Сёньня вызначыліся фіналісты чэмпіянату Беларусі па хакеі. Першымі ў галоўную сэрыю сэзону трапілі хакеісты менскага «Юнацтва», якія ў сухую перамаглі леташняга чэмпіёна «Дынама».

Сёньняшні матч таксама прайшоў пры значнай перавазе каманды Міхаіла Захарава. Ужо ў першым пэрыядзе «Юнацтва», дзякуючы шайбам Панамарова і Касьцючонка, выйгравала 2:0. На 24-ай хвіліне Коласаў крыху скараціў разрыў, але два трапных кідкі Бараўкова паставілі крыж на залатых прэтэнзіях «Дынама» – 1:4.

«Кераміну» сёньня ў разы складаней прыйшлося ў Віцебску. Аднайменны клюб з гораду над Дзьвіной пасьля двух паразаў у Менску, нарэшце паказаў на што ён здольны. Хаця фактычна ўсю гульну «Віцебск» быў у ролі даганяючага – 0:2, 2:3. За тры хвіліны да фінальнай сырэны Ігошын змог зраўняць лік, перавёўшы матч у овэртайм. Толькі на 68-ай хвіліне абаронца зборнай Беларусі Макрыцкі вывеў «Керамін» у фінал – 3:4.

Такім чынам, у фінале шаснаццатага чэмпіянату Беларусі па хакеі сустрэнуцца менскія «Керамін» і «Юнацтва». Фінальныя матчы пройдуць 29 і 30 сакавіка, 2 і 3 красавіка, а таксама, калі спатрэбіцца 5, 7 і 9 красавіка. Сэрыя будзе адбывацца да чатырох перамог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?