Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін назваў крушэнне Су-24 над Сірыяй ударам у спіну, які быў нанесены Расіі памагатымі тэрарыстаў.

«Гэтая падзея выходзіць за рамкі звычайнай барацьбы з тэрарызмам. Вядома, нашы вайскоўцы вядуць гераічную барацьбу з тэрорам, не шкадуючы сябе і не шкадуючы свайго жыцця. Але сённяшняя страта звязаная з ударам, які нам нанеслі ў спіну памагатыя тэрарыстаў. Па-іншаму я не магу кваліфікаваць тое, што сёння здарылася», — сказаў Пуцін на сустрэчы з каралём Іарданіі Абдалой II.

Ён заявіў, што Су-24 быў збіты над тэрыторыяй Сірыі ракетай «паветра-паветра» з турэцкага самалёта F-16 на вышыні 6000 метраў за кіламетр ад турэцкай тэрыторыі, а ўпаў на сірыйскай тэрыторыі за чатыры кіламетры ад мяжы.

Па словах Пуціна, збіты самалёт праводзіў аперацыю па барацьбе з ІД у гарах паўночнай Латакіі, «дзе сканцэнтраваныя баевікі, у асноўным выхадцы з Расійскай Федэрацыі». «У гэтым сэнсе яны выконвалі сваю непасрэдную задачу прэвентыўных удараў па тэрарыстах, якія ў любую секунду ў любы час маглі вярнуцца ў Расію. Гэта, вядома, людзі, якіх трэба наўпрост адносіць да міжнародных тэрарыстаў», — сказаў Пуцін.

«Гэтая трагічная падзея будзе мець сур'ёзныя наступствы для расейска-турэцкіх адносін. Мы заўсёды ставіліся да Турцыі як не проста да блізкага суседа, а як да дружалюбнай дзяржавы. Не ведаю, каму было патрэбна тое, што зроблена сёння, ва ўсякім разе не нам.

Замест таго каб неадкладна наладзіць з намі неабходны кантакт, наколькі нам вядома, турэцкі бок звярнуўся да сваіх партнёраў па НАТА для абмеркавання гэтага пытання, як быццам гэта мы збілі іх самалёт, а не яны наш», — сказаў Пуцін.

Ён таксама заявіў, што ў Маскве «даўно фіксавалі той факт, што на тэрыторыю Турцыі ідзе вялікая колькасць нафты і нафтапрадуктаў з захопленых тэрыторый — адсюль і вялікае грашовае падсілкоўванне бандфармаванняў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0