Два тыдні таму Аляксандр Лукашэнка паклаў канец размовам пра размяшчэнне расійскай авіябазы ў Беларусі, заявіўшы, што гэты крок нашкодзіць і Беларусі, і Расіі. Але ці доўга Беларусь зможа супраціўляцца планам Расіі размясціць тут свае паветраныя сілы?
Мяркуйце самі: Беларусь не закупала новыя баявыя самалёты ажно з часоў развалу Савецкага Саюзу. Апошнія абнаўленні айчыннага авіяпарку — гэта чатыры вучэбна-баявыя самалёты Як-130, якія кампанія «Іркут» сёлета паставіла нашаму Міністэрству абароны. Падпісаны кантракт яшчэ на чатыры такія самалёты.
Беларускія Як-130.
Што такое Як-130? Вайскоўцы называюць яго «лятучым камп’ютарам», што праўда, бо самалёт бадай што найлепшы ў свеце па электроніцы. Але ягоная асноўная задача — гэта падрыхтоўка пілотаў да палётаў на розных тыпах самалётаў: Як-130 можа імітаваць палёт нават амерыканскіх F16 i F22 Raptor.
Што ж датычыць ягоных баявых здольнасцяў, то тут самалёт саступае той тэхніцы, якой сёння валодаюць беларускія ВПС: МіГ-29, Су-25, Су-27 (Су-27 выведзеныя з шэрагаў Узброеных сілаў у 2013 годзе. Рэальна сёння ўся знішчальная авіяцыя краіны — гэта толькі дзве эскадрыльі МіГ-29).
Іншымі словамі, разглядаць Як-130 як паўнавартасную замену цяжкім знішчальнікам нельга.
І Беларусь, безумоўна, хацела б атрымаць больш баяздольную тэхніку, але нашыя баявыя «саюзнікі» нам яе проста не даюць!
Расія адмаўляецца пастаўляць Беларусі цяжкія знішчальнікі пакалення 4+ Су-30, хоць пра гэта неаднаразова вяліся перамовы.
Асабліва паказальны выпадак 2013 года, калі, паводле папярэдняй дамовы, Індыя вяртала Расіі 18 Су-30К, у абмен на Су-30-МКІ.
Каб не плаціць пошліну, самалёты не ўвозілі ў Расію, а паветрам даставілі на 558-ы авіярамонтны завод у Баранавічах, дзе самалёты меліся прайсці мадэрнізацыю. Далей расіяне хацелі іх прадаць па даволі прывабнай цане — каля 300 мільёнаў даляраў за 18 самалётаў! (Новы Су-30 у залежнасці ад мадэлі каштуе ад 50 да 90 мільёнаў $ за адзінку.)
Індыйскія Су-30К
Найбольш імаверным купцом тады здавалася Беларусь, бо тут самалёты праходзілі мадэрнізацыю.
Але нам не далі тыя знішчальнікі, прадаўшы іх у… Анголу! Перыферыйную афрыканскую краіну, якой Крэмль яшчэ і даў крэдыт на закуп самалётаў. Беларусі ж не дасталося нічога.
Такім чынам, наш вайсковы «саюзнік» метадычна сабатуе дзейнасць ВПС Беларусі, заганяючы нас у прамую залежнасць ад расійскай авіяцыі, бо ўласная з кожным годам старэе і не можа адпавядаць выклікам часу.
Напрыклад, 558-ы рамонтны завод у Баранавічах можа мадэрнізаваць самалёты, чым цяпер і займаецца. Але гэта датычыць толькі электронікі — зношаныя рухавікі Су і МіГ мы замяніць не можам, бо ў Беларусі іх не робяць.
Наступствы старэння авіяпарку ўжо бачныя — за мінулы год падчас трэніровачных вылетаў у Беларусі разбіліся два самалёты: штурмавік Су-25 з лідскай авіябазы і знішчальнік Міг-29 з баранавіцкай.
Відавочна, што Як-130 не змогуць напоўніцу замяніць страчаныя самалёты і ўзмацніць айчынны авіяпарк.
Таму сам Лукашэнка перыядычна падкрэслівае патрэбу ў новай тэхніцы. Пасля сустрэчы з Шайгу ў 2013 годзе Лукашэнка сказаў, што яму, як галоўнакамандуючаму, «сёння не хапае двух дзясяткаў сучасных самалётаў». І што нам прапанавалі рускія? Размясціць тут свае войскі, а не дапамагчы тэхнікай.
Ваенны эксперт Аляксандр Алесін увогуле мяркуе, што Расія чакае, пакуль уся нашая авіятэхніка выйдзе з ладу, каб у Беларусі не было ніякіх варыянтаў, акрамя як пагадзіцца на размяшчэнне сучасных расійскіх самалётаў на сваёй тэрыторыі.
Наш адказ
Адзінае выйсце ў гэтай сітуацыі для Беларусі — гэта распрацоўка ўласнай зброі стрымлівання, і такая зброя ўжо ёсць. Гэта «Паланэз» — спалучэнне сістэмы рэактыўнага агню і аператыўнатактычнага комплексу, зона паражэння якога складае 200 кіламетраў.
«Паланэзы» на парадзе 9 Мая ў Мінску.
«Паланэзы» распрацаваныя разам з кітайцамі, у якіх ёсць добрыя напрацоўкі ў галіне ракетабудавання.
Але нават стварэнне «Паланэзаў» Лукашэнку падаецца недастатковым — на пачатку лістапада, падчас наведвання завода дакладнай электрамеханікі ў Дзяржынскім раёне, Лукашэнка даручыў стварыць і паставіць у войска больш магутныя ракетныя комплексы.
Пра самалёты ж на час вырашана забыцца, пра што сведчаць словы галоўнакамандуючага ў духу «Што такое самалёт? Яго бачна з усіх бакоў у паветры. Пуск адной ракеты — і няма самалёта».
І насамрэч, сёння ў Беларусі ёсць чатыры брыгады С-300, якія агулам могуць зрабіць каля 700 пускаў. Важным крокам ва ўмацаванні абараназдольнасці быў бы выпуск айчынных аналагаў С-300. Але гэта вельмі складаная задача.