Выніковае відэа з акцыі з'явіцца на сайце пазней.

Фота Сяргея Гудзіліна

Фота Сяргея Гудзіліна

18.10

Каля ГУМа сабралося прыкладна 200 чалавек. Грамада рушыла ў бок плошчы Незалежнасці. Сярод прысутных, акрамя Статкевіча — яго жонка Марына Адамовіч, Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька, Павал Севярынец, Павел Вінаградаў, Валер Шчукін.

18.20

У натоўпе шмат моладзі, але таксама і сталых людзей. Над ім лунае бел-чырвона-белы сцяг. Яшчэ адзін сцяг перад палітыкамі нясуць двое маладзёнаў. Як удалося высветліць, аднаму з іх усяго 17 год, другі — студэнт 1 курса. Як звычайна, шмат супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным, якія старанна здымаюць удзельнікаў на камеру. 

18.25

Натоўп наблізіўся да будынка МУС, але паставіць знічкі на яго прыступках не ўдалося — дарогу перагарадзіла вялікая будаўнічая машына, відаць, спецыяльна падагнаная, і металічная сетка, хоць іншых прыкмет будаўнічых работ на тэрыторыі не было. «Вось як яны паважаюць свайго былога кіраўніка», — выказаўся Статкевіч. 

18.30

Мітынгоўцы дайшлі да плошчы Незалежнасці. Падчас прамовы Статкевіч і Някляеў назвалі вынікі рэферэндуму-1996 «дзяржаўным злачынствам», падчас якога беларусаў пазбавілі спрадвечнага герба і сцяга, а таксама «забілі» Канстытуцыю 1994 года, дзякуючы чаму Лукашэнка атрымаў права на пажыццёвае кіраванне. «Мы тут таму, што ўсё гэта памятаем. Злачынцаў чакае справядлівы адказ», — падкрэслілі палітыкі. 

18.40

На прыступках ЦВК — каля 80 знічак, партрэты зніклых Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі. На пытанне карэспандэнта НН, ці засталіся, на яго думку, у МУС і ЦВК сапраўдныя патрыёты Беларусі, Мікола Статкевіч адказаў, што наўрад ці, бо туды цяпер ідуць толькі халуі, на якіх ужо ёсць тоны кампрамату.

18.45

Статкевіч падзякаваў усім прысутным, але падкрэсліў, што «мы не развітваемся надоўга». «Мы нічога не баімся», — заявіў ён.

18.50

На плошчы з’явіліся міліцыянты, пачалі складаць пратаколы «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве». Падобна, што яны адпрацоўваюць новую тактыку: палітыкаў не чапаюць, а падыходзяць да простых ўдзельнікаў акцыі, каб запужаць іх. Пабачыўшы гэта, Статкевіч гучна звярнуўся да прысутных і прапанаваў усім, на каго сёння складзеныя пратаколы, выйсці на яго ў фэйсбуку. «Мы звяжамся з адвакатамі, нікога не пакінем без дапамогі», — заявіў ён.

Супрацоўнікі міліцыі запатрабавалі дакументы ў журналіста «Аль-Джазіры» Брэндана Хофмана, але, пабачыўшы, што ён мае акрэдытацыю (і не вельмі разумее, што ад яго хочуць), пераключыліся на яго перакладчыка – журналіста газеты «Новы час» Змітра Галко. На яго таксама быў складзены пратакол. Пад «раздачу» пратаколаў трапілі і назіральнікі Беларускага Хельсінкскага камітэта Сяргей Каспяровіч і Наталля Сацункевіч — нягледзячы на тое, што міліцыі растлумачылі: яны — акрэдытаваныя на акцыю назіральнікі. Варта адзначыць, што на ўсіх назіральніках ад праваабарончых арганізацый былі апранутыя прыкметныя сінія камізэлькі з бэйджамі.

Як паведамляе БелаПАН, пратаколы таксама складзеныя на:

— Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева, а таксама грамадскіх актывістаў Максіма Вінярскага і Алеся Макаева на падставе артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), аднак усе яны адмовіліся іх падпісваць.

— магіляўчаніна Станіслава Паўлянковіча — аднаго з удзельнікаў акцыі, якія неслі бел-чырвона-белыя сцягі з выявай герба «Пагоня». Пры гэтым малады чалавек звярнуў увагу прысутных на нядаўнюю заяву кіраўніка МУС Ігара Шуневіча аб тым, што гэтая сімволіка не з`яўляецца забароненай. 

— Антона Жылко і Андрэя Давідовіча, якія таксама неслі бел-чырвона-белыя сцягі.

— журналістку «Радыё Свабода» Галіну Абакунчык.

***

Экс-палітвязень, кандыдат на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч заклікаў людзей сабрацца сёння а 18-й каля ГУМа. Пра гэта ён паведаміў у сваім фэйсбуку.

Акцыя будзе прысвечаная 19-м угодкам рэферэндуму-1996.

«24 лiстапада 1996 года у Беларусi адбыўся рэферэндум. Асноўныя пытаннi рэферэндуму былi прызнаныя Канстытуцыйным судом толькi кансультатыўнымі, пра што сведчылi адпаведныя запiсы на кожным бюлетэнi. Рэферэндум прайшоў са шматлiкiмi парушэннямi», — напісаў ён. 

Таксама ён прапануе ўшанаваць зніклых беларускіх грамадскіх дзеячаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?