У «Нашу Ніву» звярнуўся чытач з Магілёва: дапамажыце! Сын разам з сябрам паехаў ратаваць гонар дзяўчыны ад нахабы. Але ў выніку яны апынуліся ў калоніі.

Адпачынак з дзяўчатамі

Пачалося ўсё ў лютым. Менавіта тады Ірына* [імя змененае — НН], 17-гадовая студэнтка мясцовага гандлёвага каледжа, пайшла гуляць з сяброўкамі.

«Пад’ехаў бусік «Фальксваген». У ім былі мае сяброўкі: Паліна, Юля і Дыяна разам з чатырма хлопцамі. Мне прапанавалі з’ездзіць з імі на базу адпачынку ў Дрыбінскі раён. Спачатку я адмовілася, бо мне трэба было вярнуцца дадому да 11 вечара, — расказвае Іра. — Але ж мяне запэўнілі, што пасмажым шашлык, адпачнём і вернемся. Усе мае сяброўкі ўжо былі згодныя ехаць… ну, і я таксама пагадзілася…»

Кампанія заехала па алкаголь і прадукты і хутка ўжо была пад Дрыбінам, на базе адпачынку «Лясны кардон». Іру з сяброўкамі хлопцы запрасілі ў адзін з турыстычных домікаў. Накрылі стол, трохі выпілі. Пачаліся танцы. Сама Ірына сцвярджае: яна таксама пакаштавала шампанскае, але не больш за адну шклянку.

Затым два хлопцы, нягледзячы на тое, што ўжо трохі выпілі, з’ездзілі ў горад і прывезлі яшчэ двух сяброў. Не забыліся і на гарэлку. Іра зразумела, што вяртанне ў Магілёў становіцца праблемай. Кажа, некалькі разоў выходзіла на вуліцу пазваніць старэйшаму брату, каб той яе забраў. І калі Іра чарговы раз выйшла з доміка, то сустрэла аднаго з хлопцаў, Артура. Завязалася размова.

Затым, сцвярджае дзяўчына, хлопец перайшоў ад словаў да справы.

«Ён стаў пытацца ў мяне, ці не хачу я з ім… Артур быў нападпітку. Я яму спакойна патлумачыла, што ён добры хлопец, але з ім я не буду, бо ён сустракаецца з Дыянай. Артуру не спадабаўся мой адказ. Ён схапіў мяне за руку і сказаў, каб я ішла з ім. А калі я буду крычаць, то ён ударыць мяне, — распавядае Іра. — Я спалохалася — і пайшла».

Па словах дзяўчыны, Артур адвёў яе ў асобны пакой, схапіў за валасы і пачаў прымушаць да аральнага сэксу. Але Іра заплакала.

Тады хлопец спыніўся і пачаў яе супакойваць. Калі ён адышоў па цыгарэты, Іра выбегла на двор і пазваніла брату. Той адказаў, што ўжо едзе. Іра чакала яго ў лесе.

Неўзабаве пад’ехаў брат, Анатоль* [імя змененае] разам з сябрам Канстанцінам і яшчэ адным хлопцам. Іра ўзгадала, што забыла сумку ў доміку. Хлопцы схадзілі па яе самі, дзяўчына чакала ў машыне. Праз хвілін 20 яны вярнуліся і паехалі ў Магілёў.

Па словах Іры, спачатку яна нічога не казала брату пра паводзіны Артура, расказала толькі дома. Анатоль пераканаў яе, што трэба ісці ў міліцыю. Праз дзень Іра разам з братам паехалі пісаць заяву на таго Артура. Неўзабаве, сцвярджае дзяўчына, да яе дайшлі чуткі, што ў той вечар яе брат учыніў бойку ў тым турыстычным доміку, а Артуру ўвогуле зламалі нос.

Праз месяц Анатоля разам з яго сябрам Канстанцінам выклікалі ў міліцыю і змясцілі пад варту, па справе аб збіцці.

Справу аб спробе згвалтавання Ірыны так і не распачалі, «за адсутнасцю складу злачынства».

Анатоль і Канстанцін прабылі пад вартай увесь час, пакуль ішло следства. У ліпені адбыўся суд.

Абодвух хлопцаў прызналі вінаватымі ў асабліва злосным хуліганстве за збіццё таго Артура і ахоўніка базы адпачынку, які выпіваў разам з кампаніяй. Анатоль атрымаў 3,5 года «хіміі». Канстанцін — чатыры гады калоніі.

Блытаная справа

«Я ўпэўнены, што іх агаварылі», — сцвярджае Аляксандр Разумны, бацька Канстанціна. Ён паказвае вялізны стос папераў — мужчына спрабуе абскардзіць прысуд.

Аляксандр упэўнены, што яго сын стаў ахвярай абставінаў. А сеў ён проста таму, што гэта ўжо другая крымінальная гісторыя з яго ўдзелам. 28-гадовы Канстанцін ужо сядзеў 7 гадоў за махлярства, таму ў гэты раз прысуд і быў такім жорсткім.

Але бацька лічыць, што і тая гісторыя была надуманай. У куце яго пакоя ў некалькі вялікіх стосаў раскладзеныя паперы. Гэта спробы дабіцца справядлівасці па першай крымінальнай справе: звароты, адказы, хадайніцтвы. Тыя спробы апраўдаць сына скончыліся няўдала.

