На пракрамлёўскім сайце regnum.ru з’явіўся вялікі артыкул беларускага эканаміста, прыхільніка «рускага свету» Сяргея Шыптэнкі «Беларускае дэнамінацыйнае захапленне».

Аўтар тлумачыць, што ўмовы для дэнамінацыі беларускай валюты абраныя неспрыяльныя. Ён прыводзіць мноства цытатаў беларускіх чыноўнікаў аб тым, што дэнамінацыю можна праводзіць толькі пры ўмове 10% і ніжэй інфляцыі ў краіне. Шыптэнка называе «маніякальнай» цягу «моцных гаспадарнікаў» да друкарскага станка.

Шыптэнка рэзка крытыкуе стан сённяшняй беларускай эканомікі. «Проста беларусы ледзьве сточваюць канцы з канцамі паміж крызісамі», — канстатуе ён.

А будаўніцтва Аляксандрам Лукашэнкам у такіх складаных умовах Палаца Незалежнасці называе «радзівілаўшчынай» і «лімітрофным фетышызмам».

Напрыканцы артыкула Шыптэнка прайшоўся ўласна па новых банкнотах. «Новыя грашзнакі, набліжаныя да еўра па дызайне і месцы вытворчасці, сімвалізуюць ідэалагічную ўстаноўку на адсутнасць сувязяў з Расеяй як у мінулым, так і ў будучыні.

Цудам ацалела толькі назва «рубель», якую, мабыць, толькі па прагматычных меркаваннях не замянілі на які-небудзь «талер» ці ўвогуле смяхотны варыянт у духу назваў валют сярэднеазіяцкіх рэспублік былога СССР».

І гэта яшчэ не ўсё, Шыптэнка абураецца, што на будучых грошах цалкам адсутнічае савецкае мінулае Беларусі.

«Новыя грашовыя знакі постсавецкай «рэспублікі» [заўважце, што слова напісанае ў двукоссі – «НН»]адлюстроўваюць міфічныя ўяўленні аб асобнай ад Расеі беларускай гісторыі і ўтрымліваюць недвухсэнсоўнае палітычнае пасланне: новым ідэалагічна верным суб'ектам беларускай гісторыі з'яўляецца ўжо не народ, а польскія паны — даўнія ворагі не толькі Расіі, але і ўсяго рускага. Адсюль багацце «радзівілаўшчыны» на новых купюрах, празрыстых намёкаў на польска-«сармацкія» карані беларускай дзяржаўнасці».

І ўрэшце Шыптэнка знаходзіць у купюрах, канечне ж, русафобію.

«У цэлым, сімвалы, намаляваныя на новых беларускіх грошах, адлюстроўваюць разнастайныя комплексы непаўнавартасці кіраўніцтва РБ, пачынаючы ад русафобіі і заканчваючы бояззю дзяржаўнасці, якая не адбылася».

Які ж рэцэпт эканаміст прапануе ў такой сітуацыі?

«Уз'яднанне з Расіяй стане выратаваннем для Беларусі. Беларусы прывыклі жыць у паўнавартаснай дзяржаве, у вялікай самадастатковай краіне, думаць эпохамі і кантынентамі, супрацоўнічаць у рэалізацыі маштабных праектаў, адчуваць дачыненне да вялікай місіі. Рэалізацыя права на ўз'яднанне дасць шанец. Гібенне ў лімітрофным гета агіднае і смерці падобнае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?