Віталь Цыганкоў выклаў вельмі спрэчныя думкі. Перадусім маю на ўвазе тое, што «любое паспяховае грамадства (краіна) трымаецца на еднасці законаў для ўсіх» і што калі «адных грамадзян будуць судзіць па нашых еўрапейскіх законах, а іншых – па асаблівых рэлігійных ці «этнічных»», то «гэта бардак, гэта юрыдычны хаос, развал правапарадку».

Увесь гістарычны досвед чалавецтва сведчыць: розныя законы для розных людзей — гэта не абавязкова развал грамадства. Дакладней, не любога грамадства. Акурат так грамадства ў старыя (не бяруся сказаць, ці добрыя) часы стагоддзямі ды нават тысячагоддзямі і функцыянавала.

Для адных катэгорый насельніцтва ў тыя часы былі адныя правы (і адпаведна законы), а для іншых — іншыя. І суды былі для кожнага свае: не судзілі, як правіла, адныя і тыя ж людзі арыстакрата і селяніна, прадстаўніка паноўнай рэлігіі і іншаверца.

Грамадства ад гэтага не развальвалася, паколькі ўсе яго члены (і прывілеяваныя, і прыгнечаныя) успрымалі звычайна такую сітуацыю як цалкам натуральную і Богам дадзеную.

Былі, вядома, выступленні супраць такога стану рэчаў, у выніку якіх тым ці іншым раней абмежаваным у правах катэгорыям удавалася дасягнуць для сябе іх пашырэння, але сам прынцып адрознасці правоў для розных катэгорый грамадства заставаўся доўгі час непарушным. Усеагульная роўнасць — гэта вынаходніцтва адносна нядаўняе, яшчэ сотню гадоў таму за яго нават шмат дзе ў Еўропе вялася неслабая барацьба з няпэўным вынікам.

Дарэчы, сучасныя прыхільнікі мультыкультуралізму часта якраз любяць ківаць на тагачасны досвед. Маўляў, ну якая пагроза цывілізацыі, якая небяспека для мясцовых традыцый можа быць з боку «панаехаўшых»? Вунь як раней усё было класна — і габрэяў нямерана, і татары жылі, але неяк усе патраплялі суіснаваць ды не расплывацца, быў ужо тады эфектыўны «мультыкультуралізм». Але пры гэтым забываюцца, што

той «мультыкультуралізм» якраз і грунтаваўся на тым, што іншародцам ды іншаверцам можна было акрэсліць строгія рамкі, у якіх яны мусяць існаваць (калі, натуральна, хочуць на гэтай зямлі жыць) і за якія не маюць права выходзіць.

Дае вялікі князь ці кароль той ці іншай этнічнай ці рэлігійнай групе прывілей — трымайце, хлопцы, маеце свае правы і абавязкі. Будзьце як дома, але толькі не забывайцеся, што ў гасцях. І не ўздумайце «вазнікаць» ды патрабаваць тых правоў, якімі карыстаюцца тутэйшыя эліты («правам» нізоў зайздросціць звычайна не выпадала), бо зразу рогі абламаем. А калі ўсё ж хочаце большага, не жадаеце ў сваім гета існаваць ды з абмежаваннямі, з гэтым звязанымі, сутыкацца — тады забудзьцеся пра Алаха і Ягве, прызнавайце сваім Богам Ісуса Хрыста ды злівайцеся з намі. Ад вашай ранейшай супольнасці будзе, вядома, вам праклён ды сімвалічнае пахаванне загінулай душы, але яно ж таго варта…

Вось пры такіх умовах мірнае суіснаванне розных цывілізацый пад адным дахам, мабыць, адно толькі і магчымае. Але я не ўпэўнены, што да такога грамадскага ўладкавання сёння варта вяртацца. Дый немагчыма гэта ўжо, часы іншыя.

Лепш было б, відаць, проста абмяжоўваць міграцыю. Хоць, магчыма, гэта ўжо і запозна цяпер.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?