15 лістапада пры дапамозе авіяцыі Міністрэства па надзвычайных сітуацыях ва Ушачах усталявалі помнік на магіле народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Яшчэ ў 1995 годзе ў вершы «Прашэнне» Барадулін напісаў пра тое, каб на яго магіле замест помнікаў быў усталяваны валун з крыжом. Пра тое жаданне ён ізноў згадаў у інтэрв'ю журналісту Сяргею Шапрану ў 2011 годзе.

У ліпені 2015-га ў вёсцы Кублічы, дзе ў мясцовай школе навучаўся Васіль Быкаў, знайшоўся неабходны валун.

Выканкам дапамог яго перавезці. Ва Ушачах выдзелілі пляцоўку і стварылі ўсе ўмовы для працы скульптара Ігара Засімовіча.

Блізкія паэта вырашылі, што на тым камені мусіць быць Еўфрасіннеўскі крыж, бо сам Барадулін падкрэсліваў сваё паходжанне з Полаччыны.

Але як усталяваць валун, які важыць 2,5 тоны, на магілу? Барадулін ляжыць у цэнтры могілак. Машына туды не пад’едзе.

Старшыня Ушацкага райвыканкама Віктар Родзіч і Саюз беларускіх пісьменнікаў накіравалі просьбу на імя кіраўніка МНС Уладзіміра Вашчанкі. Той і даручыў кіраўніку авіяцыі Алегу Якаўлеву дапамагчы ў вялікай справе.

Верталёт МІ-8 вылецеў з мінскага аэрадрома МНС у панядзелак удзень і праз паўгадзіны ўжо прызямліўся ва Ушачах. Да гэтага моманту два дзясяткі мясцовых жыхароў падрыхтавалі падмурак для помніка — па ланцугу перадалі рукамі 800 вёдзер з цэментам.

Валун паднялі верталётам і складаным віражом апусцілі паміж дрэвамі. На валуне месціцца толькі адзін надпіс «Рыгор Барадулін. Сын. 1935—2014».

Пляцоўка вакол помніка, паводле задумы скульптара, застаўленая жорнамі.

Пляцоўка вакол помніка, паводле задумы скульптара, застаўленая жорнамі.

У 1995 г. Рыгор Барадулін напісаў верш «Прашэнне»

Калі я адыду, пастаўце мне
Валун сівы і крыж на валуне.
Засведчыць крыж,
Што адышоў з імшой
Паганец кшчоны,
Уніят душой.

Крумкач, як чорны плач,
На валуне
Спачне, і значыць,
Памяне мяне.

I стрыж, як крыж здранцвелы,
Прамільгне,
Цень студзячы ў труне
На самым дне.

Калі я замаўчу, пастаўце мне
Валун сівы і крыж на валуне…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?