Першы віртуальны банк можа з'явіцца ў Беларусі ў 2017-2018 годзе. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам намеснік генеральнага дырэктара ІТ-кампаніі «СофтКлуб» Дзмітрый Філімонаў.

«Усе перадумовы для стварэння віртуальнага банка ў Беларусі ўжо ёсць», — упэўнены Дзмітрый Філімонаў. Гэта і развіццё напрамку лічбавага банкінгу ў Нацыянальным банку, і распрацоўка стратэгіі на 2016-2020 гады, і падрыхтаваны праект указа аб лічбавых банкаўскіх тэхналогіях. «Лагічным працягам развіцця лічбавага банкінгу з'яўляецца поўная віртуалізацыя ўсіх банкаўскіх сэрвісаў, гэта значыць стварэнне так званага віртуальнага банка, — адзначыў эксперт. — Я думаю, гэта перспектыва 2017-2018 года». У свеце такія банкі ўжо ёсць, у тым ліку ў краінах СНД, напрыклад, у Расіі, дадаў ён.

Гаворачы аб тым, як будзе выглядаць гэты банк, эксперт выказаў меркаванне, што ў ім у афлайне будуць працаваць толькі старшыня праўлення, галоўны бухгалтар і айцішнік, а астатнія працэсы будуць аўтаматызаваны і пойдуць у анлайн. «Віртуальны банк — гэта абслугоўванне кліентаў анлайн, адсутнасць офісаў або іх мінімальная колькасць, прадастаўленне ўсяго спектра паслуг у рашэнні мабільнага або інтэрнэт-банка», — растлумачыў ён. Такім чынам, кліент зможа атрымаць анлайн практычна любую кансультацыю, набыць любы прадукт — дэпазіт, крэдыт, картку, і тут жа пачаць ім карыстацца. Напрыклад, атрымліваць працэнты па дэпазіце, карыстацца грашовай сумай, калі гэта крэдыт. Гэта павысіць узровень абслугоўвання кліента і закрые тую кліенцкую патрэбнасць, якая сёння ўжо ёсць, падкрэсліў эксперт.

Многія беларускія банкі ўжо цяпер аб'яўляюць аб імкненні стаць выключна віртуальнымі. Адзін з асноўных фактараў, які тармозіць працэс — негатоўнасць да гэтага большасці цяперашніх кліентаў, канстатаваў эксперт. «Аднак моладзь пакаленняў Y і Z, якая падрастае, ужо гатова абслугоўвацца ў поўнасцю віртуальных банках, — падкрэсліў прадстаўнік ІТ-кампаніі. — І мы таксама гатовы — як распрацоўшчыкі. Адпаведнае праграмнае забеспячэнне ў нас ужо ёсць».

Пры гэтым рашаючае значэнне для паспяховай віртуалізацыі банкаўскіх працэсаў мае тэхналагічная гатоўнасць банкаў апрацоўваць інфармацыю, якая паступае анлайн-шляхам, 24 гадзіны ў суткі 365 дзён у годзе, звярнуў увагу Дзмітрый Філімонаў. «Мы перайшлі той рубеж, калі кліенты хацелі і маглі чакаць, — падкрэсліў ён. — Магчымасць правесці ўсе патрэбныя банкаўскія аперацыі анлайн у любы час сутак асабіста для мяне — паказчык, што банк актыўны, інавацыйны, рэальна працуе».

Больш таго, цяпер эксперты ажыўлена абмяркоўваюць такі перспектыўны трэнд у плане захоўвання і апрацоўкі інфармацыі, як воблачныя тэхналогіі, звярнуў увагу эксперт. Выкарыстанне гэтых тэхналогій дасць магчымасць банкам павялічыць скорасць і якасць абслугоўвання кліентаў, прадаставіць новыя інавацыйныя праекты. «Думаю, пэўныя банкаўскія праекты ў сферы воблачных тэхналогій могуць быць запушчаны ў Беларусі ў 2016 годзе», — адзначыў ён.

Яшчэ адзін сусветны трэнд — омніканальнасць, калі ўсе дзеянні кліента ў розных дыстанцыйных каналах (сацсетках, інфакіёску, інтэрнэт-банкінгу) улічваюцца, аналізуюцца і яму аператыўна прапануецца персаналізаваны прадукт. «Некаторыя беларускія банкі ўжо выкарыстоўваюць элементы омніканальнасці, і, улічваючы, што гэта перспектыўны сусветны трэнд, думаю, 2017-2018 гады могуць стаць рухавіком у гэтым напрамку», — канстатаваў эксперт.

Такім чынам, сусветная і айчынная банкаўская сфера актыўна трансфармуецца ў бок лічбавага банкінгу, падкрэсліў Дзмітрый Філімонаў. «Беларускія ІТ-кампаніі, у сваю чаргу, гатовы забяспечваць банкі якаснымі і бяспечнымі праграмнымі рашэннямі, якія адпавядаюць сусветным трэндам», — адзначыў прадстаўнік «СофтКлуба».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?