборотная сторона» кожнай з іх нагадвае візуальную агітацыю да «Славянскага базару ў Віцебску» – гэткі ж мікс усяго з усім плюс крыху «пасконнай духоўнасці».

Ці, з іншага боку, што нарэшце на грашах з’явіўся нацыянальны арнамент, што знайшлося месца візуальным маркёрам беларускасці. Не толькі скрыпкам, бубнам і «фрагментам разьбы», але і ўзорам.

Але ў мяне ў гэтых грашах як у новым сімвале беларускай культуры, дзяржаўнасці і самасці турбуе адзін прынцыповы аспект. А менавіта тое, што яны абсалютна пустыя ў плане персаналіяў.

«Азначванне» Беларусі тут вядзецца праз будынкі, тэмпаральная геаграфія якіх, выстраеная па намінале, пачынаецца з Камянецкай вежы (5 рублёў) і канчаецца – прасцігоспадзі! – стылабатам Нацыянальнай бібліятэкі (500 рублёў). Тут ёсць адрэстаўраваны Радзівілаўскі палац у Нясвіжы, чамусьці названы «замкам», тут ёсць Магілёўскі музей, тут ёсць Мірскі замак, не названы, дзякуй Богу, палацам, але тут няма ніводнай асобы. Ні Багдановіча. Ні Купалы. Ні Багушэвіча. Ні дзеячаў Рады БНР. Ні нават князёў Літоўскіх, хаця купюру з Міндоўгам я б адназначна паказваў усім сябрам-замежнікам разам з аповедам пра тое, што гэта за чэл і чым ён выбітны (а выбітны ён шмат чым).

І – добра. Я разумею, што ёсць героі пажаданыя і непажаданыя. І калі б Багдановіч, Купала, Багушэвіч, Дубоўка ці той жа Міндоўг маглі цяпер быць тэхнічна запрошаныя на беларускае тэлебачанне, яны б не прайшлі цэнзуру як «нефарматныя» ці «чорнаспісныя» («Ты не чарнакніжнік, Усяслаў! Ты чарнаспіснік»!).

Дык вось, нават прымальных і фарматных герояў тут няма. На рублях не праглядаецца Мулявіна, Савіцкага ці Кішчанкі. Тут не фігуруе савецкіх дзеячаў, якія ўшаноўваюцца дзяржавай. Тут няма ні Машэрава, ні Бембеля.

І вось узнікае пытанне: чаму так? Бо гэта калі не правіла, дык традыцыя: змяшчаць на грошы па ўсім свеце людзей, якія зрабілі нешта для нацыі. Згадайма, напрыклад, амерыканскія даляры. Згадайма, як мы здзіўляліся ў 90-х, хто гэты патлаты мужык на сотцы, як вымушаныя былі даведацца, хто, бо гэта ж непрыкольна – мець Франкліна ў кішэні і не мець у галаве.

Вы можаце запярэчыць: а вось жа еўры! На іх жа няма ніякіх твараў! Выключна разваліны! Дарэчы, дужа падобныя па колеры і тэхніцы малюнка на тыя разваліны, што свецяцца на беларускіх рубліках! Дзе ж тут, на еўрах, Гётэ? Дзе Бамаршэ? Дзе Моцарт?

Але тут ёсць адно прынцыповае адрозненне: еўра – грошы наднацыянальныя. Гэта грошы сістэмы, якая ўзнікла з некалькіх дзяржаў і хацела б трымацца гэтай еднасці.

Калі б на еўра фігураваў вобраз Моцарта і не фігуравала вобразаў Баха, Шапэна, Дэбюсі, немцы, палякі і французы мелі б падставу пакрыўдзіцца. Такім чынам, у выпадку з еўра стаяла іншая задача: не вылучыць галоўных герояў з ліку значных для адной культуры, а выбудаваць прыкметы еднасці для ўсіх. Вось чаму на рэверсе кожнай купюры – мапа Еўропы.

У беларускім выпадку грошы варта было б разглядаць як вельмі эфектыўныя медыі з выключным пакрыццём: гэты носьбіт інфармацыі атрымлівае літаральна кожны. Што б мы новага хацелі распавесці пра беларускасць? Што? Камянецкую вежу? Радзівілаўскі «замак» у Нясвіжы? Камон!

Гэтыя грошы вельмі падобныя на помнікі, якія апошняе дзесяцігоддзе ставіць сама сабе нашая эпоха. Сярод бронзавых статуй і бюсцікаў, што нараслі па буйных гарадах, няма асобаў. Тут ёсць постаць бабра (Бабруйск). Тут ёсць чалавек, які курыць (Мінск, ля вакзала). Тут ёсць баба, якая гандлюе (Мінск, Камароўка), тут ёсць ліхтаршчык (Берасце) і нейкі загадкавы «шчаслівы сапог» (я яго бачыў, сэнс і прызначэнне не зразумеў). Гэта не помнікі героям. Гэта помнікі прафесіям, якімі героі мелі б займацца.

Гэтак і грошы. На адвароце папяровых банкнот – развагі на тэму «першых славянскіх (???) паселішчаў», «кнігадруку», «духоўнасці» (куды ж без яе) ды «мастацтва». Але толькі не выявы кнігадрукароў, святых айцоў, мастакоў ці пісьменнікаў. Герой у эпохі мусіць быць адзін, і ўсе мы яго ведаем. Усе астатнія – статысты і сучаснікі.

Сітуацыя, безумоўна, сумная. Я б хацеў бачыць Купалу на нашых грашах. Хацеў бы бачыць постаць задуменнага Багдановіча. Хацеў бы, каб з купюр пасміхаўся Караткевіч. Але вось што суцяшае: гэта ўсё аднойчы абавязкова будзе. Пасля смерці фараона Эхнатона ягонае імя было наўмысна сцёртае з усіх абеліскаў. Якія, дарэчы, былі адзіным каналам захавання інфы для нашчадкаў. І вось жа – памятаем. Запомнім і нашых. І ўшануем, як прыйдзе час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?