Віталіна Вірынская займаецца адзінаборствамі ў СДЮШАР Маладзечанскай РПА работнікаў АПК. У свае 16 гадоў яна ўжо бронзавы прызёр чэмпіянату свету па тайскім боксе сярод старэйшых юніёрак, сяміразовая чэмпіёнка Рэспублікі Беларусь па ушу, аднаразовая чэмпіёнка па К-1 і прызёр чэмпіянату Беларусі па тайбоксе.

Чаму жаночы бокс — жорсткі, яна распавяла ў інтэрв'ю Край.бай.

Віталіна займаецца тайскім боксам чацвёрты год. З жаночай сумачкі дзяўчына сціпла дастае важкую звязку медалёў розных вартасцяў.

За гэты невялікі прамежак часу яна паспела пабываць на спаборніцтвах самых розных узроўняў. Але сваім галоўным дасягненнем лічыць паездку ў Бангкок.

У жніўні 2015 яна ў складзе нацыянальнай зборнай адправілася на чэмпіянат свету па тайскім боксе, дзе стала бронзавым прызёрам. У вачах дзяўчыны чытаецца — гэта не мяжа.

Са сваёй бронзай маладзечанка не можа змірыцца да гэтага часу і па-ранейшаму марыць аб золаце. Перамогшы тайку, яна не справілася з расіянкай.

— Выходзіць на бой з тайкай, — прызнаецца Віталіна, — было спачатку страшнавата. Усё ж такі яны значна лепшая за нас у гэтым відзе спорту. А мы што? Проста напорыстыя і нахабныя, гэтым і бяром. Але я ў баі з тайкай выйшла пераможцай. Затое саступіла расіянцы. І ўсё па сваёй дурасці, — прыкрасць да гэтага часу чуецца ў яе голасе, — проста спалохалася яе, не ведаю чаму. Крыўдна да гэтага часу. Вельмі хацелася вярнуцца дадому з золатам і парадаваць ўсіх: і трэнера, і бацькоў.

На рынгу дзяўчыне трэба было пратрымаць тры раўнды па дзве хвіліны.

— Гэта вельмі цяжка, — прызнаецца Віталіна. — Бо спаборніцтвы праходзілі не ў памяшканні, а на адкрытым паветры. А ў Бангкоку на той момант было вельмі горача, а ты ў экіпіроўцы — шчыткі, налакотнікі, шлем, дзяўчынкам яшчэ сеткі на галаву апраналі, каб валасы не заміналі. Пот літаральна ліўся ручаём.

Спартсменам з беларускай зборнай удалося атрымаць майстар-клас ад тайцаў. Напярэдадні баёў яны займаліся з беларусамі і далі ім карысныя парады.

— У Бангкоку нас трэніравалі самі тайцы. Гэта было цяжка, страшна і адначасова вельмі крута, — дзеліцца яна. — У асноўным яны нас падцягнулі па працы каленаў, локцяў перад спаборніцтвамі. Перад баямі мы вельмі добра прадыхаліся, таму што ў Бангкоку была тады невыносная спякота і вельмі сухое паветра.

Па прызнанні маладзечанкі, ёй вельмі хацелася пакаштаваць смажаных тараканаў, якімі славіцца Тайланд, але пачаставацца імі яна так і не адважылася.

— Што мяне здзівіла ў іх кухні? Па-першае, у іх мяса чамусьці падаецца салодкім і з арэхамі. А яшчэ заўважыла, што тайцы ядуць вельмі вострую ежу.

У тайскі бокс прывёў тата

Свайго бацьку Віталіна называе другім трэнерам: дома ён дапамагае дачцэ адпрацоўваць удары, паказвае прыёмы. Калісьці ён таксама займаўся адзінаборствамі ў бацькі цяперашняга трэнера Віталіны Міхаіла Панцюхова.

— Як я прыйшла ў тайскі бокс? Насамрэч, гэта вельмі цікавая гісторыя. Справа была зімой. Мы сядзелі з татам, а я ў той момант ні чым не займалася. Конны спорт пакінула, зразумела, што не маё. А па тэлевізары ў гэты момант ішлі жаночыя баі. І вось тата жартам кажа: «Можа, і цябе аддаць туды?» А я яму падыграла і жартам адказала: «Ну, аддай». А сама сяджу і думаю: «Як такое наогул можа быць? Дзяўчынкі б'юць адзін аднаго! Гэта ж ненармальна».

Праз два тыдні Віталіна адправілася на першую трэніроўку. А каб не было страшна, з сабой за кампанію ўзяла сяброўку. Паводле яе слоў, першыя заняткі яна праседзела ў зале, назіраючы за тым, як усё адбываецца.

Трэніроўка зрабіла ўражанне на дзяўчыну, якая да гэтага да адзінаборстваў не мела ніякага дачынення.

— У той момант я сядзела і думала: як можна біць так адзін аднаго па твары? А ў нас у «Гладыятару» ўсе выкладваюцца па поўнай праграме нават на трэніроўцы.

На наступныя заняткі Віталіна прыйшла з жаданнем трэніравацца. Паводле яе слоў, трэнер Сяргей Панцюхоў ёй вельмі дапамагаў. Але канчаткова яна натхнілася, калі ўбачыла іншую паспяховую спартсменку клуба Юлію Загорскую.

— Яна якраз ляцела на нейкі прэстыжны чэмпіянат. Я ёю вельмі захаплялася: прыгожая, разумная дзяўчына, пры гэтым яшчэ і баец. І мне захацелася дамагчыся такіх жа вынікаў, як у яе.

Пасля той трэніроўкі, прызналася Віталіна, яна запісала ў асабістым дзённіку: «Можа быць, я калі-небудзь таксама з'езджу на «свет».

А далей пачаліся старанныя трэніроўкі, першыя спаборніцтвы ў Маладзечанскім раёне, потым абласныя, рэспубліканскія, якія ў выніку і прывялі Віталіну ў Бангкок. Дзяўчына працавала з усіх сіл, каб даказаць і сабе, і трэнеру, што нездарма прыйшла ў тайскі бокс.

Пасля пераможных баёў застаюцца не толькі медалі, але і сінякі

Зараз дзяўчына вучыцца ў сярэдняй школе №12 у Маладзечне з сярэднім балем па ўсіх прадметах — 9,0.

Маладзечнка стараецца сумяшчаць спорт і вучобу. Ходзіць на заняткі ў першую змену, вяртаецца дадому, робіць урокі, калі трэба дапамагчы бацькам — дапамагае. А далей бярэ сумку і адпраўляецца на трэніроўку. Двухгадзінныя трэніроўкі — тры разы на тыдзень. Так выглядаюць будні спартсменкі.

Перад такімі буйнымі спаборніцтвамі, як у Бангкоку, Віталіна трэніруецца штодня. Звычайна дзяўчыны на трэніроўках стаяць у парах з дзяўчынамі. Але Віталіна нават на трэніроўках не расслабляецца і заўсёды стаіць у пары з хлопцамі.

— Падчас бою я болю не адчуваю, — распавядае яна. — Ёсць злосць, запал і жаданне перамагчы. Боль прыходзіць на наступны дзень разам з сінякамі і ранкамі.

Па прызнанні Віталіны, у звычайным жыцці яна спакойная і ўсе канфлікты заўсёды імкнецца вырашыць з дапамогай дыялогу. У яе гардэробе ёсць і спадніцы, і сукенкі, і абцасы. Увогуле, звычайная дзяўчына.

Але на рынгу, кажа яна, усё мяняецца. Тады заведзеную Віталіну не спыніць. Адправіць у накаўт з правага — не праблема, бо правы бакавы — фірмовы ўдар Віталіны.

— Неяк на міжнародных спаборніцтвах у Маладзечне я ўдарыла правай у галаву суперніцы і датэрмінова выйграла бой. Ну, адправіла ў накаўт дзяўчынку, — дзеліцца сваімі дасягненнямі спартсменка.

Мужчыны ў боксе паказваюць сілу, а жанчыны — характар

Жаночы і мужчынскі тайскі бокс, разважае дзяўчына, адрозніваюцца. Калі мужчыны на рынгу дэманструюць сваю сілу, то жанчыны паказваюць свой характар. Суперніцы хочуць даказаць, што яны літаральна ва ўсім пераўзыходзяць адна адну. І барацьба на рынгу — гэта барацьба, перш за ўсё, характараў. Слабасці ў гэтым відзе спорту месца няма.

— Каб быць паспяховай у гэтым відзе спорту, трэба быць цвёрдай, упэўненай і нават дзесьці жорсткай. Пасля таго, як цябе ўдарылі, ты не можаш заплакаць і ўцячы. На спаборніцтвах нярэдка бывае так, што адна дзяўчынка ўпала, а другая можа пачаць яе дабіваць. У гэты момант ты проста павінна сабрацца і даць суперніцы адпор.

Мэта спартсменкі — стаць стаматолагам

Пасля заканчэння школы Віталіна хоча стаць стаматолагам. Дзяўчыну прыцягвае прэстыжнасць і практычнасць гэтай прафесіі. Але раней у планах у спартсменкі ўзяць золата на чэмпіянаце свету, які ў траўні 2016 пройдзе ў Францыі.

— Не ведаю, як далей складзецца мая спартыўная кар'ера, — дзеліцца дзяўчына. — Але ўжо зараз разумею, што без трэніровак я не змагу. Я нават хварэць не магу нармальна, магу з тэмпературай пайсці на трэніроўку. Устала на грушу і выплюхнула ўсе свае адмоўныя эмоцыі. І ўжо з трэніроўкі вяртаешся ў выдатным настроі.

Адказваючы на пытанне, што даў ёй тайскі бокс, Віталіна заўважае:

— Спорт даў мне не толькі ўпэўненасць у сабе, змяніў мой характар, але і таксама даў магчымасць падарожнічаць, убачыць новыя краіны. Да гэтага я і падумаць не магла, што правяду ў Бангкоку цэлыя два тыдні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?