Грэцыя дамовілася з крэдыторамі аб выдзяленні ёй 12 млрд еўра, з якіх 2 млрд еўра павінны пайсці на тэрміновыя патрэбы ўрада, а 10 млрд — на рэкапіталізацыю банкаў.

Пра гэта паведаміў старшыня Еўрагрупы Ерун Дэйселблум, дадаўшы, што грошы будуць пералічаныя пасля таго, як парламент Грэцыі зацвердзіць пакет узгодненых рэформаў.

З аналагічнай заявай выступіў і еўракамісар па эканоміцы і фінансах П'ер Маскавісі.

«Мы чакаем заканчэння працэсу неўзабаве пасля таго, як грэчаскі парламент ухваліць неабходныя заканадаўчыя нормы ў чацвер», — сказаў ён на прэс-канферэнцыі ў Бруселі.

У лік крэдытораў краіны ўваходзяць Еўрапейскі цэнтральны банк, Міжнародны валютны фонд, урады краін еўразоны і Еўрапейскі фонд фінансавай стабільнасці.

Паводле дамоўленасці, дасягнутай яшчэ ў жніўні, Афіны павінны атрымаць ад іх усяго 86 млрд еўра на аздараўленне эканомікі, а наўзамен абавязаны прыняць жорсткія меры эканоміі і ажыццявіць рэформы — 48 розных мер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?