Беларусь у межах каардынацыі макраэканамічнай палітыкі з Расіяй пагоршыла прагноз цаны на нафту на 2016 год, паведаміў першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі, выступаючы 18 лістапада на пашыраным пасяджэнні пастаянных камісій Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. 

Паводле яго слоў, вераснёўскі варыянт прагнозу ўрада на наступны год прадугледжваў, што сярэднегадавая цана нафты на наступны год чакалася на ўзроўні 57 долараў за бараль. 

«У параўнанні з базавым варыянтам, які абмяркоўваўся ў верасні, мы пагоршылі прагноз па сярэднегадавой цане на нафту з 57 да 50 долараў за бараль у 2016 годзе. Наш прагноз супадае з расійскімі ацэнкамі, мы таксама скаардынавалі з Расіяй і сцэнарый па абменным курсе расійскага рубля», — сказаў Аляксандр Забароўскі. 

На яго думку, прагнозныя параметры, узгодненыя з Расіяй, найбольш рэалістычныя. «У гэтых умовах галоўнымі фактарамі выступяць экспарт і актыўнае ўцягванне замежных інвестыцый, уключаючы замежныя крэдытныя лініі», — зазначыў Забароўскі.

 

Ён паведаміў, што ў наступным годзе рост экспарту тавараў і паслуг прагназуецца на ўзроўні 3,5%. 

«Нестабільнасць цэн на нафту, калій і металы стрымлівае вартасныя паказчыкі знешняга гандлю. Рост фізічных аб`ёмаў экспарту застаецца галоўным рухавіком эканамічнага росту», — падкрэсліў чыноўнік. 

Паводле яго слоў, з мэтай падтрымання канкурэнтаздольнасці экспарту ў наступным годзе плануецца захаваць гнуткую курсавую палітыку, «камфортную для нашых экспарцёраў». 

Поруч з экспартам крыніцай эканамічнага росту ў наступным годзе павінна стаць павышэнне эфектыўнасці інвестыцый, мяркуе Забароўскі.

«Ва ўмовах абмежаванасці ўнутраных рэсурсаў прыярытэтам з`яўляецца прыцягненне знешніх інвестыцый. У цэлым за кошт знешніх крыніц рэальна ўцягнуць у эканоміку ў 2016 годзе каля 3 млрд. долараў ЗША (праз выкарыстанне адкрытых крэдытных ліній, крэдытных рэсурсаў Кітая і міжнародных фінансавых арганізацый)», — сказаў першы намеснік міністра эканомікі. 

Варта адзначыць, што раніцай 18 лістапада Brent на міжнародных рынках таргаваўся ў раёне 43-44 даляраў за барэль.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?