13.11.2015 / 20:01

У Беларусі да канца 2016 можа з'явіцца больш за 10 тысяч новых бамжоў 9

Да канца 2016 краіне прыйдзецца вырашаць складанае пытанне: што рабіць з як мінімум 10 тысячамі асацыяльных грамадзян, якія не жадаюць плаціць за жыллё. Высяляць на вуліцу? Будаваць для іх нейкае падабенства начлежак або спецпасяленне? Пакуль чыноўнікі не агучылі гэтую праблему, але задумацца над ёй лепш бы загадзя.

Цяпер выселіць на вуліцу — складана

У першым паўгоддзі сталічныя ЖРЭА накіравалі ў суд 40 іскавых заяў аб прымусе уласнікаў кватэр да адчужэння апошніх па прычыне запазычанасці па аплаце жыллёва-камунальных паслуг звыш за 6 месяцаў. Прымусіць неплацельшчыка-ўласніка прадаць кватэру і пагасіць даўгі можна. Механізм складаны, але ён ужо адпрацаваны. Былы ўласнік вырашае сам — станавіцца бамжом або на рэшткі грошай купіць домік у вёсцы ці кватэру ў прыгарадзе.

Цяжэй было з жыхарамі непрыватызаваных кватэр — дзяржаўнага жыллёвага фонду. Пакуль дзяржава вымушана перасяляць іх у горшае жыллё. Згодна з арт. 86 Жыллёвага кодэкса наймальнік, які мае без паважных прычын 6-месячную запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі, падлягае перасяленню ў судовым парадку ў жылое памяшканне меншай плошчы або якое саступае па сваіх спажывецкіх якасцях, у тым ліку за межамі дадзенага населенага пункта. Яшчэ на слыху той выпадак, калі двух дарослых сясцёр-мінчанак выселілі з сталічнай трохпакаёўкі ў 16-метровы пакой, таму што тыя не захацелі аплаціць назапашаныя за паўгода 4,2 мільёна доўгу па камуналцы (дарэчы, пры перасяленні доўг не спісваецца, а перакладаецца на новы асабовы рахунак). Проста было выселіць неплацельшчыкаў з інтэрнатаў — дазвалялася на вуліцу. А каб выселіць без прадастаўлення іншага жылля асацыяльных грамадзян нават з дзяржаўнага жылфонду, тыя павінны былі не толькі не плаціць, але яшчэ і атрымаць тры «адміністрацыйкі», напрыклад, за антысанітарны стан. Так, напрыклад, у гэтым годзе бамжамі стала сямейная пара з дома 39 па вуліцы Смірнова ў Мінску.

Але з 1 ліпеня 2016 года разбірацца з даўжнікамі па аплаце камунальных паслуг будуць проста. Усё непрыватызаванае жыллё пяройдзе ў разрад арэнднага. Калі жыхар на працягу двух месяцаў без паважных прычын не заплаціць па рахунках, то з ім маюць права проста скасаваць дамову арэнды. І калі не вызваляе памяшканне — выселіць па судзе. Напрыклад, сёлета ў мінскія суды пададзена 22 позвы аб высяленні неплацельшчыкаў камунальных паслуг з арэндных кватэр, з іх 9 задаволеныя. І ніякіх абавязацельстваў па прыстройванні асацыяльнай асобы ў нейкае жыллё. Выключэнні — неплацельшчыкі з малалетнімі дзецьмі. Дзяцей дзяржава высяляць на вуліцу ні пры якіх абставінах не павінна — спачатку правядзе ўсе неабходныя працэдуры па канфіскацыі непаўналетніх з сям'і, якая ўяўляе небяспеку.

Першыя дамовы, калі заканадаўства не будзе змененае, пачнуць скасоўвацца да восені, пік высяленняў будзе бліжэй да зімы.

Колькі будзе бамжоў і свабодных кватэр?

