Далейшая нармалізацыя адносінаў адпавядае «нашым агульным інтарэсам», заявіў міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер на сустрэчы са сваім беларускім калегам Уладзімірам Макеем 18 лістапада ў Берліне.

«Гэта быў першы візіт беларускага міністра замежных спраў за многія гады, — адзначаецца ў паведамленні нямецкага знешнепалітычнага ведамства. — Франк-Вальтэр Штайнмаер расцаніў сённяшні візіт Уладзіміра Макея як важны сігнал і заявіў аб «рэальнай перспектыве пакрокавага паляпшэння адносінаў паміж Беларуссю і Захадам».

Паводле слоў Штайнмаера, сустрэча стала магчымай дзякуючы зрухам у Беларусі: вызвалены палітзняволеныя, прэзідэнцкія выбары, у адрозненне ад 2010 года, прайшлі мірна, хаця яны не ва ўсім адпавядалі еўрапейскім стандартам. Цяпер неабходна паспрабаваць стварыць атмасферу неабходнага даверу для ўзаемнага збліжэння, лічыць кіраўнік МЗС Германіі. Прыпыненнем санкцый Германія і ЕС выдалі Беларусі «крэдыт даверу».

Акрамя выбудоўвання двухбаковых адносінаў размова на сустрэчы двух міністраў ішла аб канфлікце на ўсходзе Украіны і выкананні мінскіх пагадненняў.

Як паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, у Берліне Макей таксама сустрэўся з саветнікам канцлера ФРГ па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Крыстофам Хойсгенам, старшынёй германска-беларускай парламенцкай групы бундэстага Оліверам Качмарэкам і членамі гэтай групы, прадстаўнікамі германскай экспертнай супольнасці.

«У ходзе сустрэч і перамоў разгледжаны шырокі спектр пытанняў двухбаковага парадку дня, развіцця дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, удзелу Рэспублікі Беларусь у працэсах еўразійскай інтэграцыі, узаемадзеяння з Германіяй у межах міжнародных арганізацый, асабліва з улікам яе будучага старшынства ў АБСЕ ў 2016 годзе, актуальныя праблемы міжнароднай палітыкі. У межах візіту дасягнуты шэраг канкрэтных дамоўленасцяў, накіраваных на далейшую актывізацыю беларуска-германскага супрацоўніцтва», — адзначаецца ў паведамленні.

18 лістапада ў Мінску на канферэнцыі «Выхад на новыя рынкі» пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар заявіў, што, прыпыняючы санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і шэрагу прадпрыемстваў, Еўрасаюз паказвае, што гатовы пачаць будаваць адносіны з Беларуссю з чыстага ліста. «Прыпыненне санкцый ЕС — гэта адказ на тое, што адбывалася ў вашай краіне ў апошні час. І гэтым жэстам мы запрашаем вас пачаць адносіны з нуля, з чыстага ліста. Спадзяюся, мы зможам пабудаваць паўнацэнны дыялог», — заявіў пасол. Паводле яго слоў, прыпыненне санкцый з'яўляецца выразным сігналам Еўрасаюза аб тым, што ён «гатовы заплюшчыць вочы на падзеі ў Беларусі папярэдніх гадоў і гатовы надаваць увагу таму, што можа быць у будучыні».

29 кастрычніка Еўрасаюз на чатыры месяцы прыпыніў дзеянне санкцый у дачыненні да 170 фізічных асоб і трох прадпрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?