Паводле даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця, кожная трэцяя (33,6%) хатняя гаспадарка ў Беларусі адзначыла, што яе матэрыяльнае становішча сёлета пагоршылася, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт. 

Станоўча ацанілі змяненні ў сваім матэрыяльным становішчы ў параўнанні з мінулым годам 10,7% хатніх гаспадарак. На стабільнасць свайго матэрыяльнага становішча ўказалі 55,7% хатніх гаспадарак. 

Сярод хатніх гаспадарак, якія адзначылі паляпшэнне свайго матэрыяльнага становішча ў параўнанні з мінулым годам, 35,6% звязваюць гэта са з'яўленнем новай ці дадатковай крыніцы працоўных даходаў, 26,5% — з павышэннем даходаў ад працоўнай дзейнасці, 16,9% — са з'яўленнем даходу, не звязанага з працоўнай дзейнасцю (ад здачы ў арэнду нерухомасці, ад продажу сельскагаспадарчай прадукцыі і гэтак далей), 13,6% — з павышэннем пенсій ці дапамог. 

Амаль для паловы (47,7%) хатніх гаспадарак, якія ўказалі на пагаршэнне матэрыяльнага становішча ў параўнанні з 2014 годам, прычынай негатыўных змяненняў з'явіўся значны рост цэн. Для 19,3% рэспандэнтаў пагаршэнне матэрыяльнага становішча звязана са зніжэннем даходаў ад працоўнай дзейнасці, для 10,1% — з пераходам на менш аплачаную працу, няпоўнай занятасцю ці стратай працы. 

Дзве траціны (66,4%) хатніх гаспадарак рэспублікі ацанілі сваё матэрыяльнае становішча сёлета як сярэдняе, чвэрць (25,1%) хатніх гаспадарак — крыху ніжэй за сярэдняе, 4% — крыху вышэй за сярэдняе і высокае. Нізкую ацэнку свайму матэрыяльнаму становішчу далі 4,5% хатніх гаспадарак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?