У Беларусі часта наракаюць на «гістарычнае бяспамяцтва». Вось, маўляў, адзін з каранёў беларускае бяды — не памятаем сваіх «каранёў». І радаводу «да пятага калена».

Думаў так і я. Пакуль не трапілася мне сутыкнуцца з народамі мусульманскага Усходу: бахціярамі ў Іране, белуджамі ірана­пакістана­афганскага ўзмежжа, узбекамі Оша, хазарэйцамі Афганістана.

Калі маеш справу з людзьмі больш-­менш працяглы час, дык раней ці пазней сутыкаешся з іх уяўленнямі пра смерць і памяццю пра мінулыя пакаленні.

Дык вось, возьмем тых самых бахціяраў — ваяўнічае лурскае племя, што жыве непадалёк ад іранскага Ісфахана. Ніякіх дзён, адмыслова прызначаных для наведвання могілак, у іх няма. Могілкі наведваюць адразу пасля смерці — 40 дзён, напрыклад, а пасля вельмі рэдка.

Аргументы пра качавыя і аседлыя народы не прымаю, бо ошскія ўзбекі — фактычна былыя сарты — якраз месцічы. Дый бахціяры ў большасці сваёй даўно аселі.

Іншы момант. Нават у сям'і, прыналежнай да адгалінавання бахціярскіх ханаў, амаль ніхто не ведае магілаў прадзедаў і далёка не кожны ведае дарогу да магілаў дзядоў. Дадам, што гэтыя самыя людзі з гонарам распавядаюць пра сваю прыналежнасць да тамтэйшай знаці, дэманструюць старасвецкія ўборы, паказваюць дамы і землі, дзе робяць іх колішнія парабкі. Паказваюць з крыўдай, бо таксама рэвалюцыя абскубла: спачатку шахская «Белая рэвалюцыя», пасля Ісламская. Але, маўляў, яны ўсё памятаюць.

Што тут сказаць: што ў беларусаў два дні на год адведзеныя нябожчыкам? Што мая так бы мовіць extended family, як у нас кажуць, «сваім кагалам», заўжды збіралася на могілкі ў адпаведныя дні: увесну на Радаўніцу, пры канцы лета — на Спажу, хоць Спажа не мае статусу афіцыйнага свята ў краіне. [СпажА — Спленне, Прачыстая, 28 жніўня — дыялектная назва. — Рэд.] Што мы і цяпер наведваем магілы памерлых аж у 1944­м? І ведаем, дзе ляжаць нашы нябожчыкі? І нават за сотні кіламетраў сваякі ездзілі (хай сабе і раз на дваццаць гадоў), на Магілёўшчыну, «на магілу».

Або іншае скажу. Вось прынята таксама бэсціць нашых людзей за бязбожжа і адыход ад веры. Але ўсе мае сваякі хрысцілі дзяцей у савецкі час, хоць некаторыя былі камуністамі, нехта рабіў у міліцыі, і фактычна ўсе трывала падтрымлівалі савецкую ўладу.

Памятаюць мае сваякі, і дзе да 39­-га былі іх землі, і хто, дзе і што рабіў у вайну. Памятаюць і тое, як дзед Лёкса двойчы ваяваў з немцамі за Польшчу і, знявечаны, ледзьве ногі цягаў па вайне, а бабчын брат Фрол страціў пальцы пад Сталінградам. Памятаюць і тое, як дзед Рывон трапіў у НКВД, але быў неўзабаве вызвалены. І памяталі заўжды. І разумелі, што да чаго. У адрозненне ад мяне, чытача адраджэнскай літаратуры.

І так не толькі ў маёй сям’і. У вёсках маіх дзядоў — на Маладзечаншчыне і Магілёўшчыне — ва ўсіх так.

Дык што гэта, калі не «памятаць свае карані»?

Іншая справа, ці так яно будзе і надалей. Ці захаваюць такое стаўленне маладзейшыя за мяне пакаленні?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?