Гісторыя па версіі пацярпелых ад збіцця і іх сябровак адрозніваецца ад Ірынай. І хлопцы, і дзяўчаты, якія адпачывалі з імі, сцвярджаюць, што ніякай спробы згвалтавання не было.

А Іра пазваніла брату, каб паведаміць, што ў кампаніі адпачывае Юля, дзяўчына, з якой яго сябар Канстанцін працяглы час сустракаўся, яны нават жылі разам. А хлопцы прыехалі не абараняць дзявочы гонар, а, скажам так, пацешыць свой, мужчынскі. І калі яны прыехалі, то проста збілі падпітых гасцей «Ляснога кардону».

Іру паставілі на ўлік у наркалагічны дыспансер толькі таму, што яна ў паказаннях узгадала, што частавалася шампанскім. Але дзяўчына кажа, што ніводнага аналізу ў яе не ўзялі.

Нос таму Артуру зламаў увогуле трэці хлопец, які прыехаў разам з Анатолем і Канстанцінам. Гэта пацвердзілі відавочцы і сам ён, але ж на судзе гэты хлопец праходзіў толькі як сведка.

Анатоль з Канстанцінам у сваіх паказаннях кажуць, што Артура збілі, бо ў яго быў нож. Артур сцвярджае, што нож трымаў таму, што хадзіў у машыну нарэзаць ежу. Да таго ж той жа ноччу Артур трапіў у бальніцу з пераломам. Міліцыянты бралі ў яго паказанні — першапачаткова ён чамусьці заявіў, што яго збіў Канстанцін.

Пацярпелыя і сведкі сцвярджаюць, што ахоўніка збіваў Канстанцін па камандзе Анатоля, прычым збіваў з дапамогай металічнага прадмета,

але што гэта быў за прадмет, ніхто дакладна сказаць не можа. Ды і спачатку таямнічы прадмет у паказаннях збітага ахоўніка не фігураваў, пра яго «ўзгадалі» пазней. На працягу справы мянялася месца дзеяння: спачатку пацярпелыя сцвярджалі, што, мірна палілі вогнішча ў лесе, потым — што ўсё ж былі на базе адпачынку. Мяняўся і склад «агрэсараў» — сам Артур увогуле першы час расказваў міліцыянтам, што калі ён з сябрамі адпачываў у лесе, з гушчару выйшлі 8 чалавек, якіх ён не запомніў і пазнаць не зможа.

Спачатку гэта пацвярджалі і іншыя сведкі. Аднак тая самая Юля, былая дзяўчына Канстанціна, пасля прызналася, што раззлавалася на яго, і вырашыла… падбіць сябровак і Артура агаварыць хлопца. Гэта пацвердзіла і адна з дзяўчат.

Адтуль і ўзялася першая версія, што нос Артуру зламаў Канстанцін.

Такіх спрэчных і блытаных момантаў у справе хапае. Але суд вырашыў, што «разыходжанні паміж паказаннямі абвінавачаных тлумачацца нечаканасцю і хуткаплыннасцю таго, што адбылося і асаблівасцямі ўспрымання падзей рознымі асобамі».

Варта адзначыць, што і гісторыя са спробай згвалтавання выглядае дзіўнавата. Бо паперы па справе сведчаць, што заяву аб згвалтаванні Іра з братам панеслі ўжо пасля таго, як даведаліся пра тое, што Артур звярнуўся ў міліцыю.

Ды і словы дзяўчыны час ад часу трохі адрозніваюцца: то яна дае паказанні, што адразу па тэлефоне паведаміла Анатолю, што яе хацелі згвалціць, то кажа, што распавяла пра гэта па прыездзе ў Магілёў. Але нягледзячы на супярэчнасці, Ірына стаіць на сваім. «Спроба згвалтавання была», — сцвярджае яна.

«І што, засталася надзея?»

Аляксандр Разумны плануе змагацца далей: пісаць новыя хадайніцтвы. Ці дасць гэта плён? Будзем шчырымі, хутчэй за ўсё — не. Але бацька лічыць, што шанец ёсць заўсёды. Ён працягвае настойваць: Канстанціна пасадзілі за тое, што ён хацеў выратаваць сястру свайго сябра.

Сама Ірына кажа, што ўвогуле хоча, каб уся гэтая гісторыя хутчэй забылася. Яна сцвярджае, што на Артура не злуецца.

«Мне цяжка, канечне… Але хай ужо ўсё застаецца як ёсць. Галоўнае, каб ім тэрміны не дадавалі, ды і ўсё. Няхай брат ужо спакойна адсядзіць і выйдзе, — кажа Ірына. — Мне часам здаецца, што ўсё гэта — праз мяне. Бо я ж брату пазваніла… Але што мне было рабіць? Увогуле, я не такога чакала ад жыцця. Думала, што жыццё прасцейшае».

Калі брата пасадзілі, Ірына зрабіла сабе татуіроўку. Кажа, каб падбадзёрвала. На яе руцэ напісана «Пакуль жыву — спадзяюся», на лаціне. 

«І што, засталася надзея?» — пытаюся я.

«Ай, нармальна», — адказвае Іра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?