Ротэрдам — ужо значна больш турыстычны горад, хоць таксама практычна пазбаўлены гістарычнай спадчыны. Але прычыны іншыя, чым у вясковага Эйндховена. Гэта быў і цяпер ёсць вялікі марскі порт, пішуць, што найбуйнейшы ў Еўропе і адзін з найбуйнейшых у свеце. Дзе порт, там і гандаль, дзе грошы, там і росквіт архітэктуры і мастацтва. Але напачатку Другой сусветнай вайны нацысцкая Германія дэманстратыўна паказала сваю сілу – і падчас інтэнсіўнай бамбёжкі 14 траўня 1940 года цэнтр Ротэрдама быў цалкам зруйнаваны. Нідэрландцы скарыліся. Цікава, што сімвалам гэтага зруйнавання стала скульптура Восіпа Цадкіна «Разбураны горад», яна неяк па шляху не трапілася, але зменшаную версію гэтага твора я бачыў потым у Парыжы, у персанальным музеі Цадкіна.

А Ротэрдам быў адноўлены пасля вайны, толькі ўжо не ў форме рэстаўрацыі памятак, а як сучасны індустрыяльны і гандлёвы цэнтр. Калі Эйндховен пры падобным раскладзе захоўвае правінцыйнасць, то і ў новым абліччы Ротэрдам мае свой лоск. Гэта горад сучаснай архітэктуры – яркай, бліскучай, амбітнай. Такі пакручасты гістарычны лёс даў магчымасць гораду знайсці свой новы твар, звернуты ў будучыню. Цікава, што немцы шлі абсалютна іншым шляхам: метадычна і педантычна аднаўлялі ўсю страчаную спадчыну.

Кожны шлях мае сваю рацыю, але Ротэрдам уражвае і прываблівае сваёй ультрасучаснасцю, якая вырознівае гэты горад сярод традыцыйных нідэрландскіх гарадоў, як быццам застылых у ХVII стагоддзі.

Але ж па прыезду адразу было не дужа шмат часу, бо трэба было бегчы ў наступны музей, бо ўсе музеі тут, зараза, працуюць да 17.00!

А музей пад складанай назвай Boijmans van Beuningen (ад прозвішча двух асноўных мецэнатаў, першы заснаваў класічную частку калекцыі, другі – мадэрнісцкую) варты быў, каб да яго бегчы.

І зноў пасля Эйндховена прыемна парадавала вельмі файна ўпарадкаваная прастора музея, дзе кожны закутак служыць нейкім мастацкім мэтам, дзе арганічна перакрыжоўваюцца творы розных эпох і кірункаў. Мноства розных сучасных інсталяцый, якія апаноўваюць усю прастору.

Першым жа кірункам зведвання стала выстава пра нідэрландскі і бельгійскі дызайн. Ужо падчас вандроўкі я нахапаўся ведаў і ўражанняў пра De Stijl, мадэрнісцкі кірунак у дызайне, заснаваны ў 1917 годзе, які лічыцца галоўным унёскам нідэрландцаў у гэтую справу, насычаны любоўю да геаметрычных формаў і яркіх колераў. Тут жа раптоўна захапіла арганізацыя выставы, калі трэба было па пазначанаму маршруту прабірацца праз часовую эвалюцыю дызайну ў дзвюх краінах (са звычайнай стылістычнай эвалюцыяй), і фінальным этапам станавіліся дзве велічэзныя кнопкі, націсканнем якіх можна было галасаваць за сваіх фаварытаў. У спаборніцтве перамагала нідэрландская школа дызайну, нават і без належных патрыятычных сантыментаў такая перамога выглядала заслужанай.

У калекцыі музея і адна з найлепшых калекцый графічных прац у свеце, натуральна, экспануецца яна часткамі, гэтым разам выстаўлялася галандская графіка ХVI стагоддзя, дзе безумоўна прыцягвала ўвагу гравюра Charitas Брэйгеля-старэйшага, з фантастычнай па складанасці кампазіцыяй, дзе на невялічкай прасторы адной гарадской плошчы сумяшчаецца надзвычайная колькасць эпізодаў, якія ілюструюць дабрадзейнасць. У вывучэнне ідэальна прамаляваных дэталяў можна пагружацца на добрую гадзіну.

Апроч таго, у сталай калекцыі музея і паменшаная версія «Вавілонскай вежы» Брэйгеля-старэйшага, хоць галоўная версія (у венскім KHM) робіць значна большае ўражанне, але таксама адзначым, кожны твор гэтага мастака ўяўляе безумоўную каштоўнасць.

Галоўнае ў ротэрдамскім музеі — тут ёсць Босх, і прытым некалькі прынцыповых яго прац. Праўда, тут мяне чакала расчараванне і горкія слёзы, бо знайшоўся толькі «Бадзяга», які пакідае публічны дом, а вось «Святы Хрыстафор», які па апісанням мусіў вісець побач, кудысьці знік. Я бегаў у роспачы па навакольным залам, але так і не знайшоў. Магчыма знялі для рэстаўрацыі, у наступным годзе плануецца грандыёзны 500-гадовы юбілей Босха. Праўда, у якасці суцяшэння знайшоў яшчэ алтарную дошку з адлюстраваннем пекла і патопу аўтарства Босха, але вось ёй бы дакладна не зашкодзіла належная рэстаўрацыя.

Таксама ў вочы кідаецца і шэдэўр паўночнага Рэнесансу «З’ява анёла жанчынам-міраносіцам» ван Эйка (з такой заблытанай атрыбуцыяй, што не буду ўдакладняць, якога менавіта), анёл фантастычна прыгожы, фарбы яркія, узнёслая гармонія вышэйшых сфер.

Пакрыху ўсяго, але прывабнага і запамінальнага – партрэт юнака Лукаса Кранаха-старэйшага, «Тытус за партай» Рэмбрандта, некалькі партрэтаў Франса Хальса, хлопчык едзе на сабаку Тыцыяна. Абавязковая прысутнасць мадэрністаў – і некалькі твораў Ван Гога, пару пейзажаў Клода Манэ, Ратэрдамскі порт у выяве Сіньяка. Шмат і гаагскай школы з абавязковымі млынамі на гарызонце. На дзіва ўнушальная калекцыя сюррэалістаў, тут і некалькі яркіх твораў Рэне Магрыта, і крыху нечаканы, але як заўжды правакацыйна прывабны Сальвадор Далі. Не сказаць, каб калекцыя была вялізная, але вельмі прыстойная па свайму ўзроўню.

Але ж дзе тут налюбуешся, калі а 17-й гадзіне музей зачыняецца. Побач знаходзіцца і цэнтр сучаснага мастацтва Kunsthal, але ён таксама мае такі ж абмежаваны час працы. Давялося ісці ў хостэл. Але варта згадаць, што ў якасці месца для жытла мы абралі хостэл Stayokay Rotterdam, які месціцца ў адным з сімвалаў Ротэрдама – кубічных доміках, пабудаваных па шызафрэнічным праекце Піта Блома ў 1984 годзе.

Домікі-кубікі стаяць рабром, выглядаюць вельмі дзіўна, вось толькі жыць у іх зусім нязручна. Па-першае, перавага знешняга антуражу прывяла да таго, што пакоі ўнутры такіх домікаў вельмі абмежаваныя ў прасторы, ды і знаходзяцца яны над шумнай вуліцай. Гэта было самае няўтульнае жытло падчас усёй паездкі, але ж затое і самае незвычайнае.

Наступным пунктам у праграме было пайсці выпіць піва, у Нідэрландах шмат добрых бровараў, як традыцыйных (La Trappe), так і новай хвалі (De Molen агулам стаў легендай для ўсіх біргікаў у свеце). Я сабе прыгледзеў для такіх мэтаў фірмовы паб ад Kaapse Brouwers, куды мы і рушылі, заадно можна было і палюбавацца на розныя цікавосткі: кавалак порта з яхтамі, музей старых караблёў, мост Эразмус. Павольнаю хадою мы дайшлі да патрэбнага бара, і тут чакаў непрыемны сюрпрыз – ён быў зачынены! Я неяк сабе не мог уявіць, што аўторак будзе выходным для піўнога бара, але такое здараецца. Хай сабе, я ад злосці крыху палаяўся, але што зробіш. Паколькі альтэрнатыўных варыянтаў не прапрацоўваў, давялося спыніцца на мінімуме, завіталі ў гіпермаркет і закупіліся там півам. Дарэчы, кошты і выбар піва ў нідэрландскіх гіпермаркетах на дзіва прыемныя, я ўжо не кажу пра выбар сыроў, які можа задаволіць любога гурмана. Тут трэба прызнацца, што па дарозе ў хостэл мы здзейснілі злачынны ўчынак, але што зробіш: краіна адпаведная, заснаваная на разняволенасці. Марскі музей нас натхніў на тое, каб прысесці на прычале, адкаркаваць пару бутэлечак піва, і там жа іх выпіць, з відам на старыя караблі, якія спынілі свае адчайныя падарожжы ў ціхай ротэрдамскай гавані. Такім нечаканым чынам мы зведалі яшчэ адзін музей у нашай нідэрландскай вандроўцы.

Але пасля такога прыемнага прыпынку трэба было і рушыць на начлег.

Зранку зноў чакала напружаная праграма, са зведваннем двух гарадоў, Дэлфта і Гаагі. Па дарозе ж на вакзал мы прайшлі міма старой гарадской ратушы, кафедральнага сабора (які па традыцыі быў зачынены да 11.00), з невялікімі прыпынкам ля помніка Эразму Ратэрдамскаму. Самы славуты сын гэтага горада радзіму не дужа любіў, пры першай магчымасці яе пакінуў дзеля больш цёплых і сонечных краёў, але за свайго прататыпа аддуваўся помнік і мокнуў пад халодным дажджом.

Вакзал, цягнік – і далей па Нідэрландах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?