Унікальную стратэгію эвалюцыі ў бок спрашчэння зафіксавалі амерыканскія навукоўцы. Паводле вынікаў даследавання, апублікаванага ў Proceedings of the National Academy of Sciences, буйная жывёла ператварылася ў аднаклетачнага паразіта.

Фота: The University of Kansas

Фота: The University of Kansas

Навукоўцы з Універсітэта Канзаса секвенавалі геном паразітаў Myxozoa і высветлілі, што тыя належаць да тыпу стракальных (Cnidaria), куды ўваходзяць медузы, каралавыя паліпы і анемоны.

Даказана, што Myxozoa не толькі скарацілі свой памер з некалькіх мільёнаў да некалькіх штук клетак (10-20 мікрон у дыяметры), але і паменшылі свой геном на 90%, зрабіўшы яго адным з самых маленькіх у свеце жывёл — каля 20 мільёнаў базавых пар (у звычайных стракальных — больш за 300 мільёнаў).

Пры гэтым Myxozoa захавалі найважную асаблівасць медуз —нематацыты (стракальныя клеткі), разам з неабходнымі для іх стварэння генамі.

Пасля адкрыцця мікраскапічных медуз біёлагам прыйдзецца перагледзець агульнапрынятае вызначэнне жывёлы: у іх адсутнічаюць шматлікія ўласцівасці, якія вызначаюць развіццё арганізма.

Аўтар даследавання таксама адзначыла, што трансфармацыя Myxozoa, пры ўсёй сваёй унікальнасці, можа аказацца не адзінкавым выпадкам, а досыць распаўсюджанай (хоць і малавядомай) стратэгіяй эвалюцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0