Аляксандр Папко

Аляксандр Папко

128 чалавек былі расстраляныя тэрарыстамі на вуліцах Парыжа й загінулі ад выбухаў. Сотні знаходзяцца ў шпіталях. У сталіцы Францыі ўведзена надзвычайнае становішча, на межах краіны адноўлены пашпартны кантроль. Прэзідэнт Франсуа Алянд аб’явіў трохдзённую жалобу. Несумненна, самы жахлівы тэракт за апошнія дзесяцігоддзі моцна адаб’ецца й на жыцьці Францыі, і на палітыцы ўсёй Еўропы.

Ня хочацца разважаць пра прычыны трагедыі й даваць парады палітыкам і вайскоўцам, як гэта цяпер робяць тысячы «экспертаў» з сацсетак. Хацеў бы найперш выказаць спачуванні сваякам ахвяраў й выказаць некалькі асцярожных меркаванняў наконт таго, у які бок пойдзе палітыка Францыі, і як выбухі ў Парыжы могуць закрануць жыхароў Усходняй Еўропы.

Перш за ўсё, тэракты прывядуць да росту папулярнасці крайне правых.

Для беларускіх кансерватараў хачу патлумачыць, што крайне правыя, што ў Францыі, што ў Вугоршчыне, ці Польшчы — гэта не прыхільнікі хрысціянскіх каштоўнасцяў, рынкавай эканомікі ды знешняй палітыкі, заснаванай на ідэалах. Ультраправыя — гэта пераважна антымэйнстрым. Гэта людзі, якія будуюць сваю папулярнасць на крытыцы поглядаў эліты. Калі ранішнія газеты крытыкуюць агрэсіўную палітыку Расіі, хваляць еўраінтэграцыю й кажуць пра неабходнасць узмацніць вайсковае супрацоўніцтва ў Еўропе — гэтыя людзі будуць патрабаваць разбурыць адзіны рынак ЕС, выйсьці з NATO й аддаць Усходнюю Еўропу ў вотчыну Пуціну.

Францыя больш актыўна пачне змагацца з ісламскім тэрарызмам.

Напэўна вайскоўцы ўзмацняць бамбардзіроўкі пазіцый баевікоў у Сірыі, можа нават пачнуць абмяркоўваць разам з калегамі з іншых краін наземныя аперацыі.

Важнасць Расіі як саюзніка ўзрасце. З’явіцца больш аргументаў для адмены санкцый. Украіна, Грузія, краіны Балтыі, Малдова й Беларусь адкоцяцца яшчэ далей на перыферыю прыярытэтаў знешняй палітыкі Францыі.

Французская міграцыйная палітыка становіцца ўсё больш строгай з сярэдзіны 2000-х. Так што не будзе дзіўным, калі ўрад увядзе больш жорсткія правілы для мігрантаў. Напрыклад, асобам, якія маюць від на жыхарства, стане складаней пасяліць у Францыі сваіх родных. Аб’яднанне сям’і — гэта падстава для выдачы кожнай чацвёртай доўгатэрміновай візы. Для параўнання, у Польшчы сама наяўнасць віду на жыхарства не дае вам права прывезці ў краіну жонку й дзяцей і папрасіць для іх дзяржаўную сацыяльную дапамогу.

Магчыма, вы будзеце здзіўленыя, але амаль палову доўгатэрміновых віз Францыя выдае не чорнарабочым з арабскіх краінаў ці шматдзетным маці, а студэнтам — у тым ліку з Усходняй Еўропы. Так што не выключана, што сотням беларусаў, якія вучацца ў Францыі, будзе цяжэй застацца там працаваць — такія перашкоды ўжо на некаторы час уводзіліся ў 2011 годзе.

Напэўна, тэракты прывядуць да павелічэння выдаткаў на апарат бяспекі. Гэта наўрад ці палепшыць бізнэс-клімат у краіне, дзе падаткі для фірмаў з’яўляюцца аднымі з самых высокіх у ЕС.

Ня выключана, што будзе расці папулярнасць палітыкаў, якія будуць заклікаць «абараніць» французскія фірмы ад канкурэнцыі на еўрапейскім вольным рынку. Верагоднасць таго, што да іх прыслухаюцца, мінімальная. Але галасы папулістаў стануць гучаць часцей.

Такім чынам, у выніку трагічных падзей Францыя можа стаць больш закрытай і эгаістычнай, згубіць эканамічны дынамізм. Гэта самы чорны сцэнар, для якога ёсць падставы.

Аднак чорныя сцэнары спраўджваюцца крайне рэдка. Справа ў тым, што нікому не хочацца жыць у краіне, якая паволі спаўзае ў эканамічны маразм і папулізм.

Не хочацца думаць, што жахлівыя тэракты прымусяць французаў ізалявацца й дзяліць Еўропу на «сфэры ўплываў». Наадварот, хочацца спадзявацца, што бяда прымусіць Францыю аб’яднацца з суседзямі па еўрапейскім доме. Хочацца нарэшце ўбачыць салідарную, палітычна і вайскова моцную Еўропу, здольную забяспечыць мір на ўсіх сваіх межах — ад Данбасу й Грузіі па Сірыю.

Хочацца верыць, што знойдуцца людзі, здольныя запэўніць Францыі эканамічнае развіццё, каб суседзі за морам хацелі пераймаць еўрапейскія ідэі прагрэсу, а не сярэднявечнага варварства. Хочацца верыць, што ў палітыцы будуць дамінаваць тыя, хто ведае, што перад тым, як раздаваць грошы, іх трэба зарабіць. А зарабляць і самаўдасканальвацца прымушае менавіта эканамічная адкрытасць і канкурэнцыя…

Не мне, грамадзяніну Беларусі, вучыць французаў. У мяне ёсць свой дом — у іх свой. У Францыі хапае выдатных эканамістаў, сацыёлагаў, палітыкаў, вайскоўцаў, каб вырашыць уласныя праблемы. Хочацца проста падтрымаць Францыю ў гэты цяжкі момант.

Ад пазітыўных пераменаў у іх доме залежыць і наша бяспека ды дабрабыт.

Усе мы жывем у адной Еўропе — даволі невялікім у глабальных маштабах кантыненце. І выбухі, якія скалыхнулі Парыж, могуць непасрэдна адгукнуцца ў Мінску, Кіеве ці Рызе.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?