11.11.2015 / 21:58

Парашэнка: Украіне трэба 6—7 гадоў для ўступлення ў НАТА

Украіне трэба мінімум шэсць—сем гадоў, каб адпавядаць шэрагу патрабаванняў для магчымага ўступлення ў НАТА. Пра гэта Пятро Парашэнка заявіў у размове з DW.

«Нам трэба адпавядаць стандартам НАТА, і гэта не адбудзецца сёння, ці заўтра, ці ў наступным годзе», — дадаў Парашэнка.

«Мы суверэнная і незалежная дзяржава, і нам не трэба пытацца дазволу ні ў Расіі, ні ў кагосьці яшчэ, — падкрэсліў кіраўнік украінскай дзяржавы. — Наша пазіцыя заключаецца ў тым, каб рэфармаваць краіну, і нам трэба мінімум шэсць-сем гадоў, каб адпавядаць крытэрам. Мы павінны правесці тую працу, якая з'яўляецца неабходнай для нас, і толькі тады мы павінны спытаць украінцаў і правесці рэферэндум».

Як адзначыў Парашэнка, калі два гады таму планы па ўступленні ў НАТА падтрымлівалі каля 16% украінцаў, то цяпер — каля 60%.

Каментуючы пазіцыю міністра замежных спраў Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера, які бачыць толькі партнёрства Украіны з НАТА, але не яе сяброўства ў альянсе, Парашэнка адзначыў: «Гэта толькі пазіцыя Штайнмаера ў 2015 годзе, і ніхто не ведае, якой будзе пазіцыя Германіі ў 2022 годзе».

Прэзідэнт Украіны таксама падкрэсліў, што на сёння НАТА з'яўляецца адзінай эфектыўнай сістэмай бяспекі.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру