Цяпер пошук і навігацыю па картах Google Maps можна ажыццяўляць у афлайн-рэжыме, без падключэння да інтэрнэту, паведамляе The Verge.

Магчымасць захаваць карты асобных лакацый была даступная ў Google Maps яшчэ з 2012 года, але толькі цяпер захаваныя месцы будуць даступныя для паўнавартаснай пабудовы маршруту. Змены закрануць толькі карыстальнікаў мабільнай праграмы Google Maps. Уладальнікі Android-прылад змогуць заўважыць іх ужо з сённяшняга дня. Для гаджэтаў на iOS змены таксама плануюцца, але стануць даступныя пазней.

Афлайнавы варыянт карт будзе некалькі адрознівацца ад версіі, якая працуе ў анлайн-рэжыме. Так, для маршруту будуць прымяняцца усярэдненыя дадзеныя аб дарожным трафіку (наўзамен інфармацыі ў рэжыме рэальнага часу). Інфармацыя аб установах (кавярнях, рэстаранах) таксама будзе даступная ў афлайне — назвы, рэйтынгі і нумары тэлефонаў, але фатаграфіі і водгукі без інтэрнэту праглядзець ужо не атрымаецца з-за абмежаванняў па памеры.

Супрацоўнікі Google кажуць, што афлайн-версія Google Maps будзе зручная для людзей, якія вандруюць без сім-карты, а таксама для тых, хто апынуўся ў «мёртвай зоне» мабільнага аператара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0