Гродзенскі абласны суд 20 лістапада прысудзіў 28-гадовага Івана Куляша да смяротнай кары, паведамляюць праваабаронцы. Мужчына прызнаны вінаватым у забойстве трох прадавачак у Лідскім раёне, а таксама ў крадзяжы і разбоі.

Абвінавачваны адмовіўся даць паказанні ў судзе, а таксама выступіць з апошнім словам. Паводле версіі следства, у верасні 2013 года ён забіў дзвюх жанчын-прадавачак у Лідзе і выкраў з магазіна грошы і тавары на суму больш як 37 млн. рублёў (ч. 2 арт. 205; ч. 2 арт. 207; ч. 3 арт. 207; пп. 1, 6, 12 ч. 2 арт. 139; пп. 6, 8, 16 ч. 2 арт. 139; ч. 1 арт. 14; пп. 8, 16 ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэкса). 

У лістападзе 2014 года, паводле даных следства, падсудны забіў яшчэ аднаго прадаўца ў Лідскім раёне — нанёс жанчыне больш за 10 удараў сякерай і выкраў з магазіна грошы і тавары. Акрамя таго, Кулеш прызнаны вінаватым у замаху на забойства сына прадавачкі, які заспеў яго ў магазіне. 

Раней Кулеш быў двойчы судзімы за крадзеж і разбой, а таксама заведама лжывы данос. На момант узяцця пад варту афіцыйна нідзе не працаваў. 

Падчас першых дзён судовага пасяджэння адвакат Міраслаў Карэцкі адзначаў: яго падабаронны лічыць, што яго прыгавораць да смяротнай кары, і не збіраецца абскарджваць прыгавор. Абаронца прасіў суд прызначыць пакаранне ў выглядзе 25 гадоў пазбаўлення волі, улічваючы, што Кулеш падпісаў яўку з пакаяннем і супрацоўнічаў са следствам. 

«Як бы мы ні ставіліся да Куляша, яго яўка з пакаяннем дазволіла следству раскрыць злачынства аб забойстве дзвюх прадавачак у 2013 годзе. Гэта злачынства на працягу года не было раскрытае, і невядома, што было б, калі б Кулеш ва ўсім не прызнаўся», — адзначыў абаронца падчас спрэчак у судзе. 

Тым не менш судовая калегія пад старшынствам Анатоля Зайца палічыла доказы абвінавачання больш пераканаўчымі і прыгаварыла Івана Куляша да расстрэлу. 

Гэта другі смяротны прыгавор у 2015 годзе: 18 сакавіка Гомельскі абласны суд прысудзіў жыхара Рэчыцы Сяргея Іванова да вышэйшай меры пакарання, малады чалавек прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве дзяўчыны. Вярхоўны суд пакінуў прыгавор у сіле. 

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль прымяняецца смяротная кара. З пачатку 1990 года да вышэйшай меры было прыгаворана больш за 400 асуджаных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?