Адменены візіт у Беларусь намесніка міністра замежных спраў Польшчы Конрада Паўліка, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар польскага пасольства Ганна Дзерска.

Візіт планаваўся на 10—13 лістапада. Нагадаем, чакаўся ўдзел намесніка міністра 11 лістапада ў цырымоніі падпісання пагаднення паміж пасольствам Польшчы і кампаніяй VFS.Global, аператарам будучых польскіх візавых цэнтраў на тэрыторыі Беларусі.

З чым звязана адмена візіту чыноўніка МЗС, прэс-сакратар пасольства не патлумачыла. «Мы нічога не каментуем», — сказала Дзерска. Пры гэтым яна ўдакладніла, што адменены толькі візіт Паўліка, дэлегацыя польскіх дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання і дзелавых колаў наведае Беларусь, як і было запланавана. «Уся эканамічная праграма застаецца, як запланавана», — сказала Дзерска.

У прыватнасці, на 11 лістапада запланаваны ўдзел польскай дэлегацыі ў працы выставы «Прадэкспа», а таксама семінары «Беларуска-польскае супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі і харчавання» ў Мінску.

12 лістапада дэлегацыя наведае Магілёў, дзе правядзе сустрэчу з кіраўніцтвам Магілёўскай вобласці і возьме ўдзел у працы беларуска-польскага рэгіянальнага бізнес-форуму, а таксама мерапрыемствах Тыдня польскага кіно.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?