Герб Бутана |
Парлямэнцкія выбары праходзяць сёньня ў маленькім каралеўстве Бутан. Гэта першыя выбары за ўсю гісторыю дзяржавы.
Шлях да выбараў пачаўся 9 гадоў таму, калі былы кароль Бутану заявіў пра намер зьмяніць форму праўленьня.
На той час людзі ня вельмі хацелі пераменаў. Пра гэта распавядае рэдактар першай у Бутане прыватнай газэты The Bhutan Times Гапілал Ачарыя.
«Ў некаторых суседніх краінах дэмакратыя не ўстаялася, — кажа Ачарыя, — Людзі думалі: ці трэба нам ісьці тым жа шляхам? Дэмакратыя прынясе нам тое ж зло і хаос, які мы бачым у суседзяў».
Летась бутанскаму народу, які яшчэ ня звыкся з выбарамі, прыйшлося нават правесьці «рэпэтыцыю» галасаваньня.
«У краіне пануе ўзрушанасьць, людзі вельмі натхнёныя. Некаторыя зьбіраюцца галасаваць, нягледзячы на тое, што да выбарчага ўчастку ім дабірацца два дні», — распавядае Ачарыя.
Бутан — апошняе будысцкае каралеўства ў сьвеце. Яно знаходзіцца ў Гімалаях паміж Індыяй і Тыбэтам, які зараз уваходзіць у КНР. Бутан доўгі час быў своеасаблівым сярэднявечным рэліктам на сучаснай мапе сьвету.
Напрыклад, рэгулярнае радыёвяшчаньне і першая штодзённая газэта зьявіліся там толькі ў 1986‑м годзе, у 99‑м — тэлебачаньне ды інтэрнэт.
У каралеўстве забаронены продаж тытуню. Колькасьць манахаў у разы перавышае колькасьць паліцыянтаў і вайскоўцаў. Дзяржаўныя службоўцы абавязаныя насіць традыцыйную вопратку. Замест унутранага валавага прадукту тут падлічваюць унутранае валавае шчасьце.
Былы кароль Бутану Джыгмі Шынгай Вангчук у 1998‑м годзе вырашыў, што краіна павінна стаць дэмакратычнай, і перадаў большасьць уладных паўнамоцтваў кабінэту міністраў.
«Манархія — ня самая лепшая форма праўленьня для Бутану. Якой будзе нашая будучыня? Наступны кароль можа аказацца адданым і добрым чалавекам. Але што калі ім стане фанабэрысты ці дурны кіраўнік?» — тлумачыў кароль неабходнасьць пераменаў.
У 2006‑м Джыгмі Шынгай Вангчук адрокся ад трону на карысьць свайго сына Джыгмі Хесара Вангчука, 26‑гадовага выпускніка Оксфарду.
У першых парлямэнцкіх выбарах прымаюць удзел дзьве партыі: Народная дэмакратычная партыя і «Друк Пхуенсум Тсонгпа» (Партыя гармоніі). Пры гэтым іх праграмы амаль ідэнтычныя: разьвіцьцё камунікацыяў, мэдыцыны і адукацыі, вырашэньне праблемы пітнай вады.