Супрацоўнікі адзінага недзяржаўнага выданьня Гарадзенскай вобласьці «Газета Слонімская» павінны да 1 чэрвеня 2008 года пакінуць памяшканьне, якое арандуюць па вуліцы Камсамольскай.

Пра гэта ў пісьмовым выглядзе галоўнаму рэдактару газэты Віктару Валадашчуку паведаміў арэндадаўца — дырэктар РУП «Слонімскі быткамбінат» Станіслаў Іванашка. У лісьце гаварылася, што дамова аб арэндзе з «ГС» заканчваецца 31 траўня і далей ня будзе працягнута.

На працягу сямі гадоў «Газета Слонімская» займала адзін паверх у мясцовым быткамбінаце. Увесь гэты пэрыяд кіраўніцтва выданьня добрасумленна выконвала ўсе ўмовы арэндадаўцы — своечасова рабіла выплаты, належным чынам сачыла за станам памяшканьня.

Пасля атрыманага паведамленьня галоўны рэдактар «ГС» Віктар Валадашчук даслаў ліст на імя дырэктара быткамбінату з просьбай пераглядзець рашэньне. Але спадар Іванашка пакінуў сваё рашэньне бязь зьменаў.

Спадар Валадашчук зьвярнуўся да старшыні Слонімскага райвыканкаму Мечыслава Касьцюка, каб той паспрыяў у вырашэньні пытаньня, але адказу ад яго пакуль не атрымаў. Візыт на прыём да старшыні райвыканкаму таксама ня даў вынікаў.

Як паведаміў Віктар Валадашчук службе маніторынгу БАЖ, на сёньня ніхто з кіраўнікоў слонімскіх прадпрыемстваў, куды ён зьвяртаўся ў пошуках памяшканьня, не захацеў заключыць дамову арэнды зь недзяржаўнай «Газетай Слонімскай».

Паводле Службы маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў»

Глядзі яшчэ:
«Газету Слонімскую» папярэдзілі
Пракуратура мае прэтэнзіі да «Газеты Слонімскай»
"Газэце Слонімскай" дзесяць гадоў
Ціск на «Газэту Слонімскую»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0