Беларуская чыгунка арганізуе спецыяльныя месцы для курэння, на астатняй тэрыторыі вакзальных комплексаў курэнне забароненае, паведамілі ў прэс-службе БЧ.

«Для вырашэння шэрагу праблемных пытанняў, звязаных з уздзеяннем тытунёвага дыму на навакольных, санітарным станам аб'ектаў, лакалізацыяй крыніц магчымага ўзгарання, па ініцыятыве Беларускай чыгункі сумесна з прадстаўнікамі міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях, аховы здароўя, унутраных спраў былі вызначаныя ўмовы стварэння і патрабаванні да абсталявання месцаў для курэння на адкрытым паветры на тэрыторыі вакзальных комплексаў», — адзначыла прэс-служба.

У парадку эксперыменту на 19 вакзалах (Мінск, Орша, Барысаў, Маладзечна, Баранавічы, Гродна, Ліда, Лунінец, Брэст, Пінск, Гомель, Жлобін, Калінкавічы, Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў, Віцебск, Полацк) арганізуюцца месцы для курэння на адкрытым паветры. Адначасова прадугледжанае правядзенне інфармацыйнай працы і ўзмоцнены кантроль з боку адпаведных кампетэнтных органаў.

Акрамя таго, на вакзалах пры садзейнічанні Міністэрства аховы здароўя прадугледжанае правядзенне інфармацыйных акцый пра шкоду курэння.

БЧ папярэджвае пасажыраў, што курэнне ў забароненых месцах з'яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем і цягне накладанне штрафу ў памеры да чатырох базавых велічынь (720 тысяч рублёў).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?