29.11.2015 / 14:51

Польскія злотыя ўзору 1994 года за 20 гадоў абясцэніліся менш, як беларускі рубель за адзін толькі 2011 год 9

Ці нагадвае беларуская дэнамінацыя 2016 года польскую дэнамінацыю 1995-га? Піша Сяргей Лябецкі, Еўрапейская даследніцкая асацыяцыя «Oikonomos» (Вільня, Літва).

У чымсьці, безумоўна, нагадвае. Па-першае, у абодвух выпадках спроба перайсці да больш «стабільных грошай». У Польшчы гэта спроба была паспяховай. Па-другое, дэнамінацыя і там і тут у адносінах 10 000: 1. Трэцяе падабенства — банкноты для Польшчы ў 1994 і для Беларусі ў 2009 друкаваліся ў Англіі.

На гэтым падабенствы заканчваюцца. 

Азначаныя дэнамінацыі праводзяцца ў прынцыпова розных умовах. У Польшчы ў 1994 годзе дэнамінацыя стала адным са складнікаў рынкавых рэформ. Пасля «шокавай тэрапіі» Бальцэровіча пачала будавацца сацыяльная рынкавая гаспадарка. Стабільныя грошы — адзін з яе важных прынцыпаў. Дарэчы, ў 1997 годзе была прынята канстытуцыя, у 20 артыкуле якой была запісана: «Сацыяльная рынкавая гаспадарка, якая абапіраецца на свабоду гаспадарчай дзейнасці, прыватную ўласнасць, а таксама на салідарнасць, дыялог і супрацоўніцтва сацыяльных партнёраў, з’яўляецца асновай эканамічнага строя Польскай Рэспублікі». Менавіта ў гэтым кірунку і шлі паспяховыя рэформы.

Прыватны сектар у Польшчы вырабляў у 1994 годзе ўжо больш за 50% ВУП і ў ім было занята больш за 60% працаўнікоў. Рынкавая ў аснове гаспадарка добра працуе менавіта калі інфляцыя нізкая (да 3—4 % ў год). Ад цэнтральнага банка не патрабуецца звышнамаганняў для гэтага.

Польскія злотыя ўзору 1994 года за 20 гадоў абясцэніліся менш, як беларускі рубель за адзін толькі 2011 год.

У Беларусі дэкларавана адсутнасць рэформаў ў бліжэйшай будучыні. Маўляў, і так ўсё добра працуе.

Эканоміка застаецца, па-ранейшаму, пераважна каманднай з дамінуючым дзяржаўным сектарам (каля 70%). У такіх умовах дэнамінацыя мае толькі псіхалагічны сэнс, што таксама вельмі важна, але не дастаткова.

Тут магчымыя два сцэнары развіцця падзей. Першы, найбольш верагодны: інфляцыя істотна не паменшае, і «нулі» зноў будуць нарастаць, а манеты можна будзе здаваць як лом каляровых металаў.

Камандная эканоміка патрабуе крэдытнай эмісіі для пераразмеркавання сродкаў на карысць неэфектыўных, але з пункту гледжання ўлады важных для народнай гаспадаркі прадпрыемстваў.

Другі сцэнар — спроба падавіць інфляцыю рознымі даступнымі сродкамі. Ва ўмовах каманднай эканомікі гэта прывядзе да значнай рэцэсіі, то бок спаду, які і без таго ёсць і будзе працягвацца з-за эканамічных праблем Расіі ў сувязі з падзеннем цэны на нафту. 

Акрамя ўмоў, беларуская дэнамінацыя адрозніваецца і ў тэхнічным плане.

У Польшчы на першым этапе, з 1 студзеня 1995 г. уводзіліся толькі новыя манеты і дробныя банкноты 10, 20 і 50 злотых. Буйныя банкноты былі ўведзеныя толькі ў ліпені 1995 года. Гэта была зроблена, каб непазбежныя памылкі не прыводзілі да значных страт у грамадзян. Такі досвед можна было б выкарыстаць і на Беларусі, але пакуль што плануецца ўводзіць усе наміналы новых грошай адразу. 

Такім чынам, беларуская дэнамінацыя 2016 мае падабенства ў некаторых дэталях да польскай дэнамінацыі 1995 года, але праводзіцца ў прынцыпова іншых умовах адсутнасці рэформаў. Гэта, найбольш імаверна, прывядзе толькі да кароткатэрміновага псіхалагічнага эфекту.

Сяргей Лябецкі

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Мордехай В. / Адказаць
29.11.2015 / 15:11
У іх стабілтнасці няма, пржзідэнты ўвесь час змяняюцца. Толькі аднаго вывучыш, як іншага выберуць.
0
Генэрал Голад / Адказаць
29.11.2015 / 19:06
Мордехай В., ага, праўду кажаш. І ўсе ідуць галодныя, кожнаму трэба... Няхай лепш адзін і той самы, ён ужо накраў, яму шмат не трэба. (колькі разоў я гэта чуў?....і не падлічыць.)
0
Константин / Адказаць
29.11.2015 / 20:02
Инересно.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру