У «Доме Масквы ў Мінску» прайшла сустрэча з расійскім прапагандыстам Мікалаем Старыкавым. 

Пачалася яна з бойкі паміж аховай будынка і некалькімі актывістамі, якія пачалі крычаць на адрас спікера «Чамадан—вакзал—Расія», як толькі той узяў у рукі мікрафон. 

Каб вывесці хлопцаў, ахове спатрэбілася некалькі хвілін, пасля чаго Старыкаў працягнуў выступ. 

Пра што ён казаў? 

Захад — кепскі, Расія — справядлівая. Вось сутнасць ягонай прамовы: «Краіны Захаду страцілі арэол мучанікаў за свабоду», «краіны Захаду развязалі грамадзянскую вайну ва Украіне», «краіны Захаду падтрымліваюць ІД». 

Паводле Старыкава, ля межаў Расіі ходзяць галодныя заходнія ваўкі і клацаюць зубамі на яе паспяховасць, ствараючы вакол Расіі «пояс нестабільнасці», бо ім гэта выгадна, бо яны ўжо не такія моцныя, як раней. 

І менавіта для таго, каб супрацьстаяць экспансіі англасаксаў, трэ' было стварыць Еўразійскі саюз.

Старыкаў вінаваціў Захад у інфармацыйнай вайне і казаў, што з хлуслівымі медыямі Амерыкі і Еўропы можна змагацца толькі праўдай. 

«Праўду казаць лёгка і прыемна», — адзначыў Старыкаў і сказаў, што каментары ў яго падтрымку на «Нашай Ніве» пісалі простыя беларусы, а іх абазвалі «тролямі».

Старыкаў лёгкі на падман. Сёння ён сам хваліўся ў сваёй суполцы «УКантакце», што байцы ягонага «інтэрнэт-апалчэння» завалілі «Нашу Ніву» каментарамі.

Вось скрыншот:

Увогуле, у прамове Старыкава было шмат хлусні, але лаяльная аўдыторыя ўсё гэта «хавала». 

«Скажыце для тых змагароў, якія называлі вас беларусафобам, як вы ставіцеся да нашай краіны і нашай ідэнтычнасці», — прасіў хтосьці ў зале. 

«Я вельмі люблю Белоруссію, — расчуліўся Старыкаў, адказваючы на пытанне пра ідэнтычнасць, — увогуле не бачу розніцы паміж беларусамі, украінцамі і рускімі. Мы ўсе адзіны рускі народ».

Пра пацяпленне адносінаў паміж Беларуссю і ЗША Старыкаў сказаў так: «Не трэба верыць іх усмешкам. Гэтак Баба-Яга (ЗША) хоча зацягнуць хлопца (Беларусь) у сваю хату, каб яго з'есці ці зрабіць яшчэ чаго непрыстойнага». 

Пытанні з аўдыторыі былі пераважна «сцэнарныя». 

Тут табе і нейкая студэнтка гадоў 20—25 шкадавала пра тое, што разваліўся Савецкі Саюз, тут і бабуля абурана пыталася, чаму расійскай авіябазы ўсё яшчэ няма ў Беларусі. 

Першае пытанне насуперак сцэнару задаў нейкі школьнік, як ён сам сябе назваў.

Але ў словах хлопца было больш эмоцыяў, чым пытання. Ён нагадаў, што ўсе сябры Расіі — бедныя, у той час як стыпендыя ў Германіі — 1500 еўра. 

Яшчэ адное пытанне насуперак сцэнару прамоўцу задаў журналіст «Нашай Нівы». Выпрошваць гэтую магчымасць прыйшлося больш за гадзіну. Нашае пытанне аказалася фінальным. Гучала яно так: «Расійская імперыя распалася, Савецкі Саюз распаўся. Навошта Беларусі яшчэ адзін Еўразійскі саюз з Расіяй, калі грошы і тэхналогіі на Захадзе? І навошта гэта самой Расіі, замест наладжвання эканамічных адносін з Захадам?».

У адказ Старыкаў апеляваў да Данбаса: «А вы прыедзьце ў Данецк і спытайце, ці хочуць там людзі на Захад?»

Пасля заўвагі, што гаворка ідзе пра Беларусь, Старыкаў сказаў вось што: «Калі б вы нарадзіліся гадоў на 25 раней, вы б усё разумелі і настальгавалі па Савецкім Саюзе».

На гэтым сустрэча скончылася. 

А потым у мяне на вачах студэнт падышоў да мадэратара размовы і запытаў, хто можа даць яму даведку для ўніверсітэта, якая б пацвярджала ягонае знаходжанне на выступе Старыкава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?