У сюжэтах шэрагу расейскіх тэлеканалаў, прысвечаных нарадзе ў прэзідэнта Расіі па абароннай тэматыцы, былі прадэманстраваны засакрэчаныя да гэтага часу сістэмы ўзбраенняў.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, перадае расійскі «Інтэрфакс».

«Сапраўды, там некаторыя сакрэтныя дадзеныя патрапілі ў аб'ектыў камеры, таму яны пасля былі выдаленыя. Спадзяемся, што такога больш не паўторыцца», — сказаў Пяскоў журналістам, тлумачачы, чаму гэтыя кадры пасля зніклі з сюжэтаў тэлеканалаў.

На пытанне, ці з'віліся ўслед нейкія аргвысновы ў сувязі з такой уцечкай інфармацыі, Пяскоў сказаў: «Пакуль мне невядома пра нейкія меры, але ў далейшым мы, безумоўна, выканаем прэвентыўныя меры, каб гэтага больш не здарылася».

Як вядома, кадры з ілюстрацыяй наглядных матэрыялаў па праграме «Статус-6», прызначанай для нанясення «гарантавана непрымальнай шкоды» з радыеактыўным заражэннем, трапілі ў эфір цэнтральных каналаў 9 лістапада.

Прынцып дзеяння і тып прылады па выяве вызначыць цяжка — гэта можа быць як тарпеда з ядзернай боегалоўкай, так і беспілотны падводны апарат, піша SLON.

У якасці носьбіта «Статус-6» вызначаны атамныя крэйсеры, якія, як паведамлялася, будуць выкарыстоўвацца для запуску робатаў-беспілотнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0