16 лістапада ў Вільні прайшла прэзентацыя новай кнігі Віктара Марціновіча «Радзіма. Марк Шагал у Віцебску». Мерапрыемства праходзіла ў Беларускім Доме правоў чалавека і сабрала каля 50 аматараў мастацтва. У дыскусіі прыняў удзел Сяргей Харэўскі, вядомы беларускі мастацтвазнаўца і рэцэнзент кнігі. Да абмеркавання ў якасці мадэратара далучыўся і Дзяніс Кучынскі, Прэзідэнт Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ.

На пачатку мерапрыемства ўсе прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць ахвяр нядаўніх трагічных падзей у Парыжы – другім доме Марка Шагала.

Падчас сваёй уступнай прамовы Дзяніс Кучынскі назваў кнігу Віктара Марціновіча «навуковым даследаваннем і мастацкім творам адначасова». Па яго меркаванню, нягледзячы на свой навуковы характар, кніга мае глыбокі драматычны дух у спалучэнні з вельмі тонкімі асабістымі перажываннямі: «Гэта гісторыя – увасабленне драмы і прыклад таго, як з пакут нараджаецца вялікая любоў».

Сяргей Харэўскі, вядомы беларускі мастацтвазнаўца, назваў кнігу «разбурэннем тых апокрыфаў і міфаў пра Марка Шагала, які дасюль пануюць у літаратуры». І нягледзячы на тое, што спачатку ён паставіўся да планаў наконт напісання кнігі з недаверам, пасля яе выхаду мастацтвазнаўца быў прыемна здзіўлены паўнатой і глыбінёй даследавання.

Хутка Віктар Марціновіч, вядомы беларускі мастацтвазнаўца і публіцыст, сам прадставіў сваю кнігу. Ён выказаў падзяку ўсім прысутным, а таксама ўсім тым, хто дапамагаў у стварэнні і публікацыі кнігі. Аўтар вырашыў падзяліцца з чытачамі невялікім тэкстам, які быў напісаны спецыяльна да рускага выдання твора і таму не друкаваўся ў прэзентаванай кнізе. Вынік вялікай, 15-гадовай даследчай працы быў упершыню надрукаваны ў Выдавецтве ЕГУ пры актыўнай падтрымцы Студэнцкага Прадстаўніцтва ЕГУ. Сам Віктар Марціновіч выказаў надзею, што яго твор будзе цікавы не толькі спецыялістам, але і шырокай аўдыторыі чытачоў.

Пасьля сустрэчы выказаў сваё меркаваньне і экс-амбасадар Швэцыі у Беларусі Штэфан Эрыксан: «Мне пашасціла пабываць у Віцебску некалькі разоў, і успамінаю з цяплынёю, як дыректар музея Людміла Хмяльніцкая паказвала дом і музей Шагала. Гэта ж сапраўдны цуд, што яго дом захаваўся! Кожная краіна павінна ведаць сваіх герояў, і таму кніга Віктара Марціновіча вельмі важная для беларускіх чытачоў, але я ўпэўнены, што беларускі погляд на Шагала таксама выклікае інтарэс у замежнікаў». На пытаньне «Як вы глядзіце на цяперашні стан беларускай культуры» спадар Эрыксан адзначыў: «Беларусам трэба ганарыцца сваёй культурай, якая не горш за іншыя эўрапейскія культуры. Культура не існуе ў ізаляцыі, але развіваецца ў узаемадзеянні з іншымі культурамі. Пакуль, на жаль, усё самабытнае і яскравае што робіцца ў краіне не заўжды даходзіць да шырокай публікі. Будзем спадзявацца, што прызнанне творчасці Святланы Алексіевіч Шведскай Акадэміяй таксама дапаможа беларусам дазнацца і пра іншых сваіх таленавітых землякоў».

Падчас агульнай дыскусіі былі падняты самыя вострыя пытанні, звязаныя з супярэчлівай асобай Марка Шагала, роляй малой радзімы ў яго жыцці і творчасці, а таксама абмяркоўваліся праблемы непрынятых грамадствам творцаў. Асабліва цікавіў публіку стан сучаснага беларускага мастацтва, якому не хапае падтрымкі, як грамадскай, так і матэрыяльнай. Пасля прэзентацыі ўсе ахвотныя атрымалі магчымасць набыць кнігу з персанальным аўтографам аўтара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0