Паводле дадзеных Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, пазыкі па камуналцы менш за 6 месяцаў ёсць у 153,6 тысячы асабовых рахункаў (у большасці сваёй — кватэр). Чацвёртая частка даўжнікоў — наймальнікі жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду. Калі ўлічыць, што доля непрыватызаванага жылля ў нас мізэрная, можна зрабіць выснову, што сярод грамадзян, якія не пажадалі прыватызаваць сваё жыллё, доля асацыяльных дастаткова важкая.

Зрэшты, ёсць і лічбы, што гэта пацвярджаюць: сярод тых, хто не жадае плаціць за камуналку больш за 6 месяцаў 9,8 тысячы наймальнікаў дзяржаўнага жыллёвага фонду, такія дадзеныя прыводзіць міністэрства ЖКГ. Не ўсе самотныя — п'юць жа і сем'ямі. Так што гаворка можа ісці і аб 15 тысячах патэнцыйных асоб без пэўнага месца жыхарства.

І тут дзве навіны: да канца 2016-га можа з'явіцца армія бамжоў і каля 9-10 тысяч вольных арэндных кватэр для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Куды іх?

Больш за ўсё патэнцыйных бамжоў будзе ў Мінску. «Дзяржаўная ўстанова «Дом начнога знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства» з'яўляецца дзяржаўнай установай сацыяльнай абароны, прызначанай для знаходжання ў ім у начны час асоб, якія не маюць жылля і якія страцілі сацыяльна карысныя сувязі», — сказана пра начлежку на Ваўпшасава.

Фота: «Рэспубліка»

Гэты дом у Мінску адзін і зімой запоўнены. Ёсць цэнтры часовага знаходжання для асоб без пэўнага месца жыхарства ў Віцебску, Гродне, Оршы. Але прыняць усіх новых пастаяльцаў зімой яны не змогуць — у тым жа Мінску бамжоў больш, чым ложка-месцаў на Ваўпшасава.

Як запэўнілі ў МУС, цэнтры для грамадзян без пэўнага месца жыхарства курыруе цяпер Мінпрацы.

У Мінбудархітэктуры здзівіліся пытанню, ці не абмяркоўваецца тэма будаўніцтва нейкіх паселішчаў для «новых» бяздомных. І парэкамендавалі звярнуцца ў міністэрства ЖКГ. Там пагадзіліся — праблема ёсць. І трэба думаць, як яе вырашаць.

Ну і пра законы

Канстытуцыя РБ, артыкул 48.

«Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права на жыллё. Гэта права забяспечваецца развiццём дзяржаўнага i прыватнага жыллёвага фонду, садзейнiчаннем грамадзянам у набыццi жылля.

Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, жыллё даецца дзяржавай і мясцовым самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх плаце ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены жылля».

Але ў Канстытуцыі не сказана, што рабіць з тымі, хто не хоча плаціць за жыллё.

0
змагар / Адказаць
13.11.2015 / 21:32
а што са "старымі"?
0
Пятро Касьнерык / Адказаць
13.11.2015 / 21:51
Але ў Канстытуцыі не сказана, што рабіць з тымі, хто не хоча плаціць за жыллё. \\\\\\\\ а хто плаціць? я жуву ў вёсцы ва ўласнай хаце жыльле міскачоў бо тое што гараджане недаплачваюць закладаецца ў кошт тавараў ацяпленьне. водазабяспячэньне і інш. камунальныя паслугі за Свой кошт і на СТО адсоткаў і яшчэ калі купляю гумовыя боты ці вілы то палчу за
0
Пятро Касьнерык / Адказаць
13.11.2015 / 21:58
я жуву ў вёсцы ва ўласнай хаце ацяпленьне. водазабяспячэньне і інш. камунальныя паслугі за Свой кошт і на СТО адсоткаў і яшчэ калі купляю гумовыя боты ці вілы то палчу за жыльле міскачоў бо тое што гараджане недаплачваюць закладаецца ў кошт тавараў
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру