Мы сустрэліся з немцам Карлам-Хайнцам Рыхтарам (Karl Heinz Richter) у Берліне ў мемарыяльным комплексе «Хоэншанхаўзэн». Комплекс адчынілі на месцы былой турмы Міністэрства дзяржбяспекі (Штазі).

Карл-Хайнц падыходзіць упэўнена. Гэта не хада 70-гадовага старога (а яму амаль столькі). Ён выглядае значна маладзейшым.

«Я часам праводжу тут экскурсіі для таго, каб кожны зразумеў, якім злым быў той свет. Такія выступленні — тэрапія».

   Карл-Хайнц Рыхтар.

 Карл-Хайнц Рыхтар.

Карл-Хайнцу было сямнаццаць гадоў, калі ён трапіў у «галоўны следчы ізалятар Міністэрства дзяржбяспекі. Тут сядзелі не крымінальнікі. Тут сядзелі палітычныя.

За тое, што я зрабіў, тады яшчэ было прадугледжана смяротнае пакаранне альбо пажыццёвае зняволенне. Я дапамог 17 асобам збегчы на Захад — «арганізацыя масавых уцёкаў».

Рыхтар пра сваю гісторыю напісаў кнігу, пра тыя ўцёкі знялі фільм. Ён расказвае тое, пра што ўжо дзясяткі разоў гаварыў раней. Пра што не менш разоў думаў.

Траіх яго сяброў падстрэлілі, калі тыя спрабавалі збегчы самі. І тады ён вырашыў прыдумаць больш бяспечны спосаб. І прыдумаў. У 1964-м.

«Мы скакалі на хуткасны цягнік Масква—Парыж у часе руху.

Гэта былі самыя вар’яцкія ўцёкі. Мой сябра Вольфганг уцёк першым. І па адзіночцы я перапраўляў туды сяброў. Вольфганг кожны вечар прыходзіў у Заходнім Берліне на вакзал і на пероне чакаў, што кожны дзень павінен нехта прыехаць. Амерыканская радыёстанцыя ў Заходнім Берліне перадавала інфармацыю пра кожнага ўцекача. Мы слухалі, і гэта было пацверджанне, што яшчэ аднаму сябру ўдалося збегчы».

 Вагон цягніка Масква-Парыж.

 Вагон цягніка Масква-Парыж.

У двары былой турмы стаіць вагон таго цягніка, на якім уцякалі юнакі. Рыхтар падыходзіць да яго і расказвае, чаму ён не здолеў уцячы.

«Спачатку прабіраешся праз «паласу смерці». Пасля чакаеш на зямлі цягнік. Ён ідзе хутка. Пасля падымаешся і бяжыш яму насустрач. Потым хапаешся за поручань. Цябе адразу кідае аб вагон. Трэба ўтрымацца на падножцы. Пасля адчыняеш дзверы і залазіш унутр. Усё проста, хоць і небяспечна.

Усе мае сябры здолелі. Але калі ўцякаў я, мне не ўдалося адчыніць дзверы. Перагон там метраў 150, і я іх не адкрыў. А далей пачынаўся адкрыты, асветлены ўчастак. Прыйшлося саскочыць, інакш бы мяне застрэлілі.

Я саскочыў. Па «паласе смерці» дапоўз назад да адпраўнога пункту. А там сцяна адвесная, 7-метровая. Саскочыў. Але тут жа страціў прытомнасць: зламаў абедзве нагі, скабы. Калі ачуняў, неяк дапоўз дамоў».

Там яго і арыштавалі праз некалькі дзён.

Турэмнае фота Карл-Хайнца Рыхтэра.

«Цябе заўтра расстраляюць…. З 1 красавіка!»

