Пры працэдуры надгляду футбольных заўзятараў будуць прысутнічаць прадстаўнікі федэрацыі — такое адно з рашэнняў, прынятых на сустрэчы старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргея Румаса і міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, якая прайшла 11 лістапада.

Паводле звестак упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, Румас «прывёў некалькі прыкладаў некарэктных паводзін міліцыянераў на кантрольных пунктах пропуску і акцэнтаваў увагу на скаргах з боку фанатаў». Шуневіч «дапусціў наяўнасць адзінкавых інцыдэнтаў у сілу чалавечага фактару і асабістых якасцей асобных супрацоўнікаў». «Разам з тым часта публікацыі ў СМІ, якія тычацца канфліктаў «міліцыянер — фанат», не заўсёды аб'ектыўныя. Для вырашэння гэтай праблемы ў далейшым на надглядных мерапрыемствах будуць прысутнічаць прадстаўнікі АБФФ, якія на свае вочы змогуць упэўніцца ў непрадузятых адносінах праваахоўнікаў да грамадзян», — зазначаецца ў прэс-рэлізе.

«Пільная ўвага» была нададзеная бакамі неабходнасці стварэння інстытута сцюардаў. Паводле слоў Шуневіча, у гэтым пытанні пазіцыя МУС адназначная: міліцыянераў унутры «чашы» падчас матчаў быць не павінна.

Супрацоўнікі міліцыі пры гэтым будуць толькі суправаджаць спартыўнае мерапрыемства і рэагаваць на якія-небудзь здарэнні ўжо па просьбе сцюардаў. «Прапанова важная і патрэбная — з гэтым безагаворачна пагадзіліся абодва бакі. Але пытанне патрабуе дэталёвай прапрацоўкі, у першую чаргу ў прававым полі. На погляд удзельнікаў сустрэчы, прасоўванню гэтай ініцыятывы дапаможа адпаведнае апытанне, размешчанае на афіцыйным сайце АБФФ з мэтай вывучэння грамадскай думкі», — гаворыцца ў паведамленні.

Разам з тым, паводле слоў Шуневіча, прыняцце рашэння аб гэтак званым суправаджэнні фанатаў, а таксама ахова грамадскага парадку за межамі стадыёнаў застануцца ў кампетэнцыі МУС, таму што «гэта ўжо закранае інтарэсы не толькі заўзятараў, але і іншых грамадзян».

Федэрацыя выказала гатоўнасць да прыняцця «дысцыплінарных рашэнняў аб забароне наведвання стадыёнаў асобам, якія парушаюць устаноўленыя правілы паводзін», а таксама да фарміравання міжведамаснай рабочай групы па распрацоўцы законапраекта «Аб заўзятарах».

Удзельнікі нарады закранулі пытанне выкарыстання падчас матчаў на стадыёнах рознай сімволікі. Прадстаўнікі федэрацыі «падтрымалі пазіцыю МУС у супрацьдзеянні з'яўленню на трыбунах розных экстрэмісцкіх, каляпалітычных і радыкальных плакатаў, банераў і г.д.». Адначасова бакі прызналі, што на трыбунах «існуе дэфіцыт нацыянальнай ідэі і афіцыйных дзяржаўных сімвалаў».

У перамовах узялі ўдзел таксама першы намеснік старшыні БФФ Сяргей Сафар'ян, прадстаўнікі міліцыі грамадскай бяспекі на чале з намеснікам міністра ўнутраных спраў Мікалаем Мельчанкам, а таксама начальнік ГУБАЗіК МУС Мікалай Карпенкаў.

На іх думку, рэалізацыя згаданых ініцыятыў і дамоўленасцяў «у наступным мінімізуе колькасць канфліктаў паміж супрацоўнікамі міліцыі і футбольнымі фанатамі». Ужо ў нядзелю, 15 лістапада, «многія з іх будуць «абкатаныя» на заключных матчах футбольнага сезона». Па ўсім відаць, размова ідзе аб апошнім туры ў першай лізе.

***

Сустрэчу Румаса і Шуневіча анансаваў Сафар'ян на сустрэчы з журналістамі 28 кастрычніка. Прычынай стаў інцыдэнт на адборачным матчы чэмпіянату Еўропы 2016 года Беларусь — Македонія, які адбыўся 12 кастрычніка на «Барысаў-Арэне». У перапынку былі затрыманыя і дастаўленыя ў Барысаўскі РАУС тры заўзятары. Наступным днём яны былі аштрафаваныя на 10 базавых велічынь (1,8 млн рублёў) кожны. Паводле слоў заўзятараў, праваахоўнікі прычапіліся да шалікаў з выявай гістарычнага герба «Пагоня», сілавікі сцвярджалі, што фанаты знаходзіліся ў нецвярозым стане і адмаўляліся выконваць іх законныя патрабаванні. Пазней кіраўнік МУС заявіў, што нашэнне сімволікі з гербам «Пагоня» не з'яўляецца прычынай для прыцягнення да адказнасці. Федэрацыя футбола заявіла, што бярэ інцыдэнт на кантроль. Паводле слоў Сафар'яна, з МУС паступіў ліст, дзе была «не інфармацыя па сутнасці, а, увогуле, незадаволенасць нашымі дзеяннямі, што мы не падтрымліваем дзеянні МУС, і паўторана, што заўзятары былі нецвярозыя і парушалі грамадскі парадак». «У гэтым выпадку ўзнікае пытанне, як нецвярозыя праз кардоны міліцыі трапілі на стадыён, хто іх туды прапусціў», — зазначыў прадстаўнік БФФ.

Паводле яго слоў, у федэрацыі ёсць прапанова, «якую МУС пакуль не пачуў і не хоча чуць». «Мы прапаноўваем стварыць механізм, каб у наступным такіх інцыдэнтаў не ўзнікала, каб абодва бакі ведалі, што ёсць трэці бок, які будзе ацэньваць гэту сітуацыю аб'ектыўна, не аддаючы якога-небудзь прыярытэту таму ці іншаму боку. Будуць даваць паказанні не прадстаўнікі АМАП у судзе, а людзі, якія не зацікаўленыя займаць чыйсьці бок», — заявіў Сафар'ян.

«Датуль, пакуль такія сітуацыі ў прынцыпе магчымыя, заўзятараў на стадыёнах будзе менш, а стаўленне да міліцыі не палепшыцца, — сказаў прадстаўнік федэрацыі. — Два гэтыя пытанні трэба вырашаць: павялічваць колькасць заўзятараў на трыбунах і паляпшаць стаўленне міліцыі да нашых заўзятараў. Яны не злачынцы».

Пасля таго як з боку заўзятараў на МУС абрынулася хваля крытыкі, у зводках міністэрства пачасціліся паведамленні аб правапарушэннях, учыненых фанатамі ў нефутбольнай сферы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0