11.11.2015 / 19:19

Мадрыд абскардзіў рэзалюцыю аб незалежнасці Каталоніі ў судзе

Урад Іспаніі падаў пазоў у Канстытуцыйны суд аб незаконнасці рэзалюцыі каталонскага парламента, якая зацвярджае пачатак працэсу набыцця незалежнасці. Адпаведнае рашэнне ўрад прыняў на пазачарговым пасяджэнні.

Генеральны дзяржаўны адвакат Марта Сілва ды Пуэрта ўжо прадставіла пазоў у Канстытуцыйным судзе. Пра яго падачу афіцыйна паведамяць палітыкам Каталоніі, якія маюць непасрэднае дачыненне да прыняцця рэзалюцыі, у тым ліку старшыні парламента аўтаномнай вобласці Кармэ Фаркадэлю.

Гэтым палітыкам могуць быць выстаўленыя абвінавачанні ў невыкананні закона, што пацягне за сабой вызваленне ад пасад.

Пасля паступлення пазову ўрада ў КС, працэс аддзялення Каталоніі будзе прыпынены да тых часоў, пакуль суддзя не вынесе вердыкт.

9 лістапада парламент іспанскай аўтаномнай вобласці Каталонія ўхваліў план па набыцці незалежнасьці да 2017 года. У дакуменце афіцыйна ўказваецца на «пачатак працэсу стварэння незалежнай дзяржавы Каталонія ў выглядзе рэспублікі». План прадугледжвае выхад са складу Іспаніі на працягу 18 месяцаў.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру