06.12.2015 / 17:47

Моніка Мацейчык. Вершы ў перакладах Міры Лукшы

На Усходзе без пераменаў

Хлопцу ў зялёнай кашулі,
хоць не ведаю, ці жывы ён яшчэ

Я скажу вам нешта важнае
на Усходзе без пераменаў

І я бачыла хлопца ў зялёнай кашулі
са зброяй
у зялёным не надзеі але на смяротную мэту

а я хацела б быць нябачнай
на лініі агню
і мае жалезныя далоні
кулі ўстрымаюць
абараняючы галовы сваіх сыноў
з гэтага
і з другога боку
яшчэ жывыя
яшчэ жывыя
паляць цыгарэты, адчуваюць голад
ядуць танную кансерву
ціснуць іх цвёрдыя чаравікі
ныюць мазалі на нагах
а на грудзях фотаздымак
трошкі ўжо пакамячаны
заплямлены
нагадвае
што ёсць кудысьці вернуцца

Яны да гэтага часу жывыя
смяюцца
адкідваючы валасы
з потнага лба
яшчэ жывыя
і ўсё яшчэ чутны смех
І раптам…
Залпы
серыі з аўтаматаў

я бачу Матулю Кураж
у гразі і крыві шукае
страчаныя тры грошы
Глядзі, там свецяць золатам
яна становіцца на калені
рукавом выцірае
а кроў яшчэ не высахла
Тры грошы
Бог Тройцу любіць
і Свет любіць золата
і блішчаць грошы ў яе руках
Ідзіце за мной мае дзеці
мілыя сыночкі

і яны ідуць мёртвыя і белыя
ноччу ў поўню
у заплечніках нясуць мары
ні адна з іх не збудзецца
і атрады іх
з гэтага
і з другога боку
мілыя сыночкі тысячаў Маці
пераходзяць грань
за рукі трымаюцца
з гэтага
і з другога боку 

Гэтыя ляжаць у пурпурнай лужыне
без галоў, рук, ног і выдраных сэрцаў
А тыя, спаленыя ў болю і курчах
і смуродзе ад паленых цел
аддадзеных полымю
і дзіўная Музыка
Толькі яны яе чуюць
таму што Свет сваёю мудрасцю
не бачыць
не чуе
не гаворыць 

Але я хацела б быць як нябачная
П'ета
там сярод тысячы мётрвых целаў
галовы, ногі і рукі
больш, больш, больш
з гэтага
і з другога боку 

Хадзіце за мной сыночкі
у працэсіі белай і супольнай
кульгавых і нямоглых без галоў
мужчыны, жанчыны, дзеці
І хто ж тут, у гэтым Свеце
Вас паставіў насупраць адзін аднаго
з гэтага
і з другога боку 

а я хацела б быць нябачнай
таму што мне сорамна
за Вас і за Нас
смех і віно
цяпло, гарачую страву і хлеб
таму што толькі Плашчаніца
нас падзяляе
нараджаючы гэтыя Пеклы і Нябёсы
а я іду па грані
і чую
Вялікую, велізарную Цішыню 

На Усходзе без пераменаў

але я хацела б быць нябачнай
і матчынымі рукамі
прытуляць галовы сыночкаў
з гэтага
і з другога боку 

Таму што калі памірае дзіця
ціха шэпча
Мама

13 красавіка 2015 г.

Краўцы і Шаўцы

Вось, пашылі мне чорную кашулю…

Краўцы кажуць
прыгожая
падыходзіць як пальчатка

Але не вымяралі
з Душы і цела
не прымерылі

Так па чутках… шылі

Вось, Краўцы малайцы

Я пакорліва надзела
апранула цела
і… нашу як Крыж
цярпліва

Рукавы караткаваты
каўнер зацягвае пятлю
цісне шыю
занадта вялікая, можна згубіцца ў ёй
і прапасці
Вось, мяне ўжо амаль няма…

Чорная і доўгая кашуля

Ледзь бачны абутак
малайцы Шаўцы весяляцца
Цяжкія боты
падкаваныя свінцом
І як гэта так…
пакараць горы

1 ліпеня 2015 г. 

Лямпачка

Шахцёрскай Браціі і тым Сябрам-Шахцёрам,
якія ў марозны зімовы вечар 2013 года
ў Валбжыху запрасілі мяне да свайго стала,
падзяліўшыся са мной аплаткай

І лямпай мне прысвечвай Госпадзе
маленькай
калі згасаюць мае вочы
у цемры, дзе здабыча вугалю
і дасягненні застануцца
і цяплом жывуць
у цемры
Ты Госпадзе
калі згасаюць мае вочы
шахцёрскай лямпай мне прысвечвай 

24 кастрычніка 2014 г.

Маўчанне слоў

садзілася Змярканне
як Галубіца
лёгка
і годна
і серп Месяца
серабрыўся над домам 

31 кастрычніка 2014 г.

Вяроўка

І я бачыла, як яны сушылі хлеб
мілыя старэчы
на вяроўках, як памытую бялізну
лустачку за лустачкай
на сонцы і ветры
дрыжаў хлеб надзённы
як рукі старых

а ў руках Вяроўка

24 кастрычніка 2014

Пераклала c польскай мовы Міра Лукша

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру