Сербія абмежавала ўезд мігрантаў праз свае межы: цяпер краіна прапускае толькі бежанцаў з Сірыі, Ірака і Афганістана, паведамляюць агенцтвы Рэйтэр і Франс Прэс са спасылкай на ААН.
Ва ўездзе ў Сербію адмаўляюць афрыканцам і азіятам. Абмежаванні пачалі дзейнічаць у сераду каля 6 гадзін вечара па мясцовым часе. Мігрантам прыйшлося вяртацца ў Македонію.
Аднак, паводле дадзеных ААН, Македонія таксама закрыла мяжу каля 3 гадзін ночы. У краіну не пускаюць эмігрантаў з Марока, Пакістана, Шры-Ланкі, Судана і Ліберыі. Каля 100 чалавек у выніку затрымаліся паміж дзвюма межамі.
Рэйтэр дадае са спасылкай на неназванага чыноўніка ў Сербіі тое, што гэтае рашэнне звязана з заявай Славеніі таксама не пускаць імігрантаў з Афрыкі і Азіі.
Славенія, паводле дадзеных агенцтва, патлумачыла сваё рашэнне тым, што выхадцы з Афрыкі і Азіі з'яўляюцца эканамічнымі мігрантамі, а не бежанцамі.
Балканскія краіны — гэта асноўны шлях для мігрантаў у Паўночную і Цэнтральную Еўропу.