Прэс-служба Святога Пасаду паведаміла 13 лістапада аб прызначэнні Папам Францішкам арцыбіскупа Клаўдыа Гуджэроці, да гэтага часу Апостальскага Нунцыя ў Рэспубліцы Беларусь, Апостальскім Нунцыем ва Украіне.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці быў прызначаны Апостальскім Нунцыем 15 ліпеня 2011 года і запомніўся Беларусі многімі сваімі ўчынкамі.

Сваё знаходжанне ў Беларусі Апостальскі Нунцый пачаў з наведвання хворых дзяцей у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі і гематалогіі ў Бараўлянах у знак пашаны да пакутаў беларускага народа.

За час працы арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці ў Беларусі былі прызначаны адразу чатыры новыя біскупы — яркае адлюстраванне адраджэння Касцёла ў Беларусі і трывалы грунт для будучага росту хрысціянства ў нашай краіне.

Апостальскі Нунцый адразу зарэкамендаваў сябе як вялікі прыхільнік беларускай культуры. Іерарх вывучае беларускую мову, пачаў цэлебраваць святую Імшу на ёй ўжо ў 2012 годзе, неаднаразова заклікаў беларускіх вернікаў і духавенства шанаваць і бараніць беларускую мову.

«Дарагія кандыдаты! Вы будзеце служыць народу, які мае сваю гісторыю, сваю культуру, сваю мову, свае надзеі», — казаў арцыбіскуп новым святарам і дыякану падчас урачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў 17–18 жніўня 2012 года.

Прадстаўнік Пантыфіка праводзіць незвычайна актыўную душпастырскую дзейнасць — наведвае парафіі, удзяляе сакрамэнты, стаў блізкім да звычайных вернікаў і заўсёды гатовы слухаць пра іх турботы. Гэтак праз асобу Апостальскага Нунцыя Святы Айцец у Рыме зрабіўся бліжэй да беларускіх католікаў.

Таксама прадстаўнік Святога Айца вызначыўся апёкай аб зняволеных у Беларусі. У прыватнасці іерарх наведаў палітычных зняволеных Алеся Бяляцкага, Міколу Статкевіча, Змітра Дашкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Каваленку, Паўла Сырамолатава, Эдуарда Лобава. Арцыбіскуп перадаў ім вітанні Святога Айца і католікаў, паведаміў вязням, што Касцёл моліцца за іх і іх сем’і.

Апостальскі Нунцый кожны год наведваў Курапаты — месца, дзе ў часы бальшавісцкай няволі былі расстраляны дзясяткі тысяч жыхароў Беларусі. У Курапатах і ў Трасцянцы арцыбіскуп моліцца за загінулых і зніклых сыноў і дачок Беларусі, але таксама і за будучых яе дзяцей.

Арцыбіскуп пакінуў свой след і ў гісторыі беларускай сталіцы — пры ім пачалося і было амаль скончана будаўніцтва новай Апостальскай Нунцыятуры.

***

Арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 г. у Вероне ў Італіі. Святарскае пасвячэнне атрымаў 29 мая 1982 г. Тытулярны арцыбіскуп Равэла.

Cкончыў факультэт Усходніх моваў і літаратуры пры Венецыянскім дзяржаўным універсітэце «Cà Foscari», а таксама атрымаў вучоную ступень магістра навукі святой літургіі пры Папскім літургічным інстытуце св. Анзэльма ў Рыме і доктара навукі Усходніх Касцёлаў у Папскім Усходнім Інстытуце.

У 1985 г. паступіў на служэнне ў Апостальскую Сталіцу ў Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў. З'яўляўся сакратаром прэфекта Кангрэгацыі. 7 снежня 2001 г. прызначаны Апостальскім Нунцыем у Арменіі і Грузіі. 13 снежня 2001 г. прызначаны Апостальскім Нунцыем у Азербайджане. 6 студзеня 2002 г. атрымаў біскупскую сакру.

15 ліпеня 2011 г. прызначаны Апостальскім Нунцыем у Беларусі.

***

Спіс апостальскіх нунцыяў у Беларусі:

Габрыэль Мантальва Ігера (Калумбія, 1993—1994), Агасціна Маркета (Італія, 1994—1996), Дамінік Грушаўскі (Славакія, 1996-2001), Іван Юркавіч (Славенія, 2001—2004), Марцін Відавіч (Харватыя, 2004—2011), Клаўдыа Гуджэроці (2011—2015).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?