20 лістапада ў Вільні прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Кніжная традыцыя Вялікага княства Літоўскага», прысвечаная 525-годдзю беларускага першадрукара і заснавальніка першай у Вялікім княстве Літоўскім кнігарні Францыска Скарыны. У ёй удзельнічалі беларускія і літоўскія навукоўцы.

Ансамбль старажытнай музыкі і танца «Banchetto musicale»

Ансамбль старажытнай музыкі і танца «Banchetto musicale»

Напачатку канферэнцыі госці ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі Францыска Скарыны. Старшыня беларускага клуба «Сябрына» Валянцін Стэх у сваім вітальным слове распавёў, што дошка, каля якой усе сабраліся, была ўстаноўлена роўна 25 гадоў таму.

Стэх згадаў таксама, што, акрамя мемарыяльнай дошкі, у Вільні пра Скарыну нагадвае вуліца яго імя, Віленская гімназія, якая абрала сабе імя беларускага першадрукара, і аўдыторыя ва ўніверсітэце эдукалогіі Літвы, якая носіць імя Скарыны.

Ад беларускага пасольства ў Літве выступіла Вольга Дашыневіч, дарадца пасла па пытаннях культуры і дыяспары.

«Чалавек без сваёй культуры — што дрэва без каранёў», — сказаў сакратар Віленскай Рады самакіравання Сіманас Гірдзіяўскас, гаворачы пра Скарыну. Прадстаўнік Віленскай мэрыі падкрэсліў, што постаць Скарыны арганічна ўпісваецца ў вобраз шматкультурнай Вільні, дапаўняе і ўзбагачае яго.

Сябра Літоўскага саюзу журналістаў Вітаўтас Жэймантас браў удзел у складанні кнігі «Францыск Скарына на мовах свету» — у кнізе ёсць яго пераклад словаў Скарыны на літоўскую мову. Вітаўтас Жэймантас нагадаў, што Скарына быў не толькі першадрукаром і асветнікам, але і выбітным пісьменнікам.

«Я думаю, што Скарына заслугоўвае ў Вільні добрага помніка. Прынамсі, такога ж добрага, як у Мінску»? — падсумаваў журналіст.

Пасля ўскладання кветак прайшла паніхіда ў царкве Св. Мікалая Цудатворца.

Канферэнцыя праходзіла ў Віленскай карціннай галерэі, якая месціцца ў былым палацы Хадкевічаў.

Святочнага настрою ўдзельнікам канферэнцыі дадало музычнае віншаванне ансамбля старажытнай музыкі і танца «Banchetto musicale».

Удзел у канферэнцыі бралі такія вядомыя ў галіне скарыназнаўства вучоныя як доктар гістарычных навук Георгі Галенчанка, доктар гуманітарных навук Мінтаўтас Чурынскас, доктар гуманітарных навук Марына Чысцякова, кандыдат культаралогіі Алесь Суша, кандыдат філалагічных навук Лілея Плыгаўка, кандыдат філалагічных навук Ігар Клімаў.

У суботу ўдзельнікі канферэнцыі наведалі некалі слыннае сваім выдавецкім цэнтрам мястэчка Еўе (зараз — горад Вевіс).

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Беларускі клуб «Сябрына» ў Вільні, Інстытут літоўскай мовы, Асацыяцыя беларусістаў Літвы разам з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?