Беларускія банкі вядуць перамовы аб прыходзе ў краіну азіяцкіх картачных плацежных сістэм — кітайскай UnionPay і японскай JCB. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення развіцця лічбавых банкаўскіх тэхналогій Нацыянальнага банка Аляксандр Сотнікаў.

«Цяпер, паводле інфармацыі Нацбанка, два беларускія банкі вядуць дастаткова актыўныя перамовы з азіяцкімі кампаніямі — UnionPay і JCB — па пачатку эмісіі. Пакуль яны не дасягнулі фінальных дамоўленасцяў, але такая работа вядзецца», — зазначыў прадстаўнік Нацбанка. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што «Белгазпрамбанк» ужо з'яўляецца банкам — экваерам кітайскай UnionPay. 

Акрамя таго, паводле наяўнай у Нацбанка інфармацыі, на эмісійны сегмент картачнага рынку Беларусі прыйдзе плацежная сістэма American Express — адпаведныя мерапрыемствы, накіраваныя на пачатак эмісіі карт гэтай сістэмы, ужо вядуцца адным з беларускіх банкаў. 

Асаблівасць плацежнай сістэмы American Express у тым, што, як правіла, для работы ў такіх невялікіх краінах, як Беларусь, яна выбірае адзін банк, які будзе ўзаемадзейнічаць з сістэмай з пункту гледжання эмісіі карт. Паводле наяўнай у Нацбанка інфармацыі, такі банк у Беларусі выбраны. 

Сотнікаў звярнуў увагу, што сістэма American Express адрозніваецца ад сістэм Visa і Mastercard па сваёй структуры. «Гэта не зусім банкаўская арганізацыя, і ёсць пэўныя нюансы, у тым ліку і па тэрмінах укаранення», — патлумачыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?