Амерыканскае ўпраўленне па санітарным наглядзе за якасцю харчовых прадуктаў (FDA) упершыню дазволіла прадаваць і ўжываць у ежу генна-мадыфікаваную рыбу.

У заключэнні рэгулятара гаворыцца, што прадукты з генна-мадыфікаванага ласося «бяспечныя і пажыўныя», як і прадукты з звычайнай рыбы. Як сцвярджае ведамства, фактычна няма розніцы ў смакавых якасцях мадыфікаванага ласося і звычайнага атлантычнага ласося.

Ласось атрымаў назву AquaAdvantage.

Ён быў выведзены амерыканскай кампаніяй AquaBounty. На працягу некалькіх гадоў яна змагалася за выхад свайго прадукту на рынак. Адміністрацыя Абамы яе ў тым падтрымлівала. Крытыкі ж турбаваліся, што ў выпадку пападання ў прыроду «новы ласось» можа выцесніць прыродныя яго віды.

У амерыканскіх крамах генна-мадыфікаваны ласось з'явіцца гады праз два. 15—18 месяцаў патрабуецца, каб рыба дасягнула нармальнага памеру. Тады як звычайны атлантычны ласось расце два разы даўжэй — 3 гады.

Людзи не будуць ведаць, што яны спажываюць менавіта генна-мадыфікаваны ласось, бо заключэнне FDA не абавязвае вытворцу адпаведным чынам маркіраваць свой прадукт. Частка гандлёвых сетак ужо заявіла аб тым, што адмовіцца прадаваць генна-мадыфікаваны ласось, каб купцы не баяліся.

Генна-мадыфікаваныя расліны масава вырошчваюцца даўно, у тым ліку соя і кукуруза.

У выпадку з атлантычным ласосем у яго змененыя гены росту. Да яго 40 000 генаў дадаюць адзін ген і адзін прамотар ад іншых, больш хуткарослых рыб.

Ласось, як і іншая чырвоная рыба, вельмі карысны для чалавека і смачны. У апошнія дзесяцігоддзі яго масава вырошчваюць у рыбгасах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?