У Мінску 10 лістапада афіцыйна адкрыўся універсальны візавы цэнтр кампаніі Pony Express. Цэнтр аказвае паслугі па афармленні віз у Латвію і Іспанію, а ў хуткім часе плануе пачаць аказанне паслуг па афармленні віз у Чэхію.

Як адзначыў пасол Латвіі ў Беларусі Маціньш Вірсіс, Латвія супрацоўнічае з Pony Express з 2009 года. Паводле слоў дыпламата, адкрыццё візавага цэнтра ў Мінску з'яўляецца яшчэ адным доказам таго, што адносіны паміж Латвіяй і Беларуссю «актыўна развіваюцца, у людзей будзе дадатковая магчымасць наведваць Латвію».

Вірсіс адзначыў, што ў грамадзян Беларусі ёсць выбар, куды падаваць дакументы на візу — непасрэдна ў консульскі аддзел Латвіі ці праз візавы цэнтр.

Паслугі візавага цэнтра каштуюць 387.200 рублёў за адзін пашпарт з рэгістрацыяй біяметрычных дадзеных, і 348.500 рублёў — без рэгістрацыі. Кошт візы складае 60 еўра.

Паводле дадзеных пасольства, за дзесяць месяцаў бягучага года латвійскае консульства ў Мінску выдала 28.832 візы, консульства ў Віцебску — 19.560 віз.

Дырэктар дэпартамента візавых паслуг Pony Express Наталля Яўсеенка адзначыла, што кампанія з'яўляецца галоўным лагістычным аператарам на тэрыторыі СНД і праз яе штогод падаецца больш за 500 тысяч зваротаў па візы. Кампанія валодае 152 візавымі цэнтрамі ў Расіі, Беларусі, Казахстане і Украіне.

Дырэктар Pony Express ў Беларусі Мікалай Герасімаў адзначыў, што кампанія атрымала атэстат адпаведнасці патрабаванням па абароне інфармацыі ад Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі, таму кліенты візавага цэнтра могуць быць упэўненыя ў бяспецы сваёй асабістай інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?