М. Забэйда-Суміцкі |
Гэтаксама і з гэтай кніжкай пра Міхася Забэйду‑Суміцкага «Песьняй даваў людзям радасьць», выдадзеную ў сэрыі «Нашы славутыя землякі». Такая кніга пабачыла сьвет толькі цяпер, праз 26 гадоў пасьля сьмерці Забэйды. І напісаў яе не музыказанаўца, а юрыст з Баранавічаў Алесь Горбач.
Я быў сьведкам, як паўставала гэтая кніга, як у вольны час Алесь на электрацыі ехаў у Менск і сядзеў у архівах.
«Я стаўся сучасьнікам, нават сваяком Забэйды — ведаю гэтулькі падрабязнасьцяў ягонага жыцьця. Гэтак уцягнуўся ў працу над кнігай», — кажа аўтар.
Аўтар нарадзіўся на Ружанчшыне, у суседняй праз рэчку вёсцы ад той, дзе некалі жыў сьпявак. Старыя з ваколіц яшчэ памятаюць прыезды Забэйды на Бацькаўшчыну і бясплатныя выступы ў сялянскіх хатах. Каб адчуць асяродзьдзе, у якім жыў Забэйда, аўтар кнігі наведаў і Прагу, папрацаваў у чэскіх архівах. А самае галоўнае, прывёз на магілу Забэйды жменьку пясочка з магілы маці сьпевака, якую ён вельмі любіў, але апошні раз бачыў падчас вайны.
У кнізе зьмешчаны жыцьцяпіс нашага сьпевака, падазеныя невядомыя раней факты з бурлівага жыцьця песьняра. Сабранае ў адно цэлае тое, што драбінкамі друкавалася па розных выданьнях. Шмат цікавых і не друкаваных раней фатаздымкаў.
Магчыма, некалі пасьля зьявяцца больш ёмістыя дасьледаваньні пра Забэйду‑Суміцкага. Але спасылацца яны будуць на гэтую, першую, кнігу, што сталася яшчэ адной кладачкай да вяртаньня нашага славутага сьпевака зь небыцьця.
Горбач А. Песьняй даваў людзям радасьць. — Менск: Тэхналёгія, 2007.