«Усе пратаколы маіх допытаў захаваліся. Першы допыт цягнуўся крыху больш за 24 гадзіны. Што ў мяне ўсё пераламана, нікога не цікавіла. Дапытвалі, пакуль я не страціў прытомнасці. Яны хацелі даведацца, праз якое месца адбываліся ўцёкі. А я не выдаваў. Я ведаў, што яшчэ два апошнія сябры, Ганс і Альфрэд, уцякаюць. Калі б я назваў месца, іх расстралялі б».

 Галоўны следчы ізалятар турмы Штазі.

 Галоўны следчы ізалятар турмы Штазі.

Карл-Хайнц вядзе нас па калідоры старога корпуса турмы. Спыняецца каля камеры, у якой сам некалі сядзеў.

«Допыты заўжды праходзілі ўначы. Раніцай зняволенага вярталі ў камеру, але ўдзень спаць забаронена. Катаванне сном — страшны прыём. Многія зняволеныя падпісвалі прызнанні ў спадзяванні, што іх перавядуць туды, дзе лепшыя ўмовы. У такой дзірцы я правёў першыя 6 месяцаў», — Рыхтар заходзіць у камеру, паказвае, дзе былі нары.

«У камеры стаялі драўляныя нары, параша, якую выносілі раз на суткі. Першыя 8 тыдняў у мяне не было магчымасці памыцца, бялізну не мянялі. А калі не можаш памыцца, усё цела свярбіць. Я змазваў цела мачой. Стары канваір сказаў, што так рабілі на вайне. Многія вар’яцелі. Найбольш я баяўся, што таксама звар’яцею… Як у «Тысячы і адной начы», я выдумляў сабе гісторыі — каб не адчуваць сябе там, дзе я быў».

А яшчэ дапамагла добрая фізічная форма. Бацька быў баксёрам — трэніраваў і сына. 

Прызнання ён так і не падпісаў. «Выключна са страху. Баяўся, што калі прызнаюся, мяне адразу расстраляюць. Мне сказалі: «Ты адсюль не выйдзеш. Куля для цябе ўжо ў рулі». Так паціху выцягвалі душу з цела. Адзін ахоўнік мне сказаў: «Я чуў, што цябе заўтра хочуць расстраляць». І яны наўмысна гучна перагаворваліся ў калідоры. «Яго забраць цяпер?» — «Пасля. І ўвогуле, стары сказаў забраць яго, калі прыйдзе час». Раніцай адчыняюцца дзверы. Заходзіць канваір са сняданкам: «Гэта твой сняданак. І ўвогуле, з 1 красавіка!». Яны хацелі цябе проста знішчыць. Даводзілі чалавека да мяжы вар’яцтва».

   Сёння можна зазірнуць у былыя камеры.

 Сёння можна зазірнуць у былыя камеры.

Праз паўгода Рыхтара выпусцілі. Дзякуючы салідарнасці, якая ўзнялася на Захадзе. «Мае сябры давалі міжнародныя прэс-канферэнцыі. І гэта разарвалася як бомба. Улады ўжо не маглі мяне забіць — міжнародны рэзананс быў надта вялікім. Але ўся мая сям’я пацярпела, бо з яе выйшаў «вораг дзяржавы».

Маці выйшла на вуліцу з плакатам «Яны хочуць забіць майго хлопчыка». Яе арыштавалі і пасадзілі. Атрымала інфаркт. Я пра гэта не ведаў — тут я сядзеў у поўнай ізаляцыі».

Пасля вызвалення паўтара года давялося правесці ў бальніцы: косці ног зрасліся няправільна. Перанёс 15 аперацый. А затым Рыхтара арыштавалі зноў: тады ўжо правёў за кратамі 2,5 года.

 Новы корпус турмы, перад ім высаджваліся ружы.

 Новы корпус турмы, перад ім высаджваліся ружы.

Карл-Хайнц праходзіць у дворык, які «абступілі» будынкі з кратамі на вокнах. «Гэта новы корпус. Тут 103 камеры і 120 кабінетаў для допытаў. За той час, што турма працавала, праз яе прайшлі 7500 вязняў. Гэта так званы ружовы двор — засаджаны ружамі. Нага зняволенага ні разу сюды не ступала. Ніхто не даваў такой раскошы зняволеным — убачыць ружу альбо нейкую зеляніну. Раптам гэта іх парадавала б?»

 Камеры ў новым корпусе турмы былі «люксавымі», у Беларусі дагэтуль і блізка няма такога камфорту.

 Камеры ў новым корпусе турмы былі «люксавымі», у Беларусі дагэтуль і блізка няма такога камфорту.

«Тут, у новым корпусе, былі «нумары-люкс»: у кожнай камеры прыбіральня, умывальнік. Ежу тут падавалі някепскай якасці. У падвале, дзе я сядзеў, на сняданак давалі чатыры лусты хлеба і нешта запіць, у абед — суп-капусту альбо куццю, на вячэру — зноў чатыры лусты хлеба. Тут людзей ужо ў такой ступені не катавалі, не білі. Хутчэй псіхалогія выходзіла на пярэдні план».

«Ты гатовы забіць, калі забіраюць дзіця і апаганьваюць жонку»

«Мой выпадак прыцягнуў шмат увагі, пра мяне шмат пісалі ў заходнегерманскіх газетах. Я пастаянна быў у фокусе ўвагі. І ўлады былі вымушаны паказаць, што не такія яны і кепскія.

Мне дазволілі атрымаць прафесію: я вывучыўся на механіка офіснай тэхнікі. Яны казалі, што такому ворагу дзяржавы, як я, гатовыя дараваць. Але са мной ніхто не хацеў кантактаваць: думалі, што я ўжо завербаваны».

У 1970-м Рыхтар ажаніўся. Нарадзілася дачка Жардзін. Ён збіраўся весці звычайнае жыццё. Але ў 1975 міністр дзяржбяспекі Эрых Мільке вырашыў дэпартаваць яго на Захад: палічылі, што ў Карла-Хайца прынцыпова негатыўнае стаўленне да ГДР.

«У гэтай краіне ўсё было завязана на ідэалогіі. А ідэалогія заўжды рэч шкодная, бо яна сабой замяняе ўсё і не дазваляе існаваць іншым меркаванням. А я быў свабодна думаючым чалавекам: дазваляў сабе гаварыць тое, што думаў».

Але перад высылкай арыштавалі жонку Рыхтара. А ў адну з раніц забралі дачку — на прымусовае ўдачарэнне (у ГДР гэта часта практыкавалі ў адносінах да апазіцыйна настроеных грамадзян).

«Я мог наведваць жонку ў турме, але не мог ёй прызнацца, што дачку забралі. Праз шэсць месяцаў жонку адпусцілі. Нас абаіх дэпартавалі ў заходні Берлін. «А дзе ж Жардзін? — спытала яна. — Не ведаю». І жонка звар’яцела. Аднойчы яна расказала, што падчас арышту яе гвалтавалі. Тут у мяне ўзнікла праблема. Калі ў цябе забіраюць дзіця, апаганьваюць жонку, ты гатовы забіць.

Я хацеў узяць ружжо і расстраляць любога памежніка, што мне трапіцца. На шчасце, у мяне не атрымалася. Праз 2,5 года вярнулі дачку: заходненямецкі ўрад інтэнсіўна займаўся гэтым пытаннем. Увесь гэты час дачка правяла ў інтэрнаце. Яны разбурылі яе дзіцячую душу. Я павінен быў неяк ім адпомсціць».

З фальшывымі пашпартамі Рыхтар прыехаў у ГДР і вывез 21 чалавека. Калі Штазі даведалася, што дапамагаў менавіта ён, яго самога паспрабавалі выкрасці і вывезці на ўсход. «На шчасце, паліцыя мяне папярэдзіла. Але сказала, што не зможа мяне абараніць. Параілі выехаць. Я з сям’ёй пераехаў у Заходнюю Афрыку — мы жылі ў Нігерыі, Камеруне. Потым пераехалі ў Саудаўскую Аравію. Жылі ў Іарданіі, Емене.

У 1989 годзе, калі тут пачалася рэвалюцыя, жонка засумавала па радзіме. Мы вярнуліся ў Германію. Але жонка ніколі не змагла вызваліцца ад успамінаў таго, што з ёй тут адбылося. Гэтыя сорам, знявага засталіся з ёй назаўсёды. Пастаянныя дэпрэсіі, некалькі спроб суіцыду. І апошнія шэсць гадоў яна знаходзіцца ў псіхіятрычнай клініцы».

Рыхтар мяняецца з твару, калі расказвае такія непрыемныя моманты. Але не адмаўляецца гаварыць, не пераходзіць на іншую тэму.

«Дачка мяне папракнула»

«Мая справа ў Штазі налічвала 3500 старонак. Усё зроблена тыпова па-нямецку — у дадзеным выпадку па-ідыёцку. Нямецкі парадак азначае «запісваць усё». І запісваліся нават брыдкія рэчы, якія можна было б апусціць». Пасля таго, як адкрыліся архівы Штазі, Рыхтар даведаўся, хто яго здаў у 1964 годзе.

«За ўсе гады мной «займаліся» 26 негалосных супрацоўнікаў. Пра некаторых я здагадваўся, што яны могуць такімі быць. Пра некаторых ніколі б не падумаў. Усё пачыналася яшчэ з гімназіі. Там былі людзі, якія працавалі на Штазі. Адзін з іх — той, хто мяне выдаў. Быў такі мярзотнік з аўстрыйскім пашпартам, з якім ён мог свабодна перасоўвацца з Заходняга Берліна ва Усходні, і назад. Справа ў тым, што ўцекачы, якія траплялі ў заходні Берлін, адразу знаходзіліся ў лагеры. І гэты хлопец аднойчы аказаўся там. Убачыў нашых сяброў. Пачалі размаўляць. Ён кажа: «Гэта цудоўная гісторыя. Вы абвялі іх вакол пальца. Але хто ж кіруе працэсам там?». Нехта назваў маю мянушку.

Ва ўсёй сваёй трагічнай гісторыі Карл-Хайнц спрабуе разглядзець і станоўчыя моманты.

«Мне пашанцавала хаця б у тым, што нікога са сваякоў у гэтым спісе даносчыкаў не было. Гэта былі знаёмыя і сябры. Штазі ведала, што я маю слабасць да жанчын — таму часта выкарыстоўвалі іх. Мне давялося на славу папрацаваць для сваёй радзімы! — смяецца Рыхтар. — За што ім я да сёння ўдзячны».

Карл-Хайнц не шкадуе ні пра што. Толькі аб тым, што не атрымаў вышэйшую адукацыю. «Усё мае сябры ў Берліне вывучыліся ў ВНУ: сталі дактарамі, адвакатамі. Я адзіны лузер… Сёння мне ўсё роўна, але некалі моцна шкадаваў».

Дарэчы, кіраўнік Штазі Эрых Мільке дажыў да 92 гадоў. У 1993 яго асудзілі на шэсць гадоў за забойства 1931 года. Парадокс: выявілася, што законаў ГДР ён не перушаў, а таму яго не маглі асудзіць за тысячы зламаных лёсаў. Але праз два гады Мільке датэрмінова вызваліўся. Яшчэ праз пяць памёр.

…Мы развітваемся з Карлам-Хайнцам. «Хто Вас чакае дома?» — «Мама і дзве коткі». «А дачка?» — 

«Дачка перастала са мной падтрымліваць сувязі пятнаццаць гадоў назад. Яна сказала, што я не павінен быў рабіць тое, што зрабіў. Яна папракнула мяне. Сказала, што калі ў чалавека ёсць сям’я, не трэба сыходзіць у супраціў. Яна замужам, у яе ёсць дзіця, жыве не ў Германіі».

Берлін—Мінск